Павел Сапелка: Надпіс з выявамі не парушае груба грамадскі парадак і не выказвае відавочнай непавагі да грамадства

2015 2015-08-20T11:34:01+0300 2015-08-20T14:19:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sapelka-italia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка ў Палерма.

Павел Сапелка ў Палерма.

11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін  Расійскай Федэрацыі  Павел (прозвішча невядомае). Двое апошніх  былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыедзе, а ў дачыненні да М. Пякарскага, В. Жаромскага была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання. В. Касінераў знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.

Падставай для крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў дадзеных маладых людзей стала ўзбуджэнне Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску крымінальнай справы  па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (“Злоснае хуліганства”) па факце нанясення графіці палітычнага зместу на плоце каля будынка па зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі па вул. Лынькова, і арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь (“Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”) – па факце псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вул. Гарэцкага ў г. Мінску.

У сувязі з гэтым, юрыст Павел Сапелка  выказвае сваё меркаванне адносна крымінальных справаў супраць новых палітвязняў:

"З’яўленне новых палітвязняў прымушае аналізаваць некаторыя аспекты крымінальнага пераследу, якія выклікаюць дыскусіі ў грамадстве і ў СМІ.
Пакуль пазіцыя ўзятых пад варту моладзевых актывістаў не прагучала з першых вуснаў, але можна прааналізаваць падставы ўзбуджэння дадзеных крымінальных справаў. Спачатку хацелася б спыніцца на простым, з майго пункту гледжання, эпізодзе: нанясенне графіці з надпісам «Беларусь мае  быць беларускай” з выявамі арнаменту, перакрэсленых сярпа і молата, перакрэсленай свастыкі. У пастанове аб узбуджэньні крымінальнай справы ўказана яшчэ і на іншыя сімвалы і малюнкі.  Што мелі на ўвазе аўтары – незразумела.

Гэта дзеянне кваліфікавана па частцы 2 артыкула 339 КК як злоснае хуліганства.
Што такое хуліганства ў прававым разуменні? Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца прымяненнем гвалту або пагрозай яго прымянення або знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці, альбо адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам.
Па другой частцы артыкула караюцца тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, або групай асоб, альбо звязаныя з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучаныя з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання.
Таму першае, што неабходна ўсталяваць для кваліфікацыі дзеянняў як хуліганства – факт грубага парушэння грамадскага парадку, з выразам яўнай непавагі да грамадства. І нават такія дзеянні самі па сабе не цягнуць крымінальнай адказнасці, пакуль не суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай яго прымянення ці пашкоджаннем маёмасці, ці не адрозніваюцца па змесце выключным цынізмам.
Магу смела сцвярджаць, што паказаны надпіс з выявамі не парушае груба грамадскі парадак і не выказвае відавочнай непавагі да грамадства: у ім няма абразлівага зместу, табуіраваных выразаў і азначэнняў. Таму далейшая дыскусія адносна пашкоджання маёмасці не мае сэнсу.
Матыў нанясення падобнага надпісу пры названых абставінах не можа быць хуліганскі, такое дзеянне з’яўляецца спосабам выказвання меркавання. Хуліганскім такі надпіс мог б быць прызнаны, калі б быў нанесены, да прыкладу, на помнік, які мае рэальную мастацкую каштоўнасць.
Канстытуцыя Беларусі і абавязковы для яе Пакт “Аб грамадзянскіх і палітычных правах” абавязвае дзяржаву паважаць права на выказванне меркаванняў, калі яны маюць мірны характар, не маюць замаху на дзяржаўную або грамадскую бяспеку і маральнасць.
Заканадаўца устанавіў адказнасць за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці без хуліганскага матыву, але крымінальная адказнасць прадугледжаная за прычыненне шкоды ў значным памеры (больш за 40 базавых велічынь, то значыць больш за 7200000 рублёў). Ёсць крымінальная адказнасць за апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі (але гэта не цяперашні выпадак), ёсць адказнасць за псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах. Усе пералічаныя выпадкі – злачынства, аднесеныя законам да катэгорыі злачынстваў, каторыя не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту абіраць пры гэтым нельга.
Вядома, такі надпіс можа не падабацца, напрыклад, ўласніку будынка, і ён, не падзяляючы перакананняў аўтара надпісу, захоча надпіс прыбраць і панясе пры  гэтым матэрыяльныя выдаткі.У гэтым выпадку, безумоўна, аўтар – выканаўца надпісу, павінен панесці грамадзянска-прававую адказнасць, і з яго можа быць судом спагнана кампенсацыя нанесенай шкоды.
Другі эпізод злоснага хуліганства, які ставіцца ў віну моладзевым актывістам – надпіс “Рэвалюцыя сьвядомасці, яна ўжо ідзе ..” з выявай чалавека, які трымае ў руцэ бутэльку з запальнай сумессю. Да гэтага эпізоду можна аднесці ўсё тое, што сказана да гэтага. Безумоўна, гэта таксама праява выказвання меркавання, якая не суправаджаецца прамымі заклікамі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Гэты надпіс, як і малюнак, наогул не заклік і менавіта з такой пункту гледжання яны павінны быць ацэнены органам, які вядзе крымінальны працэс. Усякага роду здагадкі, «дадумванні» за аўтараў малюнка сэнс надпісаў і малюнкаў пры расследаванні крымінальнай справы недапушчальныя, паколькі парушаюць прэзумпцыю невінаватасці".

Павел Сапелка для palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international