Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства 24 лістапада ў Мінску з нагоды гадавіны рэферэндуму 1996 года

2015 2015-11-25T08:25:46+0300 2016-07-25T12:17:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/action-2015-11-24.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

Акцыя да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

Высновы

Акцыя да гадавіны рэферэндуму 1996 года і ўшанавання памяці зніклых палітыкаў ў Мінску насіла мірны характар. Адсутнасць заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства, як таго патрабуе закон, не з’яўляецца нагодай для абмежавання свабоды мірных сходаў.

Негатыўная практыка складання на арганізатараў  і ўдзельнікаў пікета пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні на месцы без фізічнага затрымання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс, набыла працяг у выглядзе прыраўнання журналістаў і назіральнікаў да ўдзельнікаў масавага мерапрыемства і складання на іх пратаколаў. Так было складзена каля 12 пратаколаў на месцы, у тым ліку на трох журналістаў і двух назіральнікаў, што можа ацэньвацца як маштабная аперацыя па адміністрацыйным пераследзе любых прысутных на масавым мерапрыемстве ў рознай якасці грамадзян.

Па-ранейшаму большасць прысутных супрацоўнікаў міліцыі знаходзіцца на мерапрыемстве ў цывільнай вопратцы, што не дае магчымасць іх ідэнтыфікаваць. Павялічылася колькасць супрацоўнікаў з відэакамерамі і колькасць супрацоўнікаў міліцыі ў штацкім у прынцыпе, што выглядае дастаткова непрапарцыйна з колькасцю ўдзельнікаў і характары шэсця.

Станоўчым момантам можна адзначыць наяўнасць інфармацыйнай групы ад супрацоўнікаў міліцыі, іх камунікацыйнасць з назіральнікамі, аднак, яны прысутнічалі на месцы правядзення толькі пасля сканчэння шэсця і адказвалі хутчэй у форме меркаванняў.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што Мікалай Статкевіч заклікае прайсці шэсцем ад ГУМу да ЦВК праз будынак МУС 24 лістапада 2015 года з нагоды гадавіны рэферэндуму 1996 года, а таксама памяці зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 24 лістапада 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 6 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

 

Ход масавага мерапрыемства

  1. Мерапрыемства ўяўляла сабой збор пад ГУМам, дэманстрацыю па ходніках праспекта Незалежнасці да плошчы Незалежнасці і будынку ЦВК у Мінску.
  2. Колькасці ўдзельнікаў мерапрыемства складала ад 80 чалавек на месцы збору да 110 падчас дэманстрацыі.
  3. Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было каля 7чалавек, у форме з надпісам “Міліцыя” – 4 чалавекі, у форме і сініх камізэльках з надпісам “Информационная группа” – 2 чалавекі, каля 60 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі:, гумовыя палкі, сродкі звязвання. Каля 10 супрацоўнікаў у цывільнай вопратцы ажыццяўлялі відэа-фіксацыю акцыі. Быў заўважаны чалавек з электра-шокерам у руках.
  4. Сярод спецыяльны тэхнікі былі заўважаныя: машына ДАІ/ДПС.
  5. Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору.
  6. Працы СМІ і назіральнікаў падчас масавага мерапрыемства не заміналі, але пасля акцыі на трох журналістаў і двух назіральнікаў былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні як ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
  7. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана.
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі запаленыя знічкі ў лампадках, наступныя плакаты і транспаранты: партрэты Ганчара і Захаранкі з надпісам “Беларусь памятае”, Выявы чатырох зніклых з надпісам “Іх лёс хвалюе Беларусь!”, Плакат з надпісам “Требую для Лукашенко высшую меру наказания».
  9. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі з Пагоняй – 1 на флагштоку, 2 на плячах, бела-чырвона-белыя сцягі на плячах ці малога памеру ў руках.
  10. Ужываўся лозунг “Жыве Беларусь”.
  11. Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў усе патрабаванні ўдзельнікі выконвалі (спыняцца на чырвоны колер святлафора).
  12. Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу. Інфармацыйная група ішлі на камунікацыю, адказвалі на пытанні, аднак не змаглі патлумачыць змены ў падыходзе да назіральнікаў.
  13. Ход калоны “разрываўся” на святлафорах, супрацоўнікі ДАІ/ДПС падавалі сігналы свістку, у выніку чаго калона была падзеленая на часткі.
  14. Назіральнікі не зафіксавалі машын хуткай дапамогі.
  15. Напрыканцы масавага мерапрыемства на пляцоўцы пад ЦВК былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага, Алеся Макаева, Антося Жылко, Станіслава Паўлінковіча, Андрэя Давідовіча, журналістаў Дзмітрыя Галко (“Новы Час”), Галіну Абакунчык (“Радыё Свабода”), Кацярыну Андрэеву («Народная воля»), назіральнікаў аб БХК і “Вясны” Сяргея Каспяровіча, Наталью Сацункевіч.

Рэкамендацыі

Арганізатарам:

1) Рэгуляваць рух калоны, мінімалізаваць разрывы ў шэсці пасля пераходаў пра праезджую частку;

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

2) спыніць практыку адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў, журналістаў і праваабаронцаў падчас масавага мерапрыемства, спыніць адміністратыўныя працэсы ў дачыненні да Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага, Алеся Макаева, Антона Жылко, Станіслава Паўлінковіча, Андрэя Давідовіча ў сувязі з рэалізацыяй ім права на свабоду сходаў, гарантаванага арт.35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт.19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншымі міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека, а таксама супраць журналістаў Дзмітрыя Галко (“Новы Час”), Галіны Абакунчык (“Радыё Свабода”), Кацярыны Андрэевай («Народная воля»), назіральнікаў аб БХК і “Вясны” Сяргея Каспяровіча, Натальі Сацункевіч у сувязі з выкананнем імі сваіх прафесійных функцый падчас масавага мерапрыемства, што не можа з’яўляецца падставай для прыцягнення да адказнасці.

3) Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі).

4) Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

5) Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Відэа “Нашай нівы”: Улады прыдумалі, як адбіць у беларусаў жаданне хадзіць на акцыі пратэсту

Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства 24 лістапада ў Мінску з нагоды гадавіны рэферэндуму 1996 года
Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.
Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international