Выбары скончыліся. А што далей?

2015 2015-10-19T16:40:18+0300 2015-10-19T16:40:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-nn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Ну вось і скончылася прэзідэнцкая выбарчая кампанія 2015 года, кампанія, ад якой ніхто нічога не чакаў і вынікі якой насілі сумна прадказальны характар.

Ужо можна адзначыць, што нічога каардынальна новага на гэтых выбарах мы не пабачылі. Усё прайшло ў найлепшых беларускіх выбарчых традыцыях:  адсутнасць рэальнай палітычнай канкурэнцыі і палітычнага працэсу як такога, масавая мабілізацыя выбаршчыкаў на ўчасткі рознага роду адміністрацыямі і імітацыя падліку галасоў напрыканцы. Адзінай інтрыгай выбараў была колькасць працэнтаў, напісаных у падтрымку дзеючага кіраўніка дзяржавы.

Нягледзячы на ўсю “традыцыйнасць” выбарчых працэдур, быў усё ж  адзін сур’ёзны фактар, якога, напрыклад, не было падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Гэта новая геапалітычная сітуацыя, у якой апынулася Беларусь у выніку ўкраінска-расійскага крызісу. Дадзены фактар аказаў і аказвае сур’ёзны ўплыў як на знешнюю, так і на ўнутраную палітыку ўрада, а таксама на стан беларускага грамадства ў цэлым.  У некаторым сэнсе зараз мы назіраем  сітуацыю, якая ў нечым нагадвае перыяд гэтак званай першай лібералізацыі ўзору 2008-2010 гадоў. Дакладней, яе спробы, якая рэзка скончылася брутальнымі падзеямі 19 снежня 2010 года.  Зноўку мы бачым намаганні афіцыйнага Мінску па наладжванні паўнавартасных адносінаў з Захадам і дэманстрацыю “мяккіх практык”, якія пачаліся ў жніўні, з моманту вызвалення 6-ці палітвязняў, наяўнасць якіх з’яўлялася сур’ёзнай перашкодай для аднаўлення такіх стасункаў.   

А што далей?  Як доўга ўлады змогуць утрымліваць сітуацыю у “ручным” рэжыме і якой тактыкі гэтая сітуацыя вымагае ад праваабарончай супольнасці краіны? Каб адказаць на гэтае пытанне, варта адзначыць некаторыя высновы, якія напрошваюцца пасля адбыўшайся электаральнай кампаніі.

Традыцыйная апазіцыя падышла да выбараў у раздробленым/расколатым стане і яе сегментацыя і маргіналізацыя будзе працягвацца надалей. На гэта ёсць шмат як суб’ектыўных, так і аб’ектыўных фактараў. Уплыў апазіцыі на грамадства будзе змяншацца ў выніку відавочнага крызісу ідэяў і персаналій, а таксама існуючай на сёння ў краіне палітычнай мадэлі.

З іншага боку, нельга не заўважыць новыя самаарганізаваныя групы, якія спрабуюць упісацца ў існуючы палітычны ландшафт і адначасова аказваць  пэўны ўплыў на грамадства (найперш рознага кшталту культурніцкія ініцыятывы, групы ў сацыяльных сетках і г.д.). Дадзеныя групы стараюцца не ўпадаць у відавочную канфрантацыю з уладай і адначасова скарыстоўваюць новую “патрыятычную” кан’юнктуру афіцыёзу дзеля папулярызацыі беларускай мовы ці нацыянальных сімвалаў. Гэтыя  працэсы, як правіла,  носяць дэпалітазаваны характар і таму талеруюцца ўладамі, прынамсі пакуль.

Само ж беларускае грамадства ў большасці сваёй прадэманстравала пасіўнасць і негатоўнасць да нейкіх актыўных дзеянняў дзеля палітычных пераўтварэнняў. Слова “перамены” ў большасці грамадзян асацыюецца з дэстабілізацыяй, хаосам і вайной, што з’яўляецца вынікам уплыву гэтага самага  ўкраінскага крызісу, ну і расійскіх СМІ. Сацыяльны кантракт (ён жа канфармізм) паміж рэжымам і грамадзянамі ўсё яшчэ досыць моцны. Пры адсутнасці запатрабаванасці якіх-небудзь пераменаў у грамадстве чакаць хуткіх палітычных пераўтварэнняў, напэўна, не варта.

Аднак, як ужо казаў вышэй, ёсць новы фактар, які пры пэўных умовах можа ўнесці цікавыя карэктыроўкі ў гэты сумны пейзаж  - новая геапалітычная сітуацыя.

Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што вызваленне ўсіх палітвязняў з’яўляецца перадумовай для аднаўлення паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і краінамі Захаду. І вось, гэтая перадумова выкананая, а выбары прайшлі на больш-менш мірным фоне, без масавых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў. Іншага ад беларускіх выбараў ніхто не чакаў ні ў Брусэлі, ні ў Вашынгтоне. У якасці адказу на такі крок Мінску ЕС прымае рашэнне аб прыпыненні санкцый на чатыры месяцы. Дадзенае рашэнне выклікала розную рэакцыю ўнутры Беларусі. Я асабіста лічу яго цалкам адэкватным у склаўшайся сітуацыі. Вызваленне палітвязняў вымагала адказнага кроку ў боку ЕС. Гэта рашэнне дазваляе захаваць тую станоўчую дынаміку пацяплення адносінаў з ЕС, якая намецілася ў апошнія часы. У адваротным выпадку, нам наканавана  хадзіць па зачараваным коле, без нейкіх зрухаў і дынамікі. Пры гэтым я спадзяюся, што ў ЕС усе выдатна разумеюць, што сутнасць аўтарытарнага рэжыму А. Лукашэнкі не змянілася, але змяніліся вонкавыя абставіны, якія, магчыма, змусяць яго пайсці хаця б на нейкія крокі па лібералізацыі і дэмакратызацыі ў краіне. Гэта называецца палітыкай уцягвання. Аднак ці ёсць нейкія гарантыі, што на гэты раз у Захада гэта атрымаецца? Думаю, што такіх гарантый няма, як і няма гарантый таго, што праз месяц, два, паўгады “ручны” рэжым “мяккіх практык” скончыцца і мы ўбачым чарговыя “замаразкі” з усімі выцякаючымі наступствамі ў выглядзе рэзкага ўзмацнення рэпрэсій. Але якія альтэрнатывы? Думаю, што альтэрнатывы спробам дыялогу і прасоўванню такім чынам ідэяў сістэмных зменаў у краіне на сёння няма. Прычым варта адзначыць, што санкцыі менавіта прыпыненыя на чатыры месяцы, што дазваляе ЕС “замяраць” канкрэтныя крокі Мінска ў кірунку “адлігі” і дае магчымасць хуткай рэакцыі ў выпадку рэзкага пагаршэння становішча з правамі чалавека.

Гэтая сітуацыя вымагае пэўнай стратэгіі  дзейнасці праваабарончай супольнасці краіны. Мне падаецца, што зараз як ніколі важна сфармуляваць і стварыць праваабарончы кантэкст, парадак дня такога дыялогу. Гэта на сёння павінна з’яўляцца адной з асноўных задач праваабарончай супольнасці.  Фармуляванне і стварэнне такога парадку дня, які б спрыяў прасоўванню ідэяў сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека, найперш на ўзроўні заканадаўства. Для нас скрайне важна, каб дыялог паміж уладамі і ЕС уключаў у сябе пытанні правоў чалавека, а не толькі пытанні аказання тэхнічнай дапамогі і мадэрнізацыі эканомікі. Ідэальна б было стварэнне штосці накшталт “дарожнай мапы” па правах чалавека, якая б напоўніла такі дыялог канкрэтным зместам і напаўненнем, прадугледзела б узаемныя абавязацельствы бакоў. Натуральна, што трэба, каб самі праваабаронцы прымалі ўдзел ва ўсіх гэтых працэсах, прычым на розных пляцоўках: як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Тым больш, што мы ўжо маем досыць паспяховы досвед кааліцыйнай працы на пляцоўках ААН – падчас другога раўнда Універсальнага перыядычнага агляду і ў межах працэдур КПЧ па справаздачнасці ўрада аб выкананні Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дарэчы, спіс пытанняў да афіцыйных уладаў Беларусі, складзены КПЧ ААН па выніках гэтай працэдуры, мог бы стаць асновай для такіх супольных дзеянняў праваабаронцаў і прадметам абмеркавання з урадам. Як і ўжо існуючыя іншыя рэкамндацыі розных міжнародных арганізацый ураду Белаусі: рэкамендацыі Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, напрыклад, а таксама кіруючыя прынцыпы АБСЕ.

Цікавай у сувязі з гэтым мне падаецца і ініцыятыва нашых калегаў аб прасоўванні ідэі стварэння нацыянальнага плану па правах чалавека, які б быў прыняты ўрадам. Такія планы маюцца ў шмат якіх пост-савецкіх краінах. Перспектыўным з’яўляецца і  працяг абмеркавання ідэі ўвядзення нацыянальнага інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека (амбудсмена). Увогуле, кола пытанняў, якія ўяўляюць інтарэс, вельмі вялікае, паколькі нашае заканадаўства ўтрымлівае багата рэпрэсіўных і абмежавальных нормаў, якія рэгулююць пытанні рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў на практыцы.

Асаблівую актуальнасць я таксама бачу ў асветніцка-адукацыйных праваабарончых праграмах. Мы павінны працаваць з людзьмі і фармаваць у іх разуменне сутнасці правоў чалавека, вартасці чалавечага індывідуума, распаўсюджваць ідэі ўніверсальнасці правоў чалавека, заснаваных на прынцыпах роўнасці і гуманізму. Гэта асабліва важна ва ўмовах папулярызацыі ідэяў культурнага рэлятывізму і агульнага рэгрэсу ў галіне правоў чалавека, а таксама ў сувязі з новымі выклікамі як ў свеце, так і на пост-савецкай прасторы ў прыватнасці.

Да ўсяго, трэба працягваць правядзенне як маніторынгу агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, так і даследванняў у вузкіх галінах і накірунках, з абавязковай выпрацоўкай рэкамендацый па зменах заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі  ў даследваных галінах. Трэба працягваць развіццё і папулярызацыю ідэяў  грамадскага кантролю за выкананнем дзяржавай сваіх абавязацельстваў у розных сферах.

Мы неаднаразова заяўлялі, што гатовыя размаўляць з уладамі, калі нас хочуць і гатовыя слухаць. У 2009-ым годзе,  у  межах першага раунда Універсальнага перыядыснага агляду, Праваабарончы цэнтр “Вясна” прымаў удзел у шэрагу кансультацый на ўзроўні МЗС, а таксама ў сустрэчы з тагачаснай намесніцай главы Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. На жаль, тады гэтыя кансультацыі не скончыліся нічым канкрэтным, і нават абяцаная, у тым ліку Наталляй Пяткевіч, дэкрыміналізацыя дзейнасці незарэгістраваных НДА не была рэалізаваная на практыцы. Мы з’яўляемся і будзем з’яўляцца прынцыповымі крытыкамі сітуацыі з правамі чалавека, але пры гэтым мы, безумоўна, зацікаўленыя ў тым, каб урад краіны ў поўнай меры выконваў свае абавязацельствы па захаванні і абароне правоў чалавека ў краіне і імкнуўся да гэтага, што ў поўнай меры адпавядае інтарэсам бларускага грамадства.

А калі з гэтага нічога не атрымаецца? Можа быць, і не атрымаецца. Але мы, прынамсі, паспрабуем скарыстаць сітуацыю і змяніць да лепшага хаця б штосьці ў гэтай краіне.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international