viasna on patreon

Чарговы буйны штраф за журналісцкую дзейнасць: суд Кармянскага раёна пакараў Кастуся Жукоўскага

2016 2016-01-20T22:30:55+0300 2016-01-20T22:30:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

20 студзеня ў судзе Кармянскага раёна прайшоў разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Па «традыцыйнаму» артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) суд прыцягнуў журналіста да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.

Жыхары Кармы ўсю восень мелі праблемы з забеспячэннем вадой і цяплом. Улады знайшлі вінаватага: фрылансера, які зняў аб гэтай праблеме відэа.

На судзе супраць Кастуся Жукоўскага сведчыла часовая выканаўца абавязкаў начальніцы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама Таццяна Вяркеенка. «Я даводзіў, што маю рэгістрацыю як індывідуальны прадпрымальнік, які мае права здымаць відэа, прынамсі, як і кожны грамадзянін Беларусі. Ідэолаг жа сцвярджала, што калі чалавек здымае на «вялікую камеру», то ён мусіць мець журналісцкую акрэдытацыю, бо гэта значыць, што ён ужо вырабляе прадукцыю СМІ. То бок залежыць усе ад памеру відэакамеры», - зазначыў фрылансер.

Ён падкрэслівае, што будзе і надалей падымаць вострыя праблемы, якія існуюць у грамадстве. «Гэта пераслед за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, пераслед тых, хто гаворыць праўду – не такую, якую паказваюць па тэлевізары. Сённяшні штраф – будзённая рэальнасць беларускіх журналістаў, якія спрабуюць даносіць да грамадства вострыя праблемы. Далей сітуацыя з незалежнымі журналістамі, фрылансерамі будзе толькі пагаршацца, бо эканамічная сітуацыя ў краіне ўсе горш і горш, а крайнімі ўлады робяць журналістаў, якія гавораць пра гэта», - дадаў Кастусь Жукоўскі.

Ён днямі атрымаў па пошце пастанову суда Калінкавіцкага раёну аб тым, што прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 7,35 мільёна рублёў. У пастанове суда, падпісанай суддзёй Савасцянавай, адзначана, што «Жукоўскі 20.11.2015 у двары дома №8 вуліцы 60 гадоў БССР горада Калінкавічы, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста замежнага СМІ, у парушэнне ч.4 арт. 35 закона «Аб СМІ» праводзіў інтэрв'юіраванне грамадзян, у выніку чаго незаконна вырабіў прадукцыю СМІ». Гаворка ідзе пра сюжэт на тэлеканале «Белсат», прысвечаны падрабязнасцям рэзананснай бойкі футбольных заўзятараў , адзін з якіх быў у футболцы з выявай «Пагоні».

У студзені ўжо была пакарана штрафам за прафесійную дзейнасць гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яна атрымала штраф у памеры 22 базавыя велічыні (4 млн 620 тыс. рублёў). Журналістку прызналі вінаватай у парушэнні арт. 22.9 КаАП – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а фактычна – праца на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства