Алесь Бяляцкі: Жадаю Юрыю Рубцову пратрымацца мудра і годна

2015 2015-08-14T15:31:09+0300 2015-08-14T15:31:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou_3.jpg
Алесь Бяляцкі і Юры Рубцоў

Алесь Бяляцкі і Юры Рубцоў

Палітвязня Юрыя Рубцова перавялі з Баранавіцкага следчага ізалятара ў Бабруйскую калонію №2. Пра ўмовы ўтрымання зняволеных у ёй і пра стасункі адміністрацыі да палітычных вязняў сайту charter97.org распавялі былыя вязні калоніі — праваабаронца Алесь Бяляцкі і моладзевы лідар Андрэй Кім.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі правёў у зняволенні 1050 дзён — амаль тры гады. 24 лістапада 2011 суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва значнай суме і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска.

«Гэта звычайная калонія, такая, як і ўсе іншыя для тых, хто ў першы раз трапляе ў турму. У такіх калоніях сядзелі практычна ўсе палітвязні — гэта і Віцебская, і Наваполацкая, і Івацэвіцкая, і Магілёўская, і Бабруйская.

Умовы ўтрымання ва ўсіх гэтых калоніях прыкладна аднолькавыя. Яны адрозніваюцца ад калоній, дзе сядзяць рэцыдывісты, — там ужо іншая сітуацыя. А ў тых, куды трапляюць у першы раз, умовы прыкладна аднолькавыя.

Стаўленне адміністрацыі да палітвязняў вызначае не сама адміністрацыя. Іх вызначаюць у Мінску. І я падазраю, што гэта робіць не Камітэт выканання пакаранняў, а, магчыма (таму што праўду ніхто не скажа) Адміністрацыя прэзідэнта, магчыма, КДБ — усе разам.

Гэта стаўленне адрозніваецца крайняй суб'ектыўнасцю. Але дакладна адно: ніколі да палітычнага зняволенага не будуць ставіцца так, як да звычайнага. І тое, як хутка палітвязень пяройдзе ў катэгорыю злосных парушальнікаў, як яго абмяжуюць ў правах (напрыклад, абмяжуюць спатканні, перадачы, магчымасць купляць ежу ў турэмнай краме), як арганізуюць прэсінг з боку зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй — гэта вызначае той агульны «дырыжор», які ёсць у гэтай «п'есе».

Я думаю, што ў дачыненні да Юрыя Рубцова, як і да іншых палітвязняў, будзе прымяняцца прыблізна аднолькавы набор рэпрэсіўных метадаў — як фармальных, заснаваных на «правілах» унутранага распарадку, так і нефармальных, у выглядзе ціску з боку зняволеных, падкантрольных адміністрацыі.

Што тычыцца апошніх — звычайна яны спрабуюць справакаваць на нейкія дзеянні, ці спрабуюць зняважыць, або скампраметаваць у вачах іншых зняволеных

Пры гэтым звычайныя зняволеныя, якія не супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, ставяцца да «палітычных» з павагай. Потым адразу можна зразумець, па замове адміністрацыі правакуецца канфлікт ці гэта нармальны чалавек, які не супрацоўнічае з турэмнай уладай і спрабуе цябе падтрымаць.

Звычайныя зняволеныя ўважаюць, што ўлада несправядліва з імі абышлася, і яны бачаць, што палітвязень змагаецца з уладай не за нейкія свае асабістыя інтарэсы, а за нейкія агульныя інтарэсы і прынцыпы — і гэта заўсёды выклікае ў іх павагу і разуменне.

Юрыю Рубцову хачу пажадаць, каб ён не паддаваўся на правакацыі і трымаўся мудра і годна», — распавёў праваабаронца.

Моладзевы лідар Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска (суддзя Алена Ільіна) да 1,5 год пазбаўлення волі. Андрэй Кім быў прызнаны судом вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года, а таксама абвінавачаны ў нападзе на супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова. Хоць у судзе не была даказаная віна Кіма, яму давялося адбыць пакаранне ў той жа калоніі №2 горада Бабруйска.

«Такога, каб менавіта на мяне быў нейкі асаблівы ціск, я сказаць не магу. Праўда, мне там падкінулі наркотыкі, але так жа зрабілі б і ў любой іншай калоніі. Не ведаю, што будзе з Юрыем. Калі ціску не будзе, то хутчэй за ўсё ён там прыжывецца», — заявіў былы палітвязень.

www.charter97.org

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international