viasna on patreon

У Круглым беспрацоўным пагражаюць зняць з уліку

2016 2016-03-13T00:37:02+0300 2016-03-13T00:37:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sialgaspraca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, беспрацоўных папярэдзілі, што яны будуць зняты з уліку ў цэнтры занятасці насельніцтва, калі не пажадаюць выбраць для працаўладкавання працоўныя вакансіі, якія ім прапаноўваліся ўжо не менш за два разы. Райвыканкамаўскіх чыноўнікаў не хвалюе, што часцяком людзям прапаноўваюцца вакансіі, якія абсалютна не адпавядаюць узроўню іх кваліфікацыі і стану здароўя.

На мінулым тыдні ў Круглянскім райвыканкаме прайшла адмысловая нарада пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Галіны Мазок. Прысутным на нарадзе кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый была пастаўлена задача выявіць вакансіі ў сябе на месцах і працаўладкаваць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку на біржы працы.

Тыя беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку на біржы працы, аднак адмаўляюцца ад прапаноўваемых ім месцаў, былі папярэджаны аб тым, што будуць знятыя з уліку, калі не пажадаюць выбраць тыя вакансіі, якія ім ужо прапаноўваліся не менш за два разы. На думку круглянскіх чыноўнікаў, калі чалавек па якой-небудзь прычыне застаўся без працы і жадае яе знайсці, ён прыме любыя ўмовы, тым больш, калі патрэбна ўтрымліваць сям’ю і карміць дзяцей.

Па словах грамадскай актывісткі з Круглага Зінаіды Мілешчанка, праблема працаўладкавання ў Круглянскім раёне з’яўляецца адной з самых вострых. Мясцовыя чыноўнікі імкнуцца зрабіць прыгожы малюнак, пад самымі рознымі падставамі адмаўляючы ў рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных у цэнтры занятасці насельніцтва. Тыя м жа людзям, якія ўсё ж здолелі зарэгістравацца на біржы працы, прапануюць нізкааплатныя працоўныя месцы, часцяком не адпавядаючыя ні ўзроўню кваліфікацыі, ні стану здароўя беспрацоўных. Зараж жа чыноўнікі “вынайшлі” новую “фішку”, каб зменшыць узровень афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных і папросту будуць здымаць з уліку тых людзей, які двойчы не пагадзіліся працаўладкоўвацца на прапануемыя ім вакансіі.

Згодна афіцыйных дадзеных Магілёўскага аблстата, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Круглянскім раёне на канец снежня 2015 года склаў 0,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец снежня 2014 г. – 0,2%). Усяго ў лістападзе 2015 г. у эканоміцы Круглянскага раёна было занята 5,8 тысяч чалавек пры агульнай колькасці насельніцтва ў 14,2 тысячы чалавек.

Неабходна адзначыць, што самі круглянскія чыноўнікі налічылі напрыканцы 2014 года ў Круглянскім раёне спачатку аж 1859 так званых дармаедаў (людзей працаздольнага ўзросту, якія афіцыйна нідзе не працуюць). Праўда, пазней красавіку 2015 года гэта лічба чамусьці зменшылася ў іх да “парадку 1,3 тысячы” чалавек.

Згодна дадзеных інтэрнэт-сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, па стане на 12 сакавіка 2016 года ў Круглянскім раёне ў студзені-лютым прапаноўваліся толькі чатыры вольныя вакансіі: агранома, двух работнікаў культуры і начальніка аддзялення паштовай сувязі ў вёсцы Шапялевічы.

Зараз практычна ва ўсіх арганізацыях Круглянскага раёна адбываюцца чарговыя скарачэнні штатаў працуючых.

Па дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, сярэдні памер дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў студзені 2016 г. у вобласці складаў 219,9 тыс рублёў, альбо 13,6% ад бюджэта спажывецкага мінімума.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства