Берасцейцы пра “Жывыя размовы”: можна смела задаць пытанні пра правы чалавека

2015 2015-09-29T12:33:07+0300 2015-09-29T14:18:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhyvyja_razmovy-brest-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Жывыя размовы" ў Берасці 29 верасня 2015

"Жывыя размовы" ў Берасці 29 верасня 2015

Сустрэча прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў з жыхарамі Берасцейшчыны адбылася ў абласным цэнтры 27 верасня. Людзі, якія прыйшлі на “Жывыя размовы” з праваабаронцамі, адзначалі, што ў фармаце твар да твару змаглі задаць ім тыя пытанні, якія б не наважыліся агучыць на шырокую аўдыторыю.

Гэтае мерапрыемства ладзіцца па схеме “жывой бібліятэкі”: наведнік атрымлівае каталог удзельнікаў (там акрэсленае кола пытанняў, па якіх працуюць прадстаўленыя імі арганізацыі), зыходзячы са сваіх інтарэсаў абірае сабе суразмоўцу і цягам сесіі ў 20 хвілінаў задае праваабаронцу ўсе свае пытанні, у невялікай групе ці сам-насам з экспертам. За час мерапрыемства адбываецца пяць такіх сесіяў, і кожны наведнік такім чынам можа распытаць пяць суразмоўцаў.

Як адзначыла вядучая мерапрыемства Марына Штрахава, хоць людзей прыйшло і не шмат, але ўсе яны былі зацікаўленыя зместам “Жывых размоваў”, іх  уключанасць адчувалася цягам усіх трох гадзінаў.  

З берасцейцамі сустракаліся прадстаўнікі шасці арганізацыяў – Беларускага Хельсінкскага камітэта, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Праваабарончага цэнтра “Ідэнтычнасць”, зааабарончай ініцыятывы “Лапа закона” і Праваабарончага цэнтра “Вясна”. На сустрэчу таксама былі запрошаныя мясцовыя праваабаронцы – Раман Кісляк і Уладзімір Вялічкін (Берасцейская “Вясна”).  

“Можна даведацца пра праваабарончыя арганізацыі, але не даведацца пра свае правы”, - госць “Жывых размоваў” прадпрымальнік Алег зазначыў, што прапанаваная арганізатарамі ў анонсе магчымасць атрымаць экспертныя парады ў яго выклікала сумневы. “Пабачыўшы анонс мерапрыемства ў сацыяльных сетках, я спачатку паставіўся з недаверам. Звычайна як бывае: перад аўдыторыяй сядзіць шэраг выступоўцаў, яны па чарзе пра штосьці распавядаюць, пасля кажуць “калі ёсць пытанні - задавайце”, але не заўжды ты пачуеш адказ на сваё пытанне, - распавёў ён. – Але прыйшоў сюды і пераканаўся, што гэта не так. Гэты фармат дазваляе непасрэдна задаць пытанне і атрымаць абгрунтаваны адказ – без адхіленняў ад тэмы, без вады. Я хацеў даведацца пра свае правы ў пэўных жыццёвых абставінах, прыйшоў з канкрэтнымі пытаннямі, але па ходу размовы ўзніклі і дадатковыя”.

Студэнтка магістратуры Юлія распавяла, што пастаянна цікавіцца тэмай правоў чалавека, таму прыйшла на гэтую сустрэчу. “Размова ў групе ў два-тры чалавекі альбо сам-насам з праваабаронцам дазваляе задаць яму пытанні, якія б не наважылася задаць пры ўсіх”, - падкрэсліла яна. Дзяўчына назвала вельмі змястоўнай сесію з прадстаўніком цэнтра “Ідэнтычнасць” Наталляй Манькоўскай, якую распытвала пра правы ЛГБТ. “Гэтая тэма вельмі дрэнна асвятляецца ў медыя, таму ў нашым грамадстве нізкі ўзровень дасведчаннасці ў гэтых пытаннях, адсюль і адпаведнае стаўленне да прадстаўнікоў ЛГБТ”, - падвынікавала Юлія.

Студэнты Міхаіл і Сяргей сказалі, што ўпершыню сутыкнуліся з тэмай правоў чалавека. “Я не пашкадаваў, што прыйшоў на “Жывыя размовы”. Цягам мерапрыемства ў мяне ўжо з’явіліся пытанні, на якія я змог атрымаць адказы”, - падзяліўся Сяргей. “Шкада, што такія мерапрыемствы не анансуюцца шырока ва ўніверсітэце, бо моладзі гэтыя тэмы цікавыя”, - дадаў Міхаіл.

Былі сярод наведнікаў і пенсіянеры, людзі сталага ўзросту, якія даведаліся пра “Жывя размовы” з мясцовай прэсы. Валянціна Антонаўна, напрыклад, распавяла, што пенсіянерамі свайго дому дэлегаваная хадзіць па розных дзяржаўных інстанцыях дзеля вырашэння праблемаў, з якімі яны супольна сутыкнуліся, таму прыйшла да праваабаронцаў па парады: што рабіць, калі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, міліцыі даюць толькі адпіскі на скаргі, адмаўляюць у прыёме. Жанчына падкрэсліла, што не жадае мірыцца з такой сітуацыяй. Яна ў жыцці мела магчымасць паездзіць па розных краінах, амаль сем гадоў пражыла ў ЗША, мае карту паляка – але не з’язджае, хоча ў сваім горадзе жыць годна. Гэтае настойлівае жаданне гарадскія чыноўнікі чамусьці спісваюць на “гадкі характар”.

“Гэтая жанчына намераная дамагацца свайго. Напрыклад, у яе дачка інвалід, якой было патрэбнае адмысловае месца для паркоўкі. Яна абыйшла ўсе неабходныя службы – і дамаглася. Зараз яе не задавальняе сітуацыя з міліцыяй, якая, як яна лічыць, адмахваецца адпіскамі на заяву жыльцоў дому. Яна кажа: так, я зноў пайду на плошчу Леніна (там знаходзіцца гарадская адміністрацыя) і яны будуць думаць, што я “бабця з гадкім характарам”. Але ў любым выпадку, незалежна ад узросту, гэта чалавек з тых, якія не жадаюць мірыцца з існуючым становішчам справаў і хочуць змяняць сітуацыю ў лепшы бок”, - адзначыла Юлія Хлашчанкова з БХК пасля размовы з Валянцінай Антонаўнай.

Юлія распавяла, што яе нечакана здзівіў яшчэ адзін пенсіянер, які прыехаў на сустрэчу ў Берасце з вёскі. “З размовы з ім бачна, што ён цікавіцца альтэрнатыўнай інфармацыяй, задаваў пытанні наконт фальсіфікацыяў на выбарах, распытваў пра іншыя актуальныя праблемы. І я задумалася: атрымліваецца, што такім пажылым людзям, як гэтыя мужчына і жанчына, якія гатовыя праяўляць актыўнасць дзеля зменаў да лепшага, няма месца, не стае грамадзянскай уцягнутасці, нават у такім вялікім горадзе, як Берасце. Але ж менавіта з такіх актыўнасцяў, па сутнасці, і зараджаецца грамадзянская дзейнасць”, - падзялілася яна сваімі назіраннямі.

Паводле праваабаронцаў, людзі маладога ўзросту цікавіліся магчымасцямі актывізму ў рэгіёнах, грамадскага кантролю, і ўвогуле пытанняў да іх падчас “Жывых размоваў” было шмат.

“Мне задавалі столькі пытанняў, што я не мела магчымасці паболей даведацца пра сваіх суразмоўцаў, - адзначыла Наста Лойка з ПЦ “Вясна”. – Цікавіліся як канкрэтнымі акалічнасцямі - па працэдуры затрымання, адміністратыўнага працэсу, так і агульным станам правоў чалавека ў краіне – праблемай смяротнага пакарання, дзейнасцю незарэгістраваных арганізацыяў пры наяўнасці ў заканадаўстве крымінальнага артыкула 193-1, а таксама гісторыяй стварэння маёй арганізацыі”.   

На пытанне аб тым, ці варта праводзіць такія праваабарончыя мерапрыемствы, калі на іх збіраецца не шмат людзей, сярод адказаў наведнікаў быў такі: “Варта. Бо людзі спачатку павінны прывыкнуць, што мерапрыемствы праваабарончай тэматыкі праводзяцца, а пасля ўжо пачнуць і актыўней наведваць”.

Кожны ахвотны мог узяць з сабою паштоўкі з выставы-“сушкі” серыі “Дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы”, а таксама свежыя нумары незалежных выданняў “Новы час”, “Брэсцкі кур’ер” і “Брэсцкая газета”, якія на “Жывыя размовы” прынеслі прадстаўнікі БАЖ.  

Дзякуем за фотарэпартаж Аліне Радачынскай!

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international