Гары Паганяйла: Быў загад – узняць мяне на вілы!

2016 2016-02-24T08:02:00+0300 2016-02-24T09:02:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла

Праваабаронца Гары Паганяйла

Вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.infoпра тое, як ён стаў праваабаронцам, пра самыя запамінальныя працэсы ва ўласнай кар’еры і адказаў на пытанне, ці будуць у Беларусі новыя палітвязні.

“Напэўна, мой адвакацкі і праваабарончы лёс быў наканаваны мне з самага дзяцінства”, – кажа Гары Пятровіч.

– Я нарадзіўся я ў турме на станцыі Плісецкая, што ў Архангельскай вобласці Расіі, – працягвае Гары Паганяйла. – Гэта была турма для рэпрэсаваных, і там свой тэрмін адбывала мая мама – Лідзія Паганяйла. Яна трапіла за краты, як жонка ворага народа. Яе другі муж Іван Паганяйла быў абвінавачаны ў шпіянажы, а ў тыя часы асабліва не разбіраліся. Маці таксама пасадзілі і асудзілі да растрэлу. І толькі ў апошні момант растрэльны прысуд замянілі на 15-гадовы тэрмін зняволення, які яна і адбывала ў турме на станцыі Плісецкая.

Першыя тры гады майго жыцця я правёў у гэтым самым лагеры. Потым былі дзіцячыя інтэрнаты – аж да самага заканчэння школы. Мама была рэабілітавана толькі ў 1957-м. Яна атрымала кватэру ў Мінску, вярнуўшыся пасля арміі, я стаў жыць разам з ёю. Тут жа, у Мінску, паступіў на юрфак БДУ, які паспяхова скончыў, пасля чаго трапіў у сістэму юрыспрудэнцыі БССР. Амаль за сорак гадоў працы на гэтай ніве мне давялося працаваць суддзёй у Быхаўскім раёне, адвакатам у Касцюковіцкім раёне, следчым веннай пракуратуры, начальнікам аддзела адвакатуры Міністэрства юстыцыі БССР, загадчыкам юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска…

А ў другой палове 90-х мая афіцыйная адвакацкая кар’ера ў Беларусі была спынена. У мяне проста адклікалі адвакацкую ліцэнзію, і я быў вымушаны пэўны час працаваць у Расіі, хаця сувязяў з Беларуссю не парываў. Пазней адвакацкую дзейнасць змяніў на праваабарончую – стаў намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта, дзе на добраахвотных пачатках працую і да гэтага часу.

– Калі вяртацца да другой паловы 90-х гадоў… Ці было ў вас адчуванне, што хутка можаце застацца без працы?

– Па-шчырасці, не было. Я працаваў, як мне падавалася, сумленна, хоць супраць мяне спрабавалі распачаць крымінальную справу. Праўда, спроба з трэскам правалілася. А потым я даведаўся дакладна, што, як кажуць, спакойна жыць мне не дадуць. У мяне быў адзін кліент, які ў свой час працаваў у Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. І вось ён мне аднойчы сказаў: маўляў, была нейкая нарада, дзе прагучаў загад: “Узняць Паганяйла на вілы”. А праз пэўны час мяне пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

– А канкрэтна вам нейкім чынам пагражалі?

– Не, дзякуй Богу, такога за ўсё маё жыццё ў прафесіі не было. Прысутнічалі невялікія спробы, што называецца, “накласці ў кашу”, але білі не наўпрост па мне, а дзейнічалі, каб нашкодзіць маім блізкім. Усё рабілася дзеля таго, каб вывесці мяне з раўнавагі.

– Дорага каштуе ўласная прынцыповасць…

– А іначай ніяк. Разумееце, прафесія адваката такая ж, як і прафесія пракурора ці суддзі. У ідэале ўсе бакі павінны быць зацікаўлены ў тым, каб знайсці праўду, вызначыць ступень вінаватасці ці невінаватасці канкрэтнага чалавека. Не буду хаваць, што я і зараз падтрымліваю стасункі з многімі пракурорскімі супрацоўнікамі і суддзямі. За межамі судовай залы – мы сябры. А вось падчас судовага працэса – іншая справа. Калі было за што, я крытыкаваў і следчых, і пракурораў. Крытыкаваў публічна, не хаваючыся. Зразумела, што камусьці такая мая прынцыповасць не падабалася.

– Знакавых працэсаў у вашай кар’еры было шмат. Што найбольш урэзалася ў памяць?

Яшчэ да таго, як у Беларусі распачаліся гучныя палітычныя працэсы, у маёй практыцы была справа аб “дзедаўшчыне”. Яна запомнілася таму, што суд у выніку апраўдаў майго падабароннага. А справа была такая: некалькі салдат абвінавачваліся ў забойстве свайго таварыша па службе. Па фабуле – цікавая справа. У ёй былі некалькі экспертыз, якія я аспрэчваў, збіраў доказы невінаватасці свайго “кліента”. У выніку хлопца апраўдалі без варыянтаў. І, ведаеце, пасля такіх прысудаў на душы заўсёды прыемна. І не таму, што выйграў справу, а таму, што, дзякуючы ўласнай працы, удалося дабрацца да ісціны. Гэта галоўнае ў адвакацкай працы.

– Што тычыцца палітычных працэсаў, то апраўдальных выракаў у вашай практыцы было менш, чым у грамадзянскіх справах?

– Што ў краіне распачынаецца эпоха палітычных пераследаў, асабіста мне стала зразумела ў другой палове 90-х. Адной з першых такіх спраў стала справа Аляксандра Саманкова. У свой час ён быў старшынёй Рэспубліканскага прыватызацыйнага фонда. Яго структурныя падраздзяленні былі створаны для таго, каб скупляць у насельніцтва чэкі “Маёмасць” для таго, каб дапамагчы людзям стаць уласнікамі ці сузаснавальнікамі камерцыйных структур. Пасля прыхода да ўлады Аляксандра Лукашэнкі стала зразумела, што дзяржава не зацікаўлена ў тым, каб у Беларусі з’явіліся буйныя ўласнікі. Ва ўладзе, напэўна, было разуменне, што з’яўлення буйных уласнікаў можа паўплываць на палітыку і рашэнні, якія прымаюць кіраўнікі. Саманкоў стаў першай ахвярай маладога беларускага бізнеса. Яго абвінавацілі ў дачы хабару Аляксандру Сазонаву, які ў той час быў памочнікам кіраўніка краіны. Мой падабаронны віну сваю не прызнаваў, а для мяне збор доказаў яго невінаватасці стаў праблемай – мяне проста не дапускалі да пэўных матэрыялаў. Было відавона, што на Саманкова паступіў “заказ”, і яго справу ўлада трымала на кантролі. Гэта быў і першы званочак таго, што судовая ўлада ў краіне пераходзіць пад кантроль высокіх чыноўнікаў. У выніку Саманкову далі 6 гадоў зняволення.

– У той час вы былі адным з нямногіх, хто адкрыта казаў, што Беларусь вяртаецца ў сталінскія часы. Чаму вы так лічылі?

– У мяне былі для гэтага падставы. Я быў абаронцам паэта Славаміра Адамовіча, якога судзілі за напісанне верша: “Забі прэзідэнта”. Следства па гэтай справе вялося наступным чынам: да людзей на вуліцы падыходзілі і пыталіся, ці пазнаюць яны ў гэтых радках дзеючага кіраўніка дзяржавы. Многія адказвалі станоўча. Хаця сам Адамовіч у вершы проста выкарыстоўваў літаратурныя вобразы. Славамір – паэт, а не нейкі экстрэміст. На тым працэсе я і казаў, што Беларусь вяртаецца да сталінскіх часоў – калі вынішчалі інтылігенцыю. Дарэчы, Адамовічу мог пагражаць рэальны тэрмін, каб не міжнародны рэзананс. Вядомыя расійскія пісьменнікі, а таксама акадэмік Дзмітрый Ліхачоў нават напісалі ліст, у якім сцвярджалі, што верш не ўтрымлівае ніякіх прыкмет для ідэнтыфікацыі пэўнага чалавека. І пасля дзесяці месяцаў утрымання ў СІЗА КДБ Адамовіч выйшаў на волю.

– Яшчэ ў вашай практыцы былі справы журналіста Паўла Шарамета, былога прэм’ер- міністра Міхаіла Чыгіра, банкіра Тамары Вінніквай, дэпутата Андрэй Клімава…

На маю думку, усе гэтыя справы былі ўзбуджаны з адной нагодай – прымусіць людзей маўчаць. Павел Шарамет займаў прынцыповую пазіцыю ў дачынені да палітыкі, якую праводзіла беларуская ўлада. Адстаяць яго і аператара Дзмітрыя Завадскага ўдалося ў тым ліку і пасля таго, як сваё слова сказаў прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Андрэю Клімаву помсцілі за тое, што ён стаў адным з ініцыятарам імпічмента для прэзідэнта, Міхаілу Чыгіру за тое, што сыйшоў у апазіцыю, дзе меў пэўную вагу. У кожнай з гэтых спраў меўся палітычны падтэкст, бо ў Беларусі, на вялікі жаль, не было незалежнага ўраду і незалежнага суда.

– Ці азначае гэта, што праца адваката ў “палітычных” справах марная, бо прысуд вядомы загадзя?

– Тут я не пагаджуся. Адвакат заўжды павінен працаваць сумленна, нават ведаючы, што справа можа быць “пад заказ”. Трэба разумець, што рана ці позна, але ўсе справы, па якіх былі вынесены сфальсіфікаваныя прысуды, будуць перагледжаны. У гісторыя былі ўжо прыклады. Я таксама спадзяюся, што надыйдзе час, калі ў Беларусі некалі стануць вядомы тыя злачынствы, што адбываліся. Таму ад сумленных адвакатаў і праваабаронцаў зараз у пэўнай ступені таксама залежыць будучыня.

– Ці верыце Вы, што цяперашнія беларускія палітзняволеныя будуць рэабілітаваныя?

– Гэта адбудзецца, але, на жаль, ні ў бліжэйшай перспектыве.Сёння ўлада па-ранейшаму трымаецца на нейтралізацыі апанентаў. Заўважце: экс-кандыдатам у прэзідэнты, якія былі асуджаны ў 2010-м, прызначаны вялікія тэрміны прэвентыўнага нагляду, справа супраць Алеся Міхалевіча ўвогуле не закрыта да гэтага часу… Зроблена ўсё для таго, каб трымаць людзей “на кароткім ланцугу”. Няправільна паводзіць – ізноў за краты. Але ў гэтым слабасць сёняшняй улады. Сапраўды моцная ўлада не бярэ ўласных грамадзян у закладнікі.

palitviazni.info 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international