У Гомелі быў затрыманы актывіст АГП, які раздаваў грамадзянам запрашэнні на дазволеныя агітацыйныя сходы

2015 2015-10-02T09:07:00+0300 2015-10-03T09:09:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 кастрычніка каля універмага «Гомель» у абласным цэнтры быў затрыманы актывіст АГП Сяргей Касабуцкі, які раздаваў грамадзянам запрашэнні на агітацыйны сход. Мерапрыемства з мэтай агітацыі супраць выбрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі плануюць правесці мясцовыя апазіцыянеры, якія атрымалі ўжо на сход з выбарцамі дазвол ад выбарчай камісіі Чыгуначнага раёна Гомеля. Пры затрыманні актывіст патлумачыў міліцыі, што раздае запрашэнні на дазволенае мерапрыемства, але міліцыя парыравала, што сход дазволены ў Чыгуначным раёне, а запрашэнні Сяргей Касабуцкі распаўсюджвае ў Цэнтральным раёне. «Выбары прэзідэнта праходзяць ва ўсёй краіне, гэта не выбары нейкага цара ў Чыгуначным раёне, таму прэтэнзіі міліцыі абсалютна надуманыя», - пракаментаваў актывіст АГП Уладзімір Кацора.

Сяргей Касабуцкі пасля разбіральніцтва быў вызвалены з міліцыі.

Гомельскія апазіцыянеры плануюць правясці 7 кастрычніка сходы з выбарцамі, на якіх будуць агітаваць супраць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. На дадзены момант рэгіянальны лідар партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка ужо атрымаў адпаведны дазвол з выбарчай камісіі Чыгуначнага раёна Гомеля. Заявы на правядзенне агітацыйных сходаў у памяшканнях сярэдняй школы №57 і ДК «Гомсельмаш» былі пададзены ў выбарчую камісію Чыгуначнага раёна ад старшыні абласной арганізацыі «Справядлівага свету» Уладзіміра Сякеркі і актывіста АГП, каардынатара кампаніі «За справядлівыя выбары» Уладзіміра Кацоры. На сходзе з выбарцамі апазіцыянеры плануюць правесці агітацыю супраць дзейснага прэзідэнта, абмеркаваць праграмы іншых кандыдатаў і сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне.

Выбарчае заканадаўства не забараняе праводзіць сходы з мэтай агітацыі, як «за», так і «супраць» кандыдатаў. Апазіцыянеры загадзя дамовіліся з дырэктарамі сярэдняй школы і ДК, што ў гэты дзень і прызначаны час у памяшканнях не будуць праводзіцца іншыя агітацыйныя мерапрыемствы.

Раней актывісты партыі левых «Справядлівы свет» падавалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтай агітацыі супраць абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Але гарадскія ўлады не далі дазвол на правядзенне пікетаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства