У Мінску прайшоў пікет у гадавіну знікнення Ганчара і Красоўскага (фота)

2015 2015-09-16T23:17:13+0300 2015-09-16T23:17:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/minsk-znik-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька падчас пікета 16 верасня ў Мінску, які пачаўся ў 18.30 каля ГУМа, заклікаў грамадзян Беларусі скарыстацца магчымасцю атрымаць праўдзівую інфармацыю пра зніклых палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Палітык зазначыў, што з 12 кастрычніка такіх пікетаў на вуліцах Мінска грамадзяне больш не пабачаць, таму што адразу пасля выбараў апазіцыі “закрыюць рот”.

Сябры партыі і простыя грамадзяне, якія далучаліся да 30-хвіліннага мерапрыемства, трымалі партрэты і іншых зніклых: журналіста Зміцера Завадскага і экс-міністра МУС Юрыя Захаранка.

– Ці будзем мы раўнадушнымі, калі людзей, не згодных з уладай, пазбаўляюць жыцця? У нас выкрадзены і забіты Захаранка, Завадскі, Красоўскі, Ганчар, і ўсё гэта адбылося ў нас у краіне 16 гадоў таму. Былі забіты людзі, якія хацелі бачыць Беларусь зусім іншай. Ці чулі вы, каб пра гэтыя гучныя справы гаварылі па тэлебачанні або пісалі афіцыйныя газеты? – адзначыў Анатоль Лябедзька. – Усе маўчаць і робяць выгляд, што гэтай праблемы няма, але яна існуе, і яна баліць. І нельга супакойвацца да таго часу, пакуль тыя людзі, хто агранізаваў гэтыя злачынствы і выконваў гэтыя загады, не будуць сядзець на лаве падсудных.

Анатоль Лябедзька заклікаў чытаць копіі дакументаў, змешчаных на стэндзе: рапарт генерала Мікалая Лапаціка, дзе ён называе прозвішчы тых, хто арганізоўваў выкраданні і забойствы; тлумачальная запіска Алега Алкаева, былога начальніка СІЗА №1, які выдаваў расстрэльны пісталет; санкцыю старшыні КДБ Мацкевіча і генеральнага пракурора Алега Бажэлкі на затрыманне чалавека, які арганізовываў выкраданне і Захаранка, і Ганчара, і Красоўскага. Ён запрасіў фатаграфаваць дакументы і выкладаць іх у сацыяльныя сеткі.

Лейтэнант міліцыі, які пэўна ўжо таксама будзе заўсёднікам пікетаў Лябедзькі, пытаўся пра дазвол на правядзенне мерапрыемства, і, пачуўшы адмоўны адказ, складаў пратакол за правядзенне несанкцыяніраванага масавага мерапрыемства. Паралельна адказваючы на пытанні міліцыянта, старшыня АГП працягваў тлумачыць сабраўшымся сваю пазіцыю.

Пазней лейтэнант пад пільнай увагай трох камер людзей у цывільным падышоў да іншых удзельнікаў пікету з той жа мэтай – скласці пратаколы і высвятліць асабістыя дадзеныя.

Палітык дадаў, што пікет не апошні, і яны будуць адбывацца і далей.

– Мы будзем праводзіць пікеты, карыстаючыся 45 артыкулам Выбарчага кодэксу, і гаварыць пра тое, пра што не гавораць зарэгістраваныя кандыдаты. Гаварыць праўду пра злачынствы не толькі эканамічныя і сацыяльныя, але і пра тыя, што датычацца самага галоўнага – чалавечага жыцця. Гэта наша гісторыя. Прыйдзе час, і пра гэта будуць гаварыць гучна. Пакуль гэтая праблема ёсць, мы будзем пра яе гаварыць, чаго б нам гэта ні каштавала. Таму што праўда мацней за ўсё.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Пікет у Мінску ў гадавіну знікнення Ганчара і Красоўскага 16 верасьня 2015 года.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international