Ня выйшаў на працу — за краты!

2015 2015-03-27T11:51:00+0300 2015-03-27T11:51:00+0300 be

У Гомелі абавязаных працаваць грамадзян пачалі арыштоўваць за прагулы. Найперш гэта датычыць тых бацькоў, які адмовіліся ад дзяцей і ня сплочваюць дзяржаве грошы на іх утрыманьне.

У Савецкім раёне Гомеля мясцовая міліцыя склала на прагульшчыкаў два з паловай дзясяткі пратаколаў на падставе артыкула 9.27 — ухіленьне бацькоў ад працаўладкаваньня. Дванаццаць асобаў атрымалі розныя тэрміны арыштаў.

У аддзеле міліцыі тлумачаць, што са студзеня на падставе паправак у адміністрацыйны кодэкс міліцыя займела права арыштоўваць так званых «абавязаных» асобаў за прагулы — да 15 сутак:

«Разумееце, да паправак быў такі невялікі юрыдычны прабел. Людзі ня ходзяць на працу, а мы ня можам іх ні за што прыцягнуць да адказнасьці. А цяпер унесены зьмены — і калі абавязаныя асобы прагульваюць працу, то мы прыцягваем іх да адміністрацыйнай адказнасьці. Калі яны адбываюць пакараньне, то іх прымушаюць працаваць — ідуць адлічэньні аддзелу адукацыі ці яшчэ там каму».

У адным Савецкім раёне на ўліку больш як сотня асобаў, якія мусяць пакрываць дзяржаве выдаткі на выхаваньне дзяцей. Пад прымусам яны, як правіла, падмятаюць вуліцы, прыбіраюць памяшканьні, вытворчыя цэхі — то бок выконваюць перадусім чорную працу. Яе і прагульваюць.

Адна з прыбіральшчыц жыльлёва-камунальнага прадпрыемства «Савецкае» за тры месяцы 24 разы не зьяўлялася на працы.

Агулам тры тыдні не выходзіла на працу і маладая жанчына, прымусова накіраваная прыбіральшчыцай у таварыства з дадатковай адказнасьцю «Гурман плюс». Яе й сёньня не было на працоўным месцы. Непасрэдныя кіраўнікі ставяцца да арыштаў такіх працаўнікоў без энтузіязму:

«Яна прагульвае гэтую працу: хачу — іду, а хачу — не. Мне ўсё адно: ці яна пяць сутак дзесьці гуляе, ці пяць яна адседзіць. Што мне ад гэтага? У мяне ж праца ўсё адно ня робіцца».

Арышты за прагулы — гэта новы крок у барацьбе дзяржавы з дармаедзтвам. І калі падатак на дармаедаў пакуль толькі дэкляраваны, то абавязаныя бацькі атрымалі ўжо рэальныя арышты.

Жыхарка таго ж Савецкага раёну абласнога цэнтру, спадарыня Ала, прымусова таксама рабіла прыбіральшчыцай на вагонарамонтным заводзе. Працу пакінула. Ніякіх арыштаў не баіцца. Кажа, што ёй асабіста трэба дамагацца прызнаньня інваліднасьці:

«Разумееце, я прыбіральшчыца. Мне з вадой нельга — у мяне сталі апухаць суставы. Мне нават у гумовых пальчатках нельга — пухнуць суставы. Мне трэба зараз інваліднай групы дамагацца».

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што ў справе барацьбы з дармаедзтвам, калі ўлады хочуць ускласьці на бацькоў фінансавую адказнасьць за выхаваньне кінутых дзяцей, варта ўсё ж трымацца міжнародных стандартаў:

«Калі дзяржава лічыць, што пэўныя бацькі вінны ёй за выхаваньне дзяцей, то яна ў судовым парадку мусіць спаганяць зь іх грошы, а не пад прымусам абавязваць працаваць. Прымусовая праца ўвогуле забароненая. Абкладайце такіх бацькоў выканаўчымі лістамі — арыштоўвайце і распрадавайце іхнюю маёмасьць. Але прымушаць працаваць нельга нават паводле дзейнай цяпер беларускай Канстытуцыі».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international