“Справа Жамчужнага”: КДБ супраць “Платформы”?

2016 2016-01-28T10:35:18+0300 2016-01-28T10:35:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhamchuzhny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Падрабязнасці крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага былі цалкам закрытымі на этапе следства, адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошванне звестак. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пра гэтую непразрыстую справу, а таксама пра тое, чаму Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем, распавядае праваабаронца Таццяна РАВЯКА:

Цёмная справа

– Справа доўгі час для нас была зусім незразумелай. Пра Міхаіла Жамчужнага мы даведаліся толькі пасля ягонага арышту, – кажа праваабаронца. – Нашы калегі ў Віцебску таксама яго не ведалі і сказаць штосьці пэўнае пра тое, з чым звязаны арышт, не маглі. Я амаль год перапісвалася з Міхаілам, але лісты былі з абмежаванай інфармацыяй, і нярэдка было абсалютна незразумелым, пра што чалавек пісаў.

Канешне, арышт заснавальніка праваабарончай арганізацыі адразу ж прыцягнуў нашу ўвагу, і мы рабілі шмат захадаў, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю па ягонай справе. Доўгі час гэтыя захады не прыносілі поспеху, а толькі сам факт арышту Міхаіла Жамчужнага з’яўляўся недастатковай падставай, каб казаць адразу, што чалавек пераследуецца за праваабарончую дзейнасць. Усё ж-такі нам неабходна было ведаць, што на самой справе адбылося.

Мы сыходзім з таго, што сам па сабе апазіцыйны характар палітычнай ці праваабарончай дзейнасці не можа быць нейкай устойлівай падставай для таго, каб адносіць чалавека да палітычных зняволеных нават у выпадку пазбаўлення яго волі. Хаця і выклікае павышаную цікавасць да такой справы.

Важна не тое, ці з’яўляецца гэты чалавек апазіцыйным палітыкам, праваабаронцам, журналістам ці іншай публічнай асобай, а тое, якое дзеянне яму інкрымінуюць, якія былі дзеянні ўладаў у дадзеным выпадку і, якія былі рэальныя матывы.

Суд над Міхаілам Жамчужным таксама не дадаў яснасці, бо насіў закрыты характар. Я змагла патрапіць толькі на агалошванне рэзалютыўнай часткі ўжо ў Вярхоўным судзе, дзе ўпершыню і пабачыла Міхаіла. Можна сказаць – пазнаёмілася. А праз некаторы час мы атрымалі ад яго тры дакументы, якія пралілі некаторае святло на ягоную справу. Дакументы паступілі з калоніі ў Навасадах, дзе адбывае пакаранне Жамчужны. Я не ведаю, якім чынам іх прапусцілі, але паперы прайшлі праз турэмную цэнзуру і былі перададзены нам.

Такім чынам, наша бачанне “справы Жамчужнага” базуецца якраз на гэтых дакументах. Безумоўна, яны не даюць поўнага разумення, але выбудоўваюць больш-менш зразумелую карціну.

Пастка

– Калі верыць дакументам, то Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў так званай распрацоўцы сілавых структур (на юрыдычнай мове гэта назваецца “удзел у працягнутым следчым эксперыменце”) па справе аб шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы. Я выпісала з прысуду ключавыя даты, і вымалявалася наступная храналогія падзеяў.

У 2007 г. навукоўца Міхаіла Жамчужнага асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Вызваліўся ён у красавіку 2012 года. А ў жніўні таго ж года ў яго скралі нейкія тры плазменныя ўстаноўкі. Чалавек напісаў заяву ў міліцыю. Падчас расследвання паміж Жамчужным і супрацоўнікам міліцыі, які расследваў справу аб крадзяжы, завязаліся пэўныя кантакты. Як зафіксавана ў прысудзе са слоў гэтага супрацоўніка, падчас стасункаў па факце крадзяжу Жамчужны неаднаразова выказваў незадаволенасць тым, што адбываецца ў краіне, з нагоды мітынгу 19 снежня 2010 года, звяртаў увагу пры гэтым на самавольства з боку супрацоўнікаў міліцыі, казаў пра нявінна пацярпелых асуджаных, называючы іх ахвярамі рэжыму, і пра тое, што мае намер змагацца з такімі з’явамі ў краіне. Маўляў, прыехаў з Польшчы з мэтай вярбоўкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прапанаваў супрацоўнічаць з ім. Інфармацыя патрабавалася нібыта для таго, каб перадаваць яе “сур’ёзным людзям” за мяжой, якія быццам бы здольныя змяніць сітуацыю ў краіне. За гэтую інфармацыю, згодна з матэрыяламі справы, Міхаіл прапаноўваў супрацоўніку міліцыі грошы, а таксама ў выпадку пераследу з боку КДБ абяцаў яму і ягонай сям’і ўсялякую дапамогу, у тым ліку – выезд праз дыпламатычныя каналы за мяжу.

Карацей, па версіі, агучанай у судзе, Міхаіл на пяты дзень знаёмства з супрацоўнікам міліцыі наўпрост прапанаваў яму вярбоўку. Шчыра сказаць, мне цяжка нават такое ўявіць. Таксама трэба памятаць, што Міхаіл толькі вызваліўся з турмы, быў ізаляваны 5 апошніх гадоў, а тут атрымліваецца, што за пару месяцаў ён мог паспець нават завязаць кантакты з замежнымі спецслужбамі, якія яму давяраюць наладзіць вярбоўку. Як для мяне, то гэта нонсенс, але для суда – праўдападобная версія таго, навошта было спецслужбам распрацоўваць цэлую працяглую аперацыю.

Таксама звернем увагу, якую інфармацыю прасіў прадаставіць Жамчужны: пра супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пра катаванні і ўмовы ўтрымання зняволеных, факты карупцыі ў праваахоўных органах. Навошта замежную выведку цікавіла б такая інфармацыя і як дзякуючы ёй можна “змяніць сітуацыю ў краіне” з-за мяжы? А вось сілавікам гэта давала магчымасць разгарнуць так званы “следчы эксперымент” з мэтай “спынення супрацьзаконнай дзейнасці Жамчужнага”, якая ажыццяўляецца ім “у інтарэсах замежнай дзяржавы на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Думаю, Жамчужны прыцягнуў увагу супрацоўніка міліцыі сваімі крытычнымі выказваннямі адносна незаконных дзеянняў праваахоўнікаў і патрэбай з гэтым змагацца, “Польшчай”, куды ўлетку на некалькі дзён ён сапраўды ездзіў. Міліцыянт усё звязаў у адно і напісаў дакладную начальству, якая далей пайшла ў распрацоўку ў КДБ.

А ўвогуле, у той час на віцебскі КДБ напала, што называецца, “шпіёнаманія”. Якраз у гэты час у лістападзе 2012 быў арыштаваны Андрэй Гайдукоў па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, а тут яшчэ новае падазрэнне ў здзяйсненні сур’ёзнага злачынства…

Калі ж вяртацца да храналогіі падзеяў, то атрымліваецца, што пэўны час на прапановы Жамчужнага супрацоўнік міліцыі не рэагуе. Тлумачыцца гэта “лініяй паводзінаў, абумоўленай аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі”. Але да пэўнага моманту.

Мэта “эксперымента” – “Платформа”?

– Гэтым момантам, напэўна, стала тое, што Міхаіл Жамчужны стаў заснавальнікам праваабарончай установы “Платформа інавэйшн”. У пачатку 2013 года (амаль праз паўгода пасля першага кантакта з міліцыянтам) з ім пагадзіліся на супрацоўніцтва. І тут я бачу прамую прывязку не да персоны самога Жамчужнага, а да праваабарончай установы. У снежні 2012 ён стаў яе заснавальнікам, і амаль адразу супрацоўнік міліцыі пагадзіўся на так званую вярбоўку.

Згодна з матэрыяламі справы, аператыўна-вышуковае мерапрыемства складалася з чатырох этапаў: “вярбоўка”, “дэзінфармацыя”, “знаёмства з куратарам” і ізноў “дэзінфармацыя”. На кожную сустрэчу з Жамчужным супрацоўнік міліцыі хадзіў з запісваючымі прыладамі, якія яму выдаваліся ў КДБ. Усе дакументы, якія перадаваліся Жамчужнаму, распрацоўваліся супрацоўнікамі КДБ. Яго, што называецца, “вялі”: праслухоўвалі, было відэаназіранне, уся інфармацыя фіксавалася. Увогуле ў судзе былі прадстаўлены 30 дыскаў з аўдыёзапісамі.

Першая “інфармацыя” Жамчужнаму была перададзена ў траўні 2013 года. І далей па матэрыялах справы праглядаецца, што ўжо з лета 2013 года ідзе размова пра арганізацыю сустрэчы з дырэктарам “Платформы” Андрэем Бандарэнкам і неаднаразова звяртаецца ўвага, што матэрыялы, якія перадаюцца, патрэбны не Жамчужнаму, а Бандарэнку. Таму мне падаецца, што аперацыя была накіравана на кантроль за ўсёй арганізацыяй.

Усяго за перыяд з траўня 2013 па студзень 2014 г.г., згодна з дакументамі, зафіксаваны 5 выпадкаў перадачы “інфармацыі” Жамчужнаму, у 4 выпадках за гэтыя звесткі супрацоўнік міліцыі атрымаў грошы. Што гэта за звесткі? Аб узбуджаных крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 аб здарэннях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецданясенне па факце раптоўнай смерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкама, Загад МУС «Аб асобных аспектах працы з кадрамі ў МУС».

Калі прыняць версію, што Жамчужны сапраўды ўжываў незаконныя метады дзеля атрымання інфармацыі, даваў хабар за яе, трэба даваць ацэнку і дзеянням супрацоўніка міліцыі-правакатара, і супрацоўнікам КДБ. Яны не спынялі, а наадварот падбухторвалі і заахвочвалі такія дзеянні, у выніку чаго сітуацыя Міхаіла Жамчужнага з кожным разам усё больш пагаршалася, бо дзеянні набывалі паўторны характар.

З цягам часу ўсё часцей узнікаюць пытанні пра дзейнасць “Платформы” і Бандарэнкі. Андрэй, як вынікае з матэрыялаў справы, у лютым 2014 года сустракаўся з Жамчужным і супрацоўнікам міліцыі, які быў “крыніцай” інфармацыі. Размова ізноў жа праходзіла пад кантролем КДБ і запісвалася. Бандарэнка патлумачыў мэты і задачы “Платформы”: асуджаныя, катаванні, перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі; грамадзянскі кантроль (сацыяльная сфера), які закранае безгаспадарчасць, сваяцтва, карупцыю. На момант гэтай сустрэчы ўжо вялася справа па эпізодзе збіцця Бандарэнкам Яворскага, у сакавіку адбыўся ягоны канфлікт з суседкамі, і Бандарэнка быў абвінавачаны ў злосным хуліганстве, а пазней асуджаны. Але па тых матэрыялах, якія мы маем, можна меркаваць, што Андрэй таксама быў у вышэйапісанай распрацоўцы. І, калі б не адбылося таго, што з ім адбылося, то не выключана, што мы маглі б пабачыць гучную справу пра “шпіёнскую” праваабарончую арганізацыю. Альбо супраць Бандарэнкі маглі быць вылучаныя абвінавачанні, аналагічныя абвінавачанням Жамчужнаму.

Чаму Жамчужнага прызналі палітвязнем?

– Пасля таго, як атрымалі дакументы, у нас былі дзве экспертныя сустрэчы, на якіх мы аналізавалі справу, – дадае праваабаронца. – Ці ўяўляла тая інфармацыя, што збіраў Жамчужны, грамадскі інтарэс? Ці магчыма было атрымаць яе іншым законным чынам, без дачы хабару? Дзеля якіх мэтаў гэтая інфармацыя здабывалася? Зразумела, што дача хабару і ўстанаўленне такога кшталту “кантактаў” з аператыўнымі супрацоўнікамі не з’яўляюцца праваабарончымі метадамі. Гэтыя дзеянні крыміналізаваны ва ўсім свеце, пра што таксама мы адзначылі ў заяве, якую прынялі па выніках экспертных сустрэч з кіраўнікамі буйнейшых беларускіх праваабарончых арганізацый.

Але мы не змаглі не звярнуць увагу і на тое, што гэтая сітуацыя стала вынікам распрацоўкі спецыяльнай аперацыі спецслужбамі. Быў пэўны сюжэт, падбухторванне да незаконных дзеянняў. І калі мы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязнем, то зыходзілі з таго, што быў палітычны матыў: матыў дзяржаўнага органа (КДБ) да ўмацавання сваёй значнасці, які і распрацаваў схему, ахвярай якой стаў Міхаіл Жамчужны.

Зараз Міхаіл знаходзіцца ў калоніі ў Навасадах, яго адвакат рыхтуе наглядную скаргу. Мы агучылі нашу пазіцыю па справе Жамчужнага і спадзяемся, што суд улічыць абнародаванне тых незаконных схем, якія былі выкарыстаны спецсужбамі супраць яго і прывялі да асуджэння. Мы патрабуем справядлівага і адкрытага суда, падчас якога была б дадзена прававая ацэнка не толькі дзеянням Міхаіла Жамчужнага, але і дзяржаўных органаў, у прыватнасці — КДБ.

Справу Жамчужнага мы ўключылі ў спіс першасных патрабаванняў да ўладаў і чакаем, што яе разгляд у палітычнай плоскасці паўплывае станоўчым чынам на далейшы лёс Міхаіла.

З ДАВЕДКІ

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 г. у Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.

Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.

Нечакана дзейнасцю навукоўцаў зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ, даць паказанні супраць начальства. Ён адхіліў гэтыя прапановы. У 2007 г. яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Пасля вызвалення ў 2012 годзе М.Жамчужны вырашыў далучыцца да членаў арганізацыі “Платформа”, дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі “Платформы” пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі “Платформы інавэйшн”.

Міхаіла Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара ЧКПУ “Платформа інавэйшн ” Андрэя Бандарэнкі.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international