Суд над спявачкай Жаннай Знакавай працягнецца 3 лютага
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 28 студзеня пачаў разгляд адміністратыўнай справы Жанны Бразоўскай, вядомай таксама як спявачка і музыкант Жанна Знакава. Яе вінавацяць ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы.
Напачатку ў судзе было заўленае хадайніцтва аб выкліку ў суд сведак і запатрабаваныя дадатковыя матэрыялы па справе. Пасля допыту Жанны Бразоўскай суддзёй было прынята рашэнне аб пераносе разгляду справы на 3 лютага.
Гэтая нашумелая гісторыя адбылася яшчэ 15 снежня мінулага году, калі Жанну Бразоўскую спынілі на вуліцы незнаёмыя мужчыны ў цывільным, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі і папрасілі праехаць з імі. Калі Жанна адмовілася – яе з гвалтам і прымяненнем фізічнай сілы закінулі ў аўтамабіль без адпаведных апазнавальных знакаў, усяляк зневажаючы пры гэтым. Ёй стала блага.
Затым Бразоўскую даставілі ў Кастрычніцкі РУУС, дзе склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф ад 2 да 50 базавых велічынь (ад 360 тысяч да 9 мільёнаў рублёў) або адміністрацыйны арышт. Усяго Жанна правяла ў пастарунку каля 7 гадзін.
Неўзабаве Жанна накіравала звароты ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна, раённы аддзел Следчага камітэта, ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. Яна прасіла аб адмене пратаколу, які лічыць незаконным, і скардзілася на дзеянні супрацоўнікаў РУУС, якія пераблыталі яе з іншым чалавекам, нібыта датычным да правапарушэння. Аднак, відаць, беспаспяхова.