Віцебскіх прадпрымальнікаў абавязваюць здаваць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму
На рынках прадпрымальнікам раздаюць паперкі з банкаўскімі рэквізітамі адмысловага рахунка, адкрытага яшчэ ўлетку для добраахвотных ахвяраванняў на помнік рускаму князю. Але зараз пра "добраахвотнасць" гаворкі ўжо няма: прадпрымальнікам загадана пералічыць "сродкі ў суме, не меншай за 50 тысяч рублёў" і занесці квітанцыю свайму падатковаму інспектару.
Пералічыць грошы загадана на працягу пяці дзён. Так на практыцы ўвасабляецца рашэнне гарвыканкама ўсталяваць помнік за пазабюджэтныя грошы.
Значная частка гараджан катэгарычна супраць усталявання помніка Аляксандру Неўскаму. Пра гэта грамадскасць горада заяўляла ўжо неаднаразова, пачынаючы з 2009 года, калі гарадскія ўлады абвясцілі конкурс праектаў адразу трох помнікаў – Аляксандру Неўскаму, княгіні Вользе, якая, паводле не пацверджанай навукова легенды заснавала Віцебск, і князю Альгерду. Толькі апошні помнік не выклікаў пярэчанняў у большасці віцяблян. Што да двух астатніх, то яшчэ на этапе конкурсу ў кнізе водгукаў з'явіліся запісы накшталт "не варта марнаваць сродкі на ўшанаванне асобаў, якія маюць да горада сумнеўнае дачыненне".
Супраць помніка Аляксандру Неўскаму віцябляне выступалі неднаразова: звярталіся ў СМІ, у органы ўлады. Але манумент, які "ўвасабляе сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княжага дому Аляксандрай (па іншых крыніцах Параскевай) і сынам Васілём", гарвыканкам лічыць для горада неабходным. Пляцоўка пад яго была падрыхтавана яшчэ ў 2011 годзе: яна месціцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебску і пакуль што выконвае ролю клумбы.
Паводле ўмоваў тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік мусіць быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 года. Кошт стварэння і ўстаноўкі помніка — 3 396 173 532 рублёў, і хаця б частку гэтых грошай вырашана спагнаць з гараджанаў.