Заява заснавальнікаў установы "Лекары за праўду і справядлівасць"
Трэцяга траўня 2024 года КДБ Беларусі прызнаў калектыў установы "Лекары за праўду і справядлівасць" экстрэмісцкім фарміраваннем. З прычыны гэтага заснавальнікі ўстановы прынялі адпаведную заяву.
Яны адзначаюць, што праваабарончая ўстанова "Лекары за праўду і справядлівасць" займаецца даследаваннем і абмеркаваннем грамадска значных праблем, дае пляцоўкі для публічных выказванняў экспертам, спецыялістам, грамадзянам, ладзіць дыскусіі на тэмы пенітэнцыярнага здароўя.
Пенітэнцыярная сістэма ў любой дзяржаве павінна быць даступнай грамадзянскаму кантролю. Наяўныя ў публічнай прасторы шматлікія сведчанні парушэнняў як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства, у тым ліку стварэння бесчалавечных умоў утрымання, прымянення катаванняў, парушэнняў пратаколаў і правілаў аказання медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі абвінавачаным і асуджаным у беларускіх вязніцах, патрабуюць тэрміновага расследавання і неадкладнага эфектыўнага рэагавання.
Заснавальнікі ўстановы трактуюць прынятае работнікамі КДБ рашэнне як незаконнае, і паведамляюць аб працягу сваёй дзейнасці, накіраванай на тое, каб у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаў Закон, перамагалі праўда і справядлівасць.