Генеральная пракуратура спыніла перапіску з былым кандыдатам у дэпутаты

2015 2015-05-05T11:16:09+0300 2015-05-05T11:16:09+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karan-genpr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 на мясцовых выбарах 2014 года, атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры РБ на сваю скаргу.

Намеснік Генеральнага пракурора А. М. Лашын у адказе паведаміў Валерыю Каранкевічу, што ў сувязі з тым, што ў яго заяве не ўтрымліваецца новых абставін, якія маюць значэнне для разгляду звароту па сутнасці, у адпаведнасці з патрабаваннямі артыкулаў 15, 21 Закона РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” перапіска з ім па пытаннях парушэння выбарчых правоў пры правядзенні ў сакавіку 2014 г. выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і нязгоды з дзеяннямі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры яго адміністрацыйным затрыманні спыняецца.

А. М. Лашын таксама адзначыў, што па выніках разгляду папярэдніх заяў у Генеральнай пракуратуры Каранкевіч ужо неаднаразова ўведамляўся аб адсутнасці падставаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання і яго асабістага прыёма кіраўніцтвам Генеральнай пракуратуры.

Валерый Каранкевіч кажа, што ён не здзіўлены падобнай рэакцыяй з Генеральнай пракуратуры на свой чарговы зварот. “Я раней безвынікова прайшоў са сваімі скаргамі чатырнаццаць розных інстанцый, і ўся “вертыкаль” пракурорскага нагляду нашай краіны не змагла ўбачыць у дзеяннях хоцімскіх супрацоўнікаў міліцыі парушэння маіх канстытуцыйных правоў, - адзначае Валерый Каранкевіч. – Зараз Генеральная пракуратура вырашыла наогул спыніць са мной перапіску, так і не адказаўшы па сутнасці, чым была выклікана неабходнасць майго тэрміновага затрымання супрацоўнікамі міліцыі непасрэдна на выбарчым участку перад пачаткам падліку галасоў выбаршчыкаў. Супрацоўнікі хоцімскай міліцыі без усялякіх падстаў затрымлівалі мяне і на парламенцкіх выбарах 2012 года, і на выбарах у мясцовыя Саветы ў мінулым годзе, і пракуратура пастаянна лічыць іх дзеянні законнымі, я ж магу гэтаму толькі здзіўляцца”.

Нагадаем, што 23 сакавіка 2014 г. каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ён быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

Былы кандыдат у дэпутаты неаднаразова спрабаваў абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС у пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, аднак тыя прыходзілі да высновы, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі “з’яўляліся правамернымі і не супярэчылі дзеючаму заканадаўству”.

Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрунтавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international