Праваабарончая гуманітарная місія ва Украіне: Свабода – гэта адказнасць

2015 2015-06-23T12:38:31+0300 2015-06-23T12:52:50+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/misia-val.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
беларускія валанцёры з украінскімі калегамі з арганізацыі "Станцыя Харкаў"

беларускія валанцёры з украінскімі калегамі з арганізацыі "Станцыя Харкаў"

Беларускія валанцёры з “Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне” працягваюць сваю дзейнасць у супрацы з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй “Станцыя Харкаў”

Валанцёры-праваабаронцы аказваюць самую разнастайную дапамогу  перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА: прымаюць, грузяць і размяркоўваюць гуманітарную дапамогу,  працуюць на “гарачай лініі”, праводзяць анкетаванні ўцекачоў наконт эфектыўнасці працы мясцовай улады, сабесаў, займаюцца з дзецьмі часова перамешчаных.

“Дабразычліўцы ўвесь дзень нясуць на “Станцыю” мяшкі адзення, прыязджаюць машыны з ежаю. У двары рамантуюцца прывезеныя з завадской капцёркі пару дзён таму ровары, праводзіцца сход бацькоў, дзецям якіх выпадае магчымасць наведаць Нямеччыну”.

Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

Як паведамляюць валанцёры на сваёй старонцы ў facebook, арганізацыя “Станцыя Харкаў” працуе вельмі зладжана, а валанцёры намагаюцца прыкласці максімум сваіх намаганняў каб змяніць да лепшага жыццё перасяленцаў.

“Не пабываўшы на “Станцыі “Харкаў”, цяжка ўявіць сабе, як могуць трымацца разам такія розныя людзі. Частка валанцёраў – мясцовыя, а хтосьці з Крыму, Данбасу, іншых мясцін. Бухгалтары, медыкі, юрысты, ультрас, прафсаюзныя дзеячы, настаўнікі, цырульнікі, прадаўцы завадскога абсталявання, шахцёры – каго тут толькі няма! Многія з іх – прыродныя лідары. “Станцыя” нагадвае дзяржаву ў дзяржаве – абсягі работы падзеленыя, але ўсе страхуюць адзін аднаго ў межах магчымага. Работа бывае цяжкаю, і валанцёры стараюцца быць ветлівымі, зважаючы на розныя ступені выгарання і мадэлі паводзін.

Рабочая мова тут руская. Падзелу па нацыянальнасцях ці моўным пытанні проста няма ня толькі на “Станцыі “Харкаў”, але й ва ўсёй мясцовасці. Напрыклад, валанцёрка Надзея Рындзіна, ураджэнка Екацерынбурга, якая пераехала ў Харкаў 25 гадоў таму, наўпрост кажа, што ніколі не зазнавала ўціску па нацыянальнай ці моўнай прыкмеце як ад простых харкаўчан, (пераважна рускамоўных), так і ад уладных органаў, уключаючы суды і міліцыю. Хаця моваю справаводства ёсць украінская, ніхто не патрабуе запаўняць дакументы выключна на ёй, бо далёка ня ўсе жыхары добра ведаюць нават рускую, ня кажучы ўжо аб украінскай. У той жа час, у Харкаве зарэгістравана каля 15 нацыяналістычных партый – яшчэ адзін своеасаблівы паказчык свабоды ў горадзе. Ёсць і свае хібы такое свабоды і разнастайнасці – хапае тых, хто ўсё яшчэ спачувае сепаратыстам, роўна як і крайне правых, схільных да нападу на людзей з іншым колерам скуры. Наракаюць тут і на мясцовую ўладу, бо ад многіх прадстаўнікоў “старое гвардыі” можна чакаць у лепшым выпадку бяздзейнасці.

Свабода – гэта адказнасць. Тутэйшым грамадскім актывістам, валанцёрам і проста неабыякавым людзям даводзіцца супрацьстаяць рыэлтарам, якія падманваюць перасяленцаў пры здачы жытла, махлярам, ходзячым са скрынкамі і збіраючымі грошы быццам бы на дапамогу перасяленцам і ўдзельнікам АТА, хадзіць па ўладных калідорах у пошуках праўды ды рашаць безліч дробных штодзённых пытанняў, ведаючы – замест іх гэта няма каму зрабіць”.

Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

Нагадаем, Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне 4 чэрвеня пачала сваю дзейнасць у Харкаве. Асноўная яе мэта – дапамога ўкраінскім перасяленцам з зоны канфлікту, якіх толькі ў Харкаўскай вобласці налічваецца (па афіцыйных звестках) больш за 180 тысяч чалавек. У складзе місіі працуюць беларускія валанцёры- правабаронцы. Падрабязней пра надзённую працу валанцёраў можна даведацца ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы місіі ў Facebook

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international