Праз чатыры гады пасля прысуду ўлады вырашылі пазбавіць Алеся Бяляцкага месца жыхарства (+дакумент)
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў пастанову аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна горада Мінска аб тым, што на долю кватэры, у якой ён пражывае з сям'ёй, накладзены арышт.
У пастанове, якая была вынесеная загадчыкам сектара № 2 М.М. Гастэлам 4 студзеня 2016 года (копія пастановы ў дадатку), у прыватнасці ўказана, што ў вытворчасці аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна г.Мінска на выкананні знаходзіцца выканаўчы ліст № 1-978/2011 ад 24.11.2011 суда Першамайскага раёна г. Мінска аб накіраванні ў кошт канфіскацыі маёмасці Алеся Бяляцкага 18/100 долі ў праве ўласнасці на кватэру, у якой ён стала пражывае са сваёй сям’ёй. У мэтах забеспячэння ажыццяўлення выканаўчых дзеянняў на дадзеную маёмасць накладзены арышт.
Адметна, што гэты выканаўчы ліст быў выдадзены ў аддзел прымусовага выканання толькі 14 снежня 2015 года.
Варта нагадаць, што, згодна з прысудам суда Першамайскага раёна г. Мінска, 24 лістапада 2011 года старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, якая належала яму на праве ўласнасці – у тым ліку кватэры, у якой знаходзіўся офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Яшчэ да суда над праваабаронцам на офіс арганізацыі быў накладзены арышт. 26 лістапада 2012 года ён быў апячатаны судовымі выканаўцамі суда Першамайскага раёна г. Мінска (акт вопісу маёмасці ад 26.11.2012 г.), уся маёмасць арганізацыі, якая там знаходзілася, была канфіскаваная і вывезеная. У сувязі з немагчымасцю карыстання офісам, сябры ПЦ “Вясна” былі вымушаныя пакінуць яго.
У выніку абскарджанняў рашэнняў аб канфіскаванай маёмасці, паводле рашэння суда Партызанскага раёна г. Мінска ад 4 ліпеня 2012 года, арышт з долі ў кватэры, у якой пражываў Алесь са сваёй сям’ёй, быў зняты.
Такім чынам, падобна, што праз чатыры гады пасля вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму улады вырашылі канфіскаваць не толькі кватэру, у якой месціўся офіс Праваабрончага цэнтру “Вясна”, але і фактычна пазбавіць праваабаронцу месца жыхарства.
Алесь Бяляцкі не выключае, што прычынай раптоўнай актыўнасці мінюста мог стаць нядаўні зварот Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека да беларускіх уладаў з нагоды невыканання рашэння Камітэта па правах чалавека ААН па яго справе.
“Мне падаецца, гэтая пастанова аб канфіскацыі можа быць звязаная з тым, што на адрас Міністэрства замежных спраў быў накіраваны зварот аб невыкананні патрабаванняў Камітэта па правах чалавека ААН па маёй крымінальнай справе. Адным з такіх патрабаванняў да беларускіх уладаў з’яўляецца ануляванне маёй судзімасці. Магчыма, нашая актыўнасць на міжнародным узроўні магла выклікаць такую рэакцыю з боку ўладаў – патрабаванне аб выкананні судовага рашэння чатырохгадовай даўніны”, - кажа Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца абскардзіў пастанову аб канфіскацыі. “У мяне была магчымасць абскардзіць дадзеную пастанову, і я гэта зрабіў, спасылаючыся на той факт, што ў гэтай кватэры жыву я разам з жонкай”, - паведаміў Алесь Бяляцкі.