Дзяржсакратар МЗС Швецыі сустрэлася з беларускімі праваабаронцамі

2016 2016-04-01T18:18:20+0300 2016-04-01T18:31:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/annika_sder.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяржсакратар МЗС Швецыі Аніка Сёдэр

Дзяржсакратар МЗС Швецыі Аніка Сёдэр

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў сустрэліся з дзяржаўным сакратаром МЗС Швецыі Анікай Сёдэр, якая на чале дэлегацыі свайго ведамства наведала Беларусь з афіцыйным візітам.

У сустрэчы, якую спадарыня Аніка Сёдэр правяла 31 сакавіка, напярэдадні перамоваў з Міністэрствам замежных справаў Беларусі, бралі ўдзел старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Васіль Санковіч і прадстаўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Міхаіл Мацкевіч.

Па словах Алеся Бяляцкага, падчас сустрэчы абмяркоўвалася бягучая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і тэндэнцыі ў яе развіцці. У размове, якая доўжылася амаль паўтары гадзіны, праваабаронцы выказалі свой пункт погляду на бягучую сітуацыю ў Беларусі і адказалі на пытанні спн. Сёдэр, якіх было нямала.

“У нашай размове я адзначыў, што пазітыўных зменаў у краіне пасля вызвалення палітвязняў у жніўні 2015 года, на жаль, не назіраецца. Сітуацыя замарожаная. І нават пасля адмены санкцый з боку ЕС беларускія ўлады не зрабілі нічога, каб паказаць сваю гатоўнасць паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека, на што спадзяваўся Еўрапейскі Саюз, калі адмяняў гэтыя санкцыі. Больш за тое, ёсць трывожныя сігналы. Гэта і чарговыя смяротныя выракі, адзін з якіх днямі быў пакінуты ў сіле Вярхоўным судом, і бясконцы канвеер адміністратыўных справаў за ўдзел у мірных грамадзянскіх акцыях, які зараз працуе ва ўсю, і нежаданне ўладаў паляпшаць выбарчае заканадаўства напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ў верасні. Адным словам, сёння Беларусь прадае Еўрапейскаму саюзу найперш рэчы, звязаныя з геапалітычнай сітуацыяй вакол Беларусі, але ніякіх зменаў да лепшага ўнутры краіны мы, на жаль, адзначыць не можам”, - распавёў кіраўнік “Вясны”.  

Праваабаронца назваў пытанні, якімі цікавілася прадстаўніца шведскага МЗС:

“Спадарыня Сёдэр цікавілася ўмовамі працы незарэгістраваных няўрадавых арганізацый у звязку з наяўнасцю ў крымінальным заканадаўстве артыкула 193-1. На прыкладзе “Вясны” я распавёў, што адбываецца, як адсутнасць рэгістрацыі дазваляе беларускім уладам выштурхнуць нас з легальных працэсаў. І гэта непасрэдная пагроза не толькі для сябраў “Вясны”, але і ўсіх, хто працуе ў іншых незарэгістраваных няўрадавых арганізацыях. Таксама яна распытвала пра абмежаванні ў дачыненні да былых палітвязняў”.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў таксама адзначылі, што маюць зацікаўленасць ва ўдзеле ў дыялогу “Еўрасаюз - Беларусь”, па-за якім яны застаюцца на бягучы момант.

“Спадарыня Аніка Сёдэр сказала, што для шведскага боку вельмі важнае развіццё фундаментальных правоў чалавека ва ўсёй Еўропе, таму яны заклапочаныя сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Што ў перамовах з Макеем яна будзе ставіць шэраг пытанняў (у тым ліку пералічаныя мною - смяротнае пакаранне, свабода асацыяцыяў, праблема рэабілітацыі палітычных зняволеных) і прапаноўваць беларускім уладам узяць на сябе канкрэтныя абавязальніцтвы па выкананні правоў чалавека. Таксама сказала, што яны будуць працягваць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі, будуць падтрымліваць намаганні Беларусі быць незалежнай краінай”, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

У падвынікаванне размовы кіраўнік ПЦ “Вясна” выказаў спадзяванне, што каштоўнасці правоў чалавека і дэмакратыі для шведскага ўрада будуць важнейшымі за ўяўныя геапалітычныя выгоды, якія ім могуць прапаноўваць беларускія ўлады. 

Сустрэчы Анікі Сёдер з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і яго намесніцай Аленай Купчыной адбыліся 1 красавіка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international