Суд у Светлагорску завочна аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 420 тысяч рублёў

2016 2016-03-31T09:51:50+0300 2016-03-31T09:52:16+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/siuchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Светлагорскі раённы суд праз СМС выклікаў на 30 сакавіка лідэра руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. На яго завялі справу паводле адміністрацыйнага артыкула за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы. Падпісаў паведамленне суддзя Руслан Царук.

Грамадзкая актывістка са Светлагорску Алена Ляшэнка паведаміла, што ў прызначаны час прыйшла ў суд, каб прысутнічаць на разглядзе справы. Але пачатку пасяджэння так і не дачакалася.

Вячаслаў Сіўчык распавёў “Свабодзе”, што ён не прыехаў на пасяджэнне:

«У нашых судах неяк дзіўна атрымліваецца. Прыходзіць СМС-ка, што праз дзесяць гадзін табе трэба быць ледзь не ў іншым канцы Беларусі. На паездку ж патрэбны час і грошы. У Светлагорску мне няма чаго рабіць. Бо ў нас жа няма незалежнага суду. І справы там ніякай няма, апроч прыдумкі».

Увечары сябры праваабарончага цэнтру «Вясна» даведаліся, што адміністрацыйны пратакол у адносінах да Сіўчыка суддзя Царук разгледзеў яшчэ ўранку — без удзелу адказчыка й сведак.

«Мы нават здзівіліся мяккасці пастановы, — апавядае праваабаронца Алена Маслюкова. — Суддзя Царук аштрафаваў Вячаслава ўсяго на дзве базавыя велічыні — на 420 тысяч рублёў. Гэта адбылося таму, што віна Сіўчыка сапраўды ўяўная. Да таго ж грамадзкія актывісты сачылі за гэтай адміністрацыйнай справай».

Вячаслаў Сіўчык называе гэтую пастанову суду здзекам з заканадаўства:

«Тут чыстая палітыка. Думаю, не для таго яны пратакол складалі, каб даць мне дзве базавыя велічыні. Для мяне наагул загадка: калі гэты пратакол міліцыя запусціла? Бо падчас затрымання ў Светлагорску міліцыянты падсоўвалі мне падпісаць пратакол за хуліганства, ад чаго я, канечне, адмовіўся. Не здзіўлюся, што пратакол паступіў у суд учора, ужо пасля таго, як на Дзень Волі ў сталіцы на мяне склалі ажно тры пратаколы па розных адміністрацыйных артыкулах. Калі ўлады лічаць, што абурэнне чалавека, якому за пяць хвілін да цягніка не даюць з'ехаць па надуманых падставах, ёсць непадпарадкаванне законным патрабаванням, то гэта азначае, што прадстаўнікі гэтай улады ляжаць каля карыта і нахабна рохкаюць».

У лютым Вячаслаў Сіўчык разам з актывістам Алесем Макаевым прыязджалі ў Светлагорск, каб сустрэцца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пасля сустрэчы позна ўвечары светлагорскія міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка й Алеся Макаева, якія на вакзале чакалі цягніка на Менск.

Макаеў распавёў падрабязнасці затрымання: «Мы выйшлі пакурыць. З'явіліся міліцыянты, а побач з імі былі яшчэ й амапаўцы. Спачатку прычапіліся, што курым у неналежным месцы. Запатрабавалі дакумэнты, забралі нашы пашпарты. Сказалі, што будуць іх правяраць, а нас — затрымліваюць. Сіўчык запатрабаваў тлумачэнняў, голасна заявіў, што яны парушаюць закон. Да цягніка заставалася ўсяго нейкіх пяць хвілін. Яны сталі круціць Сіўчыку рукі, надзяваць кайданкі. Усё гэта здымалі на відэакамэру. Нас забралі ў пастарунак. Пра курэнне забыліся. Спрабавалі вінаваціць, што мы нібыта нецвярозыя. Мы заяўлялі: „Дык вязіце на экспэртызу!“ Але на медычны агляд нас не павезлі. Трымалі нас у пастарунку каля трох гадзін. Ніякіх пратаколаў мы там не падпісвалі. Выпусцілі нас глыбокай ноччу, калі ніякі транспарт у бок Менску ўжо не хадзіў».

Наўздагон на Вячаслава Сіўчыка быў складзены пратакол нібыта за непадпарадкаванне.

«Ці складалі такі пратакол у адносінах да мяне, я ня ведаю», — сказаў Алесь Макаеў.

Гомельская Вясна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international