viasna on patreon

Гомель: суд адхіліў скаргу мясцовых левых на дзеянні «хуткай дапамогі»

2015 2015-05-27T00:04:43+0300 2015-05-27T00:04:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spraviadlivy_svet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Са снежня 2014 года старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка спрабуе знайсці справядлівасць у дзяржаўных органах, у тым ліку судзе. У снежні 2014 года мясцовыя левыя планавалі правесці пікет, але гарвыканкам адмовіў ім, прычым гэта быў недзе соты раз. «За апошнія больш чым дзесяць гадоў мы падавалі па вобласці каля сотні заявак на правядзенне пікетаў і мітынгаў. Ні разу ўлады не дазволілі нам правесці масавае мерапрыемства. Згодна Закону «Аб масавых мерапрыемствах», свабоду пікетаў і мітынгаў гарантуе дзяржава, на практыцы ж нам толькі забараняюць», - патлумачыў Уладзімір Сякерка.

У траўні ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся разгляд грамадзянскай скаргі лідара мясцовых левых да супрацоўнікаў хуткай дапамогі, якія адмовіліся заключыць дамову з заяўнікамі пікету, спасылаючыся на магчымы ўздым ці эпідэмію ў зімовы перыяд захворванняў.

Прадстаўнік Цэнтральнай гарадской паліклінікі на мінулым паседжанні, 21 траўня, прапанаваў лідару абласной арганізацыі партыі левых звяртацца з просьбай аб заключэнні дамовы на медыцынскае абслугоўванне не ў «хуткую», а іншыя арганізацыі. Напрыклад... у камунальныя службы. «Вы ж заключылі дамову з прадпрыемствам «ГорСАП» на прыборку тэрыторыі, вось і да іх жа звярніцеся за заключэннем дамовы на медыцынскае абслугоўванне. «ГорСАП» мае ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі», - патлумачыў прадстаўнік паліклінікі.

Ён дадаў, што ліцэнзію на аказанне першаснай медыцынскай дапамогі маюць таксама дзясяткі гомельскіх прадпрыемстваў - «Гомельэнерга», «ТЭЦ» і так далей. Максім Новікаў патлумачыў, што на прадпрыемствах ёсць «здравпункты», дзе працуюць медыцынскія сёстры, якія могуць аказаць першасную медыцынскую дапамогу.

26 траўня на судзе сваю пазіцыю выказала прадстаўніца гарвыканкаму. Уладзімір Сякерка задаў ёй прынцыповае пытанне: якім чынам можна рэалізаваць на практыцы права на правядзенне пікету ці мітынгу? Адказ прадстаўніцы ўлады быў такім: «Выконвайце ўсе ўмовы рашэння гарвыканкаму». Але як гэта зрабіць на практыцы, калі «хуткая» адмаўляецца заключаць дамовы – прадстаўніца гарвыканкаму патлумачыць не здолела. «З кім яшчэ, як не з «хуткай», можна заключыць дамову на медыцынскае абслугоўванне?» - спытаўся ў прадстаўніцы мясцовай улады лідар левых. «Гарвыканкам – не даведачны орган!», - атрымаў ён адказ.

Суддзя Алена Цалкова 26 траўня вынесла рашэнне: скаргу Уладзіміра Сякеркі прызнаць неабгрунтаванай і не задаволіць яе.

Лідар абласной арганізацыі партыі пракаментаваў, што раней, згодна рашэнню гарвыканкаму, трэба было заключаць платныя дамовы з міліцыяй, камунальнымі службамі і хуткай дапамогай. «Мы дабіліся, што міліцыю прыбралі з рашэння гарвыканкама, і зараз дамовы з імі непатрэбныя, з камунальнымі службамі мы заключылі дамову, прычым бестэрміновую. Засталося перамагчы хуткую дапамогу. Медыкі гавораць, што зімой не маглі заключыць дамову, бо чакалі ўздыму захворванняў. Летам напішуць, што ўрачы ў адпачынках – прычыну заўсёды знойдуць, каб адмовіць», - дадаў Уладзімір Сякерка.

Ён збіраецца падаць у гарвыканкам новую заяўку на пікет, а дадзенае рашэнне суду Цэнтральнага раёна Гомеля будзе абскарджваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства