Вялікабрытанія

2016 2016-02-23T13:12:56+0300 2016-02-24T15:39:19+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Смяротнае пакаранне ў Вялікабрытаніі ўжывалася з моманту ўтварэння дзяржавы, аднак упершыню было адмененае 1000 гадоў таму Вільгельмам Заваёўнікам. Вярнуў яго ўжыванне ягоны сын Вільгельм Руфус.

Традыцыйная форма прымянення смяротнага пакарання – павешанне. Аднак часам, калі чалавек яшчэ быў жывы, кат мог выцягваць яго вантробы. Такі парадак існаваў да пачатку XIX стагоддзя – апошняе падобнае пакаранне было здзейсненае ў 1820 годзе. Гэта быў не адзіны спосаб – у 1747 годзе быў абезгалоўлены апошні чалавек. Таксама па законе 1401 г. у Англіі спальвалі на вогнішчах за ерась, а ў XVIII стагоддзі спальвалі жанчын за забойства мужа. Гэты спосаб пакарання быў адменены ў 1790 годзе. Публічныя пакаранні смерцю былі адмененыя ў 1868 г. па рашэнні Каралеўскай камісіі.

Крывавы кодэкс” — так называлі сістэму злачынстваў, якія прадугледжваюць пакаранне смерцю. У 1688 годзе ў іх ліку было 50 злачынстваў, аднак да 1776 г. іх колькасць узрасла да 220. Большасць злачынстваў у спісе – “эканамічныя”: крадзеж, падробка дакументаў. Такім чынам, улады Вялікабрытаніі абаранялі маёмасць багатых класаў ад беднякоў, класавы разрыў быў вельмі вялікі.

У 1770 г. Парламенту Вялікабрытаніі ўпершыню было прапанавана разгледзець пытанне скарачэння смяротнага пакарання. Сэр Уільям Мэрэдыт меркаваў, што Парламент разгледзіць “больш супамерныя пакаранні”, аднак яго ініцыятыва была адхіленая, але спарадзіла дыскусію.

У 1810 г. сэр Сэмюэль Ромілі выступіў у Палаце абшчын з асуджэннем шырокага прымянення смяротнага пакарання: “Няма ніводнай дзяржавы на зямлі, у якой ёсць такі шырокі спіс злачынстваў, за якія ў адпаведнасці з законам злачынцы павінны быць пакараныя смерцю”. З гэтага часу пачынаецца рэфармаванне судовай сістэмы ў бок адмены смяротнага пакарання. З 1823 г. у суддзяў з'яўляецца магчымасць замяняць смяротнае пакаранне на іншае пакаранне, скарачаецца колькасць злачынстваў, за якія прадугледжанае смяротнае пакаранне – кішэнныя крадзяжы, падробка завяшчання, згвалтаванне. Да 1861 г. такімі злачынствамі засталіся толькі забойства, дзяржаўная здрада, наўмысны падпал Каралеўскай верфі і пірацтва.

Але ўжо да гэтага часу было відавочна, што ў большасці выпадкаў смяротнае пакаранне замянялі іншым пакараннем або мілавалі. Паміж 1770 і 1830 гг., паводле ацэнак, было вынесена каля 35000 смяротных прысудаў у Англіі і Уэльсе, з іх 7000 прывялі ў выкананне.

Першая спроба ўвядзення мараторыя Парламентам была зробленая ў 1930 годзе. Было рэкамендавана прыпыніць прымяненне смяротнага пакарання на 5 гадоў, каб ацаніць наступствы, аднак канчатковае рашэнне так і не было прынята.

У 1938 г. гэтае пытанне зноў пастаўла перад Парламентам праз агаворку ў Білі аб крымінальным правасуддзі – гаворка ішла пра эксперыментальнае пяцігадовае прыпыненне смяротнага пакарання. Аднак законапраект быў адкладзены ў сувязі з пачаткам вайны ў 1939 годзе.

Паміж 1900 і 1949 гг. у Англіі і Уэльсе былі пакараныя 621 мужчына і 11 жанчынаў. А таксама 10 нямецкіх агентаў падчас Першай сусветнай вайны і 16 шпіёнаў падчас Другой сусветнай вайны.

У той жа час з 1925 г. існавала цэлая нацыянальная кампанія за адмену смяротнага пакарання. Некалькі вядомых тады палітыкаў левага крыла былі сябрамі гэтага руху, у тым ліку будучы прэм'ер-міністр Гаральд Вільсан. Таксама варта згадаць адну з самых нястомных і неардынарных змагарак з ужываннем смяротнага пакарання ў перыяд з 1935 па 1960 гг. – Віялету Ван дэр Эльст (Violet Van der Elst), якую таксама называлі “Sweet Violet”. Нягледзячы на ​​сваё сціплае становішча ў юнацтве, яна стала вельмі багатай жанчынай, і да турмаў напярэдадні пакарання яна будзе прыязджаць у сваім Rolls Royce, каб раздаваць улёткі ў натоўпе і выступаць у гучнагаварыцель. Яе першая буйная дэманстрацыя прайшла 2 красавіка 1935 г. у сувязі з павешаннем Леанарда Брыстака. Для яе было звыклай справай аплаціць штраф за парушэнне грамадскага парадку ў гэтай сувязі. Яна вельмі раздражняла улады і была аб'ектам насмешак грамадскасці. У 1937 г. выйшла яе кніга “На шыбеніцы”, дзе яна сабрала гісторыі нядаўна павешаных злачынцаў Вялікабрытаніі і ЗША. Усе яе жэсты былі прыгожыя, але не мелі вялікага эфекту на грамадскую думку.

Пасля заканчэння вайны ў красавіку 1948 г. Палата абшчын аднавіла абмеркаванне і, надзіва, законапраект быў прыняты большасцю галасоў. З сакавіка па кастрычнік 1948 г. пакаранні не ўжываліся (міністр унутраных справаў сэр Лойд заявіў, што не будзе выконваць прысуды да рашэння Палаты лордаў), аднак Палата лордаў адхіліла законапраект.

Тады міністрам унутраных справаў была створаная спецыяльная Каралеўская камісія па смяротным пакаранні (1949-1953 гг.), якая вывучала пытанне змены смяротнага пакарання на больш гуманны спосаб (смяротныя ін'екцыі і інш.), або замены яго прымянення на іншае пакаранне. Грамадская падтрымка такой ініцыятывы адсутнічала – грамадства было перакананае, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць, і выказвалася супраць адмены. У выніку, Камісія прыйшла да высновы, што пры адсутнасці грамадскай падтрымкі, смяротнае пакаранне адмяняць не варта, былі змененыя толькі некаторыя аспекты – паляпшэнне ўмоваў утрымання смяротнікаў, абавязковае псіхіятрычнае абследаванне ўсіх абвінавачаных асобаў і асуджаных за забойства, паляпшэнне працэсу фактычнага выканання прысуду.

Але грамадская думка стала мяняцца ў сувязі з фактамі судовых памылак, якія атрымалі агалоску. Нявінны чалавек па імі Цімаці Эванс быў павешаны ў 1950 годзе (Эванс быў асуджаны за забойства жонкі і маленькай дачкі, аднак пазней высветлілася, што забойцам быў мужчына па імені Джон Рэджынальд Крысці – ён забіў і іншых жанчынаў у доме Эванса. Эванс быў апраўданы ў 1966 г.). Іншы невінаваты чалавек Дэрэк Бэнтлі быў павешаны ў 1953 годзе (быў апраўданы ў 1998 годзе). Апошняй пакаранай жанчынай стала Рут Эліс ў 1955 годзе і яе справа выклікала нямала спрэчак. Рут стрэліла у свайго палюбоўніка Дэвіда Блейклі, але яна была не ў сабе, паколькі незадоўга да таго, што адбылося, перанесла выкідак.

У лістападзе 1955 г. Сіднэй Сільверман зноў выносіць пытанне адмены на рашэнне Палаты абшчын і законапраект быў прыняты ў лютым 1956 года. І зноў міністр унутраных справаў сэр Лойд ўзяў на сябе адтэрміноўку прымянення пакарання да рашэння Палаты лордаў. Сорак дзевяць чалавек пазбеглі шыбеніцы, пакарання не ўжываліся паміж 10 жніўня 1955 г. і 23 ліпеня 1957 г. У 1957 годзе быў нарэшце дасягнуты кампраміс па пытанні аб смяротным пакаранні. Быў прыняты закон, які адмяняў пакаранне за забойства, аднак смяротнае пакаранне захоўвалася за забойства супрацоўніка паліцыі або турмы пры выкананні службовых абавязкаў (апошні чалавек, павешаны за забойства паліцэйскага, быў Гюнтэр Падола ў 1959 г.) і іншыя злачынствы (падпал Каралеўскай верфі, пірацтва і інш.) .

Нарэшце ў 1965 годзе Сіднэй Сільверман, які прысвяціў больш за 20 гадоў справе адмены смяротнага пакарання, прадставіў законапраект па прыпыненні пакаранняў смерцю за забойства тэрмінам на 5 гадоў. Палата абшчын прыняла закон 200 галасамі супраць 98, Палатай лордаў – 204 галасамі супраць 104. Цягам пяці гадоў кожная з Палатаў мела магчымасць прыняць рэзалюцыю, каб зрабіць гэты закон сталым. У 1969 годзе міністр унутраных справаў Джэймс Калаган унёс прапанову адмяніць смяротнае пакаранне за забойства на пастаяннай аснове, такое рашэнне было прынята 16 снежня 1969 г. ў Палаце абшчын і 18 снежня ў Палаце лордаў.

З таго часу ў Парламенце Вялікабрытаніі не раз гучалі прапановы аб вяртанні да смяротнага пакарання, свабоднае галасаванне прайшло ў 1979 і ў 1994 гг., аднак ніколі не знаходзіла падтрымку большасці парламентарыяў.

У Паўночнай Ірландыі пакаранне за забойства была адмененае толькі ў 1973 годзе ў сувязі з надзвычайным становішчам на тэрыторыі, аднак апошняе пакаранне адбылася там у 1961 г. Смяротнае пакаранне за падпал на Каралеўскай верфі было адмененае ў 1971 г. У 1998 г. яно было адмененае за дзяржаўную здраду і пірацтва з ужываннем гвалту (на самай справе апошняе пакаранне за здраду было ў 1946 годзе).

Апошнія пакаранні ў Вялікабрытаніі прайшлі ў дзень ўвядзення мараторыя – у 08:00 13 жніўня 1964 г., адно ў Манчэстэры, другое ў Ліверпулі. Гвін Эванс і Пітэр Ален былі павешаныя за забойства чалавека пры няўдалым крадзяжы з узломам.

У 1999 годзе міністр унутраных справаў Вялікабрытаніі падпісаў 6-ы пратакол Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, паклаўшы афіцыйны канец смяротнаму пакаранню ў Вялікабрытаніі, акрамя “дзеянняў, учыненых у час вайны або пры непазбежнай пагрозе вайны”.

1 лютага 2004 г. у Злучаным Каралеўстве было адмененае “смяротнае пакаранне пры любых абставінах”, згодна з ратыфікаваным 13-м пратаколам Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека.

Цікава, што паслядоўным праціўнікам смяротнага пакарання быў Альберт П’ерпойнт, спачатку памочніка ката з 1932 года, а з 1941 г. – галоўны кат, які сышоў у адстаўку ў 1956 г. Пазней ён адкрые паб ў Лакшыры і напіша мемуары:

Плён майго досведу мае горкі прысмак: я не веру, што смерць хаця б аднаго з пакараных мною якім-небудзь чынам прадухіліла іншыя забойствы. Я лічу, што смяротнае пакаранне не дае ніякіх вынікаў. Яно – толькі помста”.

http://spring96.org/be/news/77051

Вялікабрытанія

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international