Баранавічы: Міністэрства адукацыі прапанавала, якім чынам забяспечыць навучанне па-беларуску для жадаючых

2015 2015-09-06T07:27:05+0300 2015-09-06T07:27:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/malashhc-filipchyk.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадская актывістка Таццяна Малашчанка атрымала на сваю скаргу адказ за подпісам намесніка міністра адукацыі Р.С. Сідарэнка, у сувязі з якім з’явілася надзея на беларускамоўнае навучанне ў гімназіі № 4 г. Баранавічы.

Чыноўнік традыцыйна канстатуе, што Міністэрства адукацыі гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Але рэалізаваць на практыцы дэклараванае права навучання і выхавання на роднай мове, лічыць Таццяна Малашчанка, немагчыма ў Баранавічах ўжо другі навучальны год.

– Спачатку Міністэрства адукацыі на наш зварот сцвярджала, што не мае права змяніць мову навучання і выхавання ў гімназіі № 4, бо заснавальнікам навучальнай установы з’яўляецца Баранавіцкі гарвыканкам. Але мы працягвалі змаганне за навучанне на роднай мове, таму міністэрскія чыноўнікі вымушаны былі накіраваць ва ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ліст, у якім упраўленню адукацыі сумесна з Баранавіцкім гарадскім выканаўчым камітэтатам было прапанавана ўсё ж разгледзець пытанне аб магчымасці адкрыцця ў гімназіі № 4 класа з беларускай мовай навучання з улікам пажаданняў навучэнцаў і іх бацькоў, – адзначыла Таццяна Малашчанка.

Аднак на практыцы гэтую прапанову ніхто з мясцовых чыноўнікаў так і не разгледзеў, не ажыццявіў. І скаргі Генеральнаму пракурору таксама не далі станоўчага выніку, бо пракуратура замест таго, каб пакараць парушальнікаў арт. 90 Кодэкса РБ аб адукацыі, проста перасылала лісты тым дзяржаўным чыноўнікам, ад каго трэба было чакаць адказу.

19 жніўня Т.Малашчанка даслала новую скаргу міністру адукацыі. З адказу намесніка міністра адукацыі вынікае, што міністэрства лічыць мэтазгодным не адчыняць новы беларускамоўны клас, а арганізаваць адукацыйны працэс Ясі Малашчанкі і Алісы Філіпчык у складзе аднаго класа. У такім класе адна група вучняў будзе вучыцца па-руску, а другая – па-беларуску. Адначасова міністэртства адукацыі накіравала ліст брэсцкім і баранавіцкім чыноўнікам, каб яны забяспечылі вучняў такога класа неабходнымі падручнікамі.

Няглядзячы на міністэрскі адказ, дырэктар гімназіі № 4 г. Баранавічы Вадзім Шчарбакоў пакуль не спяшаецца яго выконваць. Таму ў бацькоў беларускамоўных дзяцей няма поўнай упэўненасці, што іх праблема будзе вырашана і ў бягучым 2015/2016 навучальным годзе.

Фота: Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international