viasna on patreon

Бяляцкі пра Эўрапейскія гульні ў Баку: «Ад такога спорту сьмярдзіць»

2015 2015-06-12T18:29:20+0300 2015-06-12T18:33:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiackicsiarhei_gryc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Сёньня ў Баку пройдзе цырымонія адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў. Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (МФПЧ) заклікала лідэраў эўрапейскіх краінаў абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця гульняў вызваленьнем палітычных зьняволеных і актывістаў, якія чакаюць судовага працэсу паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў.

Арганізацыя нагадвае, што за апошні год паводле сфабрыкаваных абвінавачаньняў вялікія тэрміны турэмнага зьняволеньня ў Азэрбайджане атрымалі шэраг праваабаронцаў, журналістаў (сярод якіх супрацоўніца Радыё Свабода Хадзіджа Ісмаілава) і грамадзкіх актывістаў.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай Фэдэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі зазначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што праваабаронцы ня маюць дастаткова рычагоў уплыву на чыноўнікаў ад спорту, якія кіруюцца карпаратыўнымі інтарэсамі і ласыя на грошы і льготныя ўмовы правядзеньня спартовых падзеяў у праблемных краінах.

— Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека заклікала лідэраў эўрапейскіх краін абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця Першых эўрапейскіх гульняў у Баку вызваленьнем палітычных зьняволеных у Азэрбайджане. Ці ёсьць вынікі гэтай кампаніі? Ці быў пачуты ваш заклік?

— Дакладна можна будзе сказаць толькі пасьля цырымоніі адкрыцьця і пачатку гульняў. Але ўжо па тым, што туды едуць Аляксандар Рыгоравіч і Ўладзімер Уладзімеравіч, бачна, што кампанія падбярэцца адпаведная. Я думаю, што лідэры дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў наўрад ці возьмуць удзел у адкрыцьці гэтых гульняў. А калі такое і адбудзецца, то гэта будзе абумоўлена пэўнымі абмежаваньнямі ў кантактах. Паглядзім. Тут разгортваецца палітычная інтрыга. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што вялікія спартовыя мерапрыемствы шчыльна зьвязаныя з грамадзка-палітычнай сытуацыяй, у якой яны адбываюцца.

— Летась швэдзкая праваабарончая арганізацыя «Östgruppen» заклікала ня ўдзельнічаць у чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Беларусі. Іхні заклік гучаў так — «Не гуляйце з дыктатарам». Разам з тым хакейныя каманды прыехалі ў Беларусь, чэмпіянат прайшоў гладка...

— У Азэрбайджан спартоўцы таксама едуць, будуць каманды фактычна з усіх эўрапейскіх краін. Хоць у нас, у межах Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, былі заклікі і да спартоўцаў. Прынамсі, мы інфармавалі спартоўцаў пра стан з правамі чалавека і дэмакратыяй у Азэрбайджане, каб яны хаця б ведалі, куды едуць.

— Чым падобныя сытуацыі ў Беларусі і Азэрбайджане?

— У гэтых краінах адбудаваныя падобныя аўтарытарныя рэжымы, якія моцна абмяжоўваюць грамадзянскія, палітычныя і іншыя правы грамадзянаў. Улада ў Беларусі і Азэрбайджане набліжаецца да абсалютнай, калі парушаюцца міжнародныя пагадненьні і Канстытуцыі. У абедзьвюх краінах ёсьць палітычныя вязьні. Паводле падлікаў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у Азэрбайджане колькасьць палітвязьняў вагаецца ў раёне 100 чалавек. Пастаянна кагосьці выпускаюць, але і саджаюць таксама. Грамадзтва тэрарызуецца, трымаецца ў пастаянным напружаньні, што спараджае высокі ўзровень страху. Сотні і тысячы грамадзкіх актывістаў былі вымушаныя выехаць з Азэрбайджану, ратуючыся ад рэпрэсіяў. Узровень кантролю над грамадзтвамі вельмі падобны ў Беларусі і Азэрбайджане.

— Выходзіць, што міжнародная спартовая супольнасьць заплюшчвае вочы на ўсе гэтыя факты, тлумачачы гэта тым, што спорт нібыта па-за палітыкай. Але менавіта гэтым ігнараваньнем вельмі моцна спрычыняецца да палітыкі, бо дапамагае ўладам аўтарытарных краінаў палепшыць свой імідж?

— Гэта праблема. Я і іншыя прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека ў сваіх выступах заўсёды крытыкуем чыноўнікаў ад спорту, якія свае карпаратыўныя інтарэсы ставяць вышэй за ўсё. І мы ведаем, да чаго гэты прыводзіць. Азэрбайджан, у адрозьненьне ад Беларусі, нашмат багацейшая краіна, у прэзыдэнта Аліева шмат нафтадаляраў, і ён дазваляе сабе праводзіць вельмі дарагія мерапрыемствы, якія ня кожная эўрапейская краіна можа сабе дазволіць. Я лічу, што гэта карупцыя на ўзроўні спартовых карпарацыяў, якім прапаноўваюцца льготныя ўмовы для правядзеньня сваіх мерапрыемстваў у краінах з праблемамі. Вось што мы маем у Азэрбайджане. Гэта краіна з кепскім іміджам, краіна, якую пастаянна крытыкуюць за парушэньні правоў чалавека. Азэрбайджан падкупляе спартовыя карпарацыі на выгадных умовах. Таму, вядома, гэта ўжо ня чысты спорт, ад гэтага спорту ўжо сьмярдзіць.

— Чаму байкот у спорце рэдка спрацоўвае? Спорт — тое, што цікавіць усіх. Калі б на гульні не прыехалі каманды, гэта б уразіла. Чаму гэтага не адбываецца?

— Тым ня менш такія выпадкі мы памятаем — Алімпіяда 1980 году, якая праводзілася ў СССР пасьля таго, як адбылася агрэсія ў дачыненьні да Аўганістану. Тады якраз багата камандаў не ўзялі ўдзел у спаборніцтвах, з-за чаго гульні былі змазаныя. Чаму гэта спрацоўвае ня кожны раз? Пытаньне да нас. Трэба больш актыўна і жорстка ўплываць на спартовыя мерапрыемствы, якія маюць міжнародны рэзананс, і дамагацца большай чысьціні ў спорце. Калі трэба, то ўвогуле патрабаваць не праводзіць такія мерапрыемствы ў краінах з такімі значнымі парушэньнямі правоў чалавека.

Марцін Угла: «Улады ў таталітарных краінах імкнуцца палепшыць свой імідж за кошт спорту»

Тым часам кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі «Östgruppen» Марцін Угла, які летась змагаўся за адмену чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі, заявіў Свабодзе, што спартовыя арганізацыі «ня хочуць кранаць казытлівую тэму правоў чалавека і ім прасьцей рабіць выгляд, што спорт па-за палітыкай»:

«Спартовыя арганізацыя прымаюць рашэньні самастойна. Таму, нават калі палітыкі выступаюць за байкот, спартовыя арганізацыі ўспрымаюць гэта толькі як рэкамэндацыю. Летась мы заклікалі сваіх палітыкаў, каб яны ня ехалі ў Беларусь і не прысутнічалі на цырымоніях. Тут якраз можна дасягнуць пэўных вынікаў. Але што да спартовых арганізацыяў, то яны заўсёды падкрэсьліваюць сваё імкненьне быць па-за палітыкай. Яны не разумеюць самога факту, што такія краіны, як Беларусь, Расея, Азэрбайджан імкнуцца карыстацца такімі мерапрыемствамі ў сваіх палітычных мэтах. Не разумеюць — альбо проста ня хочуць кранаць гэтую даволі казытлівую тэму.

Таксама ёсьць тэндэнцыя, што краіны з аўтарытарнымі рэжымамі рэгулярна выйграюць тэндэры на правядзеньне мерапрыемстваў. Прычына ў тым, што такія краіны маюць сродкі на арганізацыю кампаніяў, і кіраўніцтву ня трэба ўзгадняць выдаткі з народам. А для міжнароднай спартовай супольнасьці таксама выгодна, каб кампаніі былі прыгожыя і багатыя. Ну, і зразумела, што ўлады ў таталітарных краінах імкнуцца павысіць свой імідж за кошт удала праведзеных спартовых кампаніяў. Нават калі ў сьвеце праз два тыдні ўжо ніхто не згадае, дзе і як прайшоў чэмпіянат, кіраўніцтва краіны яшчэ вельмі доўга будзе выкарыстоўваць яго для прапаганды».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства