viasna on patreon

У Віцебскага гарвыканкаму няма грошай на помнік рэпрэсаваным

2015 2015-11-26T09:57:39+0300 2015-11-26T09:57:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-repres-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Наталля Шыёнак напісала праваабаронцу Леаніду Свеціку, які звярнуўся да мясцовых уладаў з прапановай ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Як вынікае з адказу Н.Шыёнак, гарвыканкам гатовы "разгледзець пытанне ў межах дзеючага заканадаўства", калі на помнік або памятны знак у памяць пра жыхароў Віцебску, рэпрэсаваных у перыяд 1930-50-х гадоў, знойдуцца дабрачынныя сродкі.

З аднаго боку, на думку праваабаронцы, гатоўнасць гарвыканкаму супрацоўнічаць з грамадскай ініцыятывай выклікае аптымізм. Але з другога – нельга не заўважыць захадаў, якія прадпрымаюцца мясцовымі ўладамі, калі гаворка ідзе пра іх уласныя ініцыятывы і прапановы. Так, з віцебскіх прадпрымальнікаў нядаўна патрабавалі "дабрачынных ахвяраванняў" у суме, не меншай за 50 тысяч рублёў, на ўзвядзенне помніка Аляксандру Неўскаму. Падставы ўзводзіць такі помнік падаюцца недастатковымі шмат каму з гараджан, тым не менш жаданне гарвыканкаму ўшанаваць у Віцебску памяць рускага князя застаецца непахісным з 2009 года.

Што да ініцыятывы ўсталяваць мемарыяльны аб'ект, прысвечаны ахвярам сталінскага тэрору, то пад Віцебскам ёсць прынамсі тры месцы, пра якія мясцовыя жыхары сведчаць як пра месцы расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсій. Гэта ўзлесак каля вёскі Паляі, урочышча "Цёплы лес" і ўзлесак каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Паўсюль у гэтых мясцінах сіламі мясцовых актывістаў створаны самаробныя мемарыялы – пастаўлены крыжы на ўзор таго, як гэта зроблена ў Курапатах пад Мінскам. Колькі гадоў таму віцебскія сябры БНФ звярталіся да ўладаў па дапамогу, каб стварыць афіцыйны мемарыяльны знак каля вёскі Паляі, аднак паразумення паміж бакамі не атрымалася.

Не назіраецца дзяржаўнага клопату і пра ўжо наяўныя мемарыяльныя аб'екты, прысвечаныя памяці ахвяраў сталінскага тэрору. У 1990-я гады пад Оршай ва ўрочышчы "Кабыляцкая гара" з дапамогаю мясцовых уладаў быў усталяваны мемарыяльны знак – камень з шыльдай – на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян. Праз пэўны час невядомыя вандалы скралі шыльду, але аднаўленнем помніка гарвыканкам займацца не стаў, хоць гэтае месца – другое пасля мінскіх Курапатаў афіцыйна прызнанае месца загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Добраўпарадкаванне мемарыяла стала справай гонару мясцовых актывістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства