Маўчанне ягнятаў: пра разгалошванне якой інфармацыі па “справе графіцістаў” баіцца Следчы камітэт?

2015 2015-09-03T11:11:21+0300 2015-09-03T12:25:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sledchy-kamitet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Узяццё падпісак аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства па “справе графіцістаў” намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч расцэньвае як запалохванне абвінавачаных. Праваабаронца разглядае пытанне законнасці такіх дзеянняў Следчага камітэта.

31 жніўня стала вядома, што абвінавачаныя па “справе графіцістаў” Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

Паводле афіцыйнай заявы Следчага камітэту, падставамі для змены меры стрымання ў дачыненні да абвінавачаных паслужылі поўнае прызнанне імі віны, раскаянне ў здзейсненым злачынстве і кампенсацыя нанесенай шкоды. У афіцыйнай заяве Следчага камітэту пры гэтым нічога не гаворыцца пра тое, што з М. Пякарскага і В. Жаромскага перад іх вызваленнем была ўзятая падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга расследвання.

Застаецца толькі здагадвацца разгалошвання якой інфармацыі абвінавачанымі так баяцца ў Следчым камітэце. Можа быць інфармацыі аб тым, якім чынам адбывалася затрыманне хлопцаў і якія метады следства прымяняліся ў дачыненні да іх? А можа быць інфармацыі аб тым, што пытанні, якія цікавілі следчых, выходзілі далёка за межы прад’яўленых афіцыйных абвінавачванняў?

Між іншым сам Следчы камітэт замоўчвае і ніяк не каментуе інфармацыю аб беспадстаўным і жорсткім збіцці супрацоўнікамі МУС затрыманых па справе, у выніку чаго некаторым з іх былі нанесеныя сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.

Але вернемся да пытання законнасці адабрання падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства, узятай службовымі асобамі СК у абвінавачаных.

Частка 2 артыкула 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК) Рэспублікі Беларусь утрымлівае пералік тых асобаў і ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, якіх следчы ці асоба, якая праводзіць дазнанне, мае права папярэдзіць аб недапушчальнасці разгалошвання звестак, што маюцца ў справе. Да такіх асобаў адносяцца: абаронца, пацярпелы, грамадзянскі ісцец, грамадзянскі адказчык, прадстаўнікі, сведкі, эксперт, спецыяліст, перакладчык, панятыя і іншыя асобы, што прысутнічаюць пры вытворчасці следчых і іншых працэсуальных дзеянняў. Менавіта з гэтых суб’ектаў можа быць узятая падпіска з папярэджаннем аб адказнасці ў адпаведнасці з арт. 407 КК Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, падазраваныя і абвінавачаныя не ўваходзяць у дадзены пералік удзельнікаў крымінальнага працэсу. Падазраваныя і абвінавачаныя з’яўляюцца самастойнымі ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і маюць свае правы і абавязкі, устаноўленыя дзеючым Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Згодна з арт. 41 і 43 КПК Рэспублікі Беларусь падазраваныя і абвінавачаныя маюць толькі тры абавязкі:

  • з’яўляцца па выклікам органа, які вядзе крымінальны працэс;
  • падпарадкоўвацца законным распараджэнням органа, які вядзе крымінальны працэс;
  • удзельнічаць у следчых і іншых працэсуальных дзеяннях, калі гэта прызнана неабходным органам, што вядзе крымінальны працэс.

Вось і ўсё.

Затое ў адпаведнасці з тым жа арт. 43 КПК абвінавачаны, акрамя іншага, мае права заяўляць аб сваёй невінаватасці і наогул яму павінна быць забяспечана магчымасць абараняцца ўстаноўленымі законам сродкамі і спосабамі (арт. 17 КПК). Так што абвінавачаныя маюць права публічна даваць ацэнку прад’яўленых ім абвінавачванняў, прадстаўляць аргументы аб сваёй невінаватасці, а таксама надаваць галоснасці факты парушэнняў іх правоў пры правядзенні папярэдняга следства. Акрамя таго, абвінавачаныя і падазраваныя, як і іншыя грамадзяне, надзеленыя правам абараняць свой гонар і годнасць. Усе гэтыя дзеянні з’яўляюцца законнай формай і сродкам абароны, і адпаведна любыя іх абмежаванні органамі следства з’яўляюцца не законным абмежаваннем права на абарону.

Такім чынам, адабранне падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства, узятыя Следчым камітэтам з абвінавачаных М. Пякарскага і В. Жаромскага, з’яўляецца грубым парушэннем іх працэсуальных правоў і накладаннем абавязацельстваў, не ўстаноўленых дзеючым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

Трэба адзначыць, што такая заганная практыка, калі ў абвінавачаных і падазраваных органамі папярэдняга следства бяруцца падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства, носіць сістэматычны характар. Асабліва гэта датычыцца справаў, звязаных з абвінавачваннямі ці падозраннямі ў здзяйсненні злачынстваў супраць дзяржавы – здрадзе радзіме, ў прыватнасці. Органы папярэдняга следства, а па дадзеных складах злачынства гэта КДБ, як правіла, бяруць такія падпіскі не толькі ў абаронцаў, але і ў саміх падазраваных ці абвінавачаных. Па меркаванню КДБ, ўзяццё такіх падпісак абумоўлена наяўнасцю інфармацыі аб дзяржаўных сакрэтах у справе. Аднак, варта зноўку звярнуцца да арт. 407 КПК Рэспублікі Беларусь, частка 3 якога прадугледжвае права следчага папярэджваць аб адказнасці за разгалошванне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую таямніцу, якія ахоўваюцца дзяржавай і ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы, толькі асобаў, пералічаных у ч. 2 дадзенага артыкула: абаронцу, пацярпелага, грамадзянскага ісца, грамадзянскага адказчыка, прадстаўнікоў, сведкаў, эксперта, спецыяліста, перакладчыка, панятых і іншых асобаў, што прысутнічаюць пры вытворчасці следчых і іншых працэсуальных дзеянняў. Такім чынам, падазраваныя і абвінавачаныя не могуць быць папярэджаныя аб адказнасці нават за разгалошванне матэрыялаў следства, у якіх утрымліваюцца дзяржаўныя сакрэты і іншыя таямніцы, што ахоўваюцца дзяржавай (службовая, напрыклад).

Але практыка сведчыць зусім пра іншае. Пры правядзенні папярэдняга следства органамі следства былі ўзятыя такога кшталту падпіскі ў падазраваных і абвінавачаных: А. Алесіна, А. Гайдукова, ксяндза Лазара, М. Жамчужнага, што з’яўлялася накладаннем незаконных абавязацельстваў на гэтых асобаў і парушала іх права на абарону. Грамадства такім чынам пазбаўлялася інфармацыі, якая б магла сведчыць у тым ліку аб злоўжываннях, дапушчаных органамі папярэдняга следства ў дачыненні да гэтых асобаў, а таксама пралівала б святло на сапраўдныя падставы і прычыны пераследу гэтых грамадзян. Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя справы мелі ды маюць вялікі грамадскі рэзананс і натуральна выклікаюць цікавасць з боку праваабарончых арганізацыяў краіны.

Адабранне такога кшталту падпісак, як мне падаецца, акрамя ўсяго носіць форму запалохвання і ціску на асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца крымінальны працэс, што безумоўна пярэчыць асноўным прынцыпам і задачам вядзення крымінальнага працэсу, дэклараваных Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспблікі Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international