viasna on patreon

У Вярхоўным судзе разгледзелі скаргу хрысціянскіх дэмакратаў на Мінюст

2015 2015-10-14T14:55:44+0300 2015-10-14T14:55:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjarkhouny-sud-rb.jpg

13 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі адбылося судовае паседжанне па скарзе на нерэгістрацыю партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. БХД прадстаўлялі сустаршыня Віталь Рымашэўскі і менскі каардынатар, юрыст Вольга Кавалькова. Таксама ў судзе прысутнічалі назіральнікі ад АБСЕ.

“Усе заявы і дакументы Мінюста аб нерэгістрацыі – гэта здзек з заканадаўства і грубае парушэнне грамадзян Беларусі на свабоду асацыяцый, свабоду засноўваць палітычныя партыі. Напрыклад, у Клічаве двух чалавек супрацоўнікі выканкаму запужалі і прымусілі адмовіцца ад подпісаў заснавальнікаў. На пытанне, якім чынам звесткі, якія падаюцца ў Мінюст, трапляюць да выканкамаў і КДБ, супрацоўнік Міністэрства адказаў, што гэтыя людзі самі напісалі лісты ў Мінюст і з імі ніхто не размаўляў ні з Мінюста, ні выканкаму. І гэтыя людзі, якія паставілі подпісы вясной, самі выпадкова даслалі ліст у жніўні ў Мінюст менавіта ў той кароткі перыяд, калі разглядалася пытанне аб рэгістрацыі БХД. Гэта паказвае ўсю цынічнасць і абсурднасць таго, што адбываецца ў нашай краіне.”, - адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Ён нагадаў, што Аляксандру Лукашэнку ў ЕС далі чатырохмесячны тэрмін, каб праверыць ці гатовы ён да зменаў. “Адмовы ў рэгістрацыі БХД – гэта таксама тэст, які паказвае, што ніякай лібералізацыі ў нашай краіне няма. Сёння суд адмовіўся задаволіць наша хадайніцтва, каб выклікаць людзей, да якіх маюцца заўвагі, каб яны самі маглі засведчыць, пры якіх абставінах і якім чынам на іх аказваўся ціск. Таксама мы падалі скаргу ў пракуратуру, але адтуль адказу пакуль няма. Ніякіх ілюзій няма, нам рыхтуюць адмову”, - дадаў сустаршыня БХД, падкрэсліўшы, што нават без заўваг Мінюста ў хрысціянскіх дэмакратаў ёсць 1000 бездакорных подпісаў, неабходных для рэгістрацыі партыі.

Працяг разгляду скаргі адбудзецца 14 кастрычніка а 14:00. Тады адбудуцца спрэчкі бакоў і будзе вынесена канчатковае рашэнне. Запрашаем журналістаў і ўсіх жадаючых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства