Пастара аштрафавалі на 3,6 мільёна рублёў за «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства»

2015 2015-06-19T13:02:28+0300 2015-06-19T15:22:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/verniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота http://krynica.info/

Фота http://krynica.info/

19 чэрвеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачак разглядзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні пастара царквы Божай «Пераўтварэнне» Сяргея Мікалаенкі, і пакараў святара штрафам у памеры 20 базавых велічынь (3,6 мільёна рублёў). Нагадаем, 31 траўня вернікі царквы праводзілі нядзельнае набажэнства, якое было спынена супрацоўнікамі міліцыі і АМАП. Яны сталі здымаць усіх прысутных на відэакамеру. Свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі патлумачылі тым, што ім нібыта паступіў ананімны званок. Той, хто тэлефанаваў, паведаміў, што «нейкі натоўп праводзіць несанкцыянаванае мерапрыемства».

Міліцыянты пыталіся ў вернікаў, чаму яны наведваюць менавіта гэтую царкву, «а не нармальную, правільную». На пастара царквы склалі пратакол па артыкулу 23.34 КаАП – парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Склаў пратакол маёр міліцыі Сяргей Жытнікаў.

Рэлігійная суполка царквы Божай «Пераўтварэнне» зарэгістраваная ў афіцыйным парадку з 2004 года, у 2012 годзе яна прайшла перарэгістрацыю.

На судзе 19 чэрвеня пастар Сяргей Мікалаенка віны сваёй у парушэнні закона не прызнаў. Ён патлумачыў, што рэлігійная суполка мае афіцыйную рэгістрацыю, тэрыторыя дзейнасці суполкі – горад Гомель. З сакавіка 2015 года рэлігійная суполка заключыла дамову на арэнду памяшкання на вуліцы Савецкай, і дамова арэнды была заключаная менавіта з мэтай правядзення ў дадзеным памяшканні набажэнстваў.

У сакавіку рэлігійная суполка накіравала зварот у адміністрацыю Цэнтральнага раёна Гомеля, каб узгадніць, што ў дадзеным памяшканні праводзяцца набажэнствы. Зварот намеснік главы адміністрацыі накіраваў у адмысловую камісію. Але з узгадненнем мясцовыя ўлады зацягнулі.

«Такое рашэнне суду несправядлівае, мы прадставілі ўсе доказы на судзе, але яны не былі прынятыя да ўвагі, і я лічу што штраф абсалютна незаконны. Наша суполка зарэгістраваная ў Савецкім раёне Гомеля, аказваецца, мы павінны былі атрымаць узгадненне ў Цэнтральным раёне. Мы і накіравалі зварот туды на ўзгадненне, але адміністрацыяй раёна тэрміны разгляду звароту былі зацягнутыя. На нашых набажэнствах былі прадстаўнікі ўлады, ідэалогіі, і вусна яны нам дазволілі праводзіць набажэнствы, не забаранялі праводзіць іх», - пракаментаваў Сяргей Мікалаенка.

Дадзенае рашэнне суда ён будзе абскарджваць.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічаў на судзе, нагадаў, што ужо 15 гадоў праваабаронцы гавораць, што нацыянальнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах знішчае саму сутнасць права на мірныя сходы. «Хоць мы б сабраліся пагаварыць пра грамадскую дзейнасць ці экалогію, ці пра птушак – няважна, мы можам быць пакараныя за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Канечне, права на мірныя сходы не ёсць абсалютным і можа падлягаць абмежаванням, але такія абмежаванні павінны быць дэталёва прапісаны, патлумачаны. Дзеля дасягнення якой мэты вось зараз абмежавалі правы вернікаў на свабоду веравызнання, даўшы буйны штраф, прычым бацьку чатырох непаўналетніх дзяцей?» - адзначыў Леанід Судаленка.

Яго калега Віктар Адзіночанка назваў і адміністрацыйную справу, і рашэнне суда «дзіўнымі». «Гэта зарэгістраваная суполка, яна мае ўсе патрэбныя дакументы, і калі не хапала нейкага ўзгаднення, то можна было выклікаць пастара ў органы ўлады і патлумачыць гэта, а не ўрывацца з АМАП на набажэнства», - лічыць праваабаронца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international