Стала вядомая дата суда па “справе графіцістаў”

2016 2016-01-14T15:22:00+0300 2016-01-14T15:22:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grafici_kryminal_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гэтыя графіці сталі прычынай крымінальнага пераследу актывістаў

Гэтыя графіці сталі прычынай крымінальнага пераследу актывістаў

25 студзеня ў 11-00 у судзе Фрунзенскага раёна г.Мінска адбудзецца разгляд крымінальнай справы аб патрыятычных графіці. Весці паседжанне будзе суддзя Ала Скуратовіч. Перад судом мусяць з’явіцца Максім Пякарскі,Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Яшчэ адзін ранейшы фігурант справы Яраслаў Ульяненкаў выступае ў якасці сведкі, з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

Максіму Пякарскаму раней паведамілі, што па яго крымінальнай справе абвінавачванне было перакваліфікаванае з артыкула 339 (частка 2) Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” на артыкул 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Гэты артыкул прадугледжвае штраф, грамадскія працы або арышт тэрмінам да 3 месяцаў. Апроч гэтага, з яго знятае абвінавачванне за псаванне бігборда, але пакінутыя два эпізоды з нанясеннем графіці. Максім Пякарскі распавёў, што экспертыза графіці засведчыла, што прыкметаў экстрэмізму на малюнках не выяўлена. 

Вадзім Жаромскі абвінавачваецца па ч. 2 артыкула 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і артыкуле 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Жаромскаму пакінулі ўсе тры эпізоды справы, а менавіта:

нанясенне графіці з надпісам “Беларусь мае быць беларускай”, а таксама выявай арнамэнту, перакрэсленымі сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі;

нанясенне графіці на былой вайсковай часці з надпісам “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальваючай сумессю;

псаванне фарбай сацыяльнага банэра з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул.Гарэцкага ў г. Мінску, што пацягнула матэрыяльную шкоду ІП на суму 2 млн. 200 тысячаў беларускіх рублёў.

Па справе Вячаслава Касінерава следчыя знялі эпізод з нанясеннем графіці, але пакінулі псаванне бігборда, матэрыяльную шкоду за які хлопцы цалкам кампенсавалі. Канчатковае абвінавачванне прад’яўлена па арт. 339, частка 2 Крымінальнага кодэкса РБ.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі трое, двух адпусцілі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” 17 жніўня прыняў заяву, у якой заклікаў спыніць крымінальны пераслед юнакоў і кваліфікаваў затрыманых па "справе графіцістаў" пры ўмове іх асуджэння па артыкуле 339 Крымінальнага кодэксу, як новых палітычных зняволеных.

20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Юнакам па гэтым артыкуле пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.

Неўзабаве Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на абавязальніцтва пад яўку і належныя паводзіны, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international