Ільготы правакатарам, ад’ютанты забойцам — Статкевіч пра парадкі ў калёніі

2015 2015-03-24T11:09:52+0300 2015-03-24T11:09:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/statkevich-m.jpg
Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Палітвязень Мікалай Статкевіч праз заявы ў пракуратуру спрабуе, як ён кажа, «задакумэнтаваць» парадкі, якія дзейнічаюць у шклоўскай калёніі адносна палітычных вязьняў.

Каб ціснуць на палітычных, паводле Мікалая Статкевіча, у калёніі створаная цэлая сыстэма. Вязьні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй у справе ціску, атрымліваюць прывілеі. Гэтак, некаторым «зьняволеным пры ўладзе» дазволена мець нават асабістых «ад’ютантаў».

Жонка Мікалая Станкевіча Марына Адамовіч апавяла карэспандэнту Свабоды пра апошнія скаргі свайго мужа, дасланыя ў пракуратуру, і пра тое, чаго гэта яму каштавала.

"Пачну з таго, што сваё цяперашняе знаходжаньне ў шклоўскай калёніі Мікалай лічыць часовым. Ён кажа, што адміністрацыя плянуе і робіць усё мажлівае, каб адправіць яго зноў у турму. Дык вось ён робіць усё, каб задакумэнтаваць тое, што там адбывалася і адбываецца адносна палітвязьняў. Маю на ўвазе яго першае знаходжаньне ў шклоўскай калёніі пасьля суду, калі там апынулася адразу 5 палітвязьняў, і цяперашняе знаходжаньне ў шклоўскай калёніі пасьля магілёўскай турмы.

Мікалай накіраваў ужо дзьве скаргі ў Генпракуратуру. У канцы студзеня паскардзіўся на тое, як праз надуманыя прычыны накладаюць пакараньні. Толькі праз два месяцы, у сакавіку, мужа азнаёмілі з адказам магілёўскай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, якая рабіла праверку па скарзе. Зразумела, фактаў ужываньня фізычнага і маральнага ўзьдзеяньня правяраючыя ня выявілі, і таму Мікалай Статкевіч склаў новую скаргу, у якой пералічыў факты фізычнага і маральнага ціску на яго з таго часу, як яго зьмясьцілі ў гэтую калёнію яшчэ ўлетку 2011 году. Апісаў усё падрабязна, і рэакцыя ў адказ, як кажуць, не прымусіла сябе чакаць. У той жа дзень, як ён кінуў у скрыню скаргу, на яго склалі чарговы пратакол аб нібыта неналежным выкананьні абавязкаў і аб парушэньні рэжыму. Мікалай мяркуе, што зь яго намераны чарговым разам зрабіць злоснага парушальніка, каб накіраваць у ШЫЗа (штрафны ізалятар) альбо ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу)".

«Ад’ютант яго вялікасьці»

Мікалай Статкевіч напісаў у Генпракуратуру і пра тое, як у калёніі ўжываюць паслугі атрадных «заўгасаў», каб ціснуць на палітычных. Паводле Мікалая Статкевіча, з 2011 году ад палітвязьняў у калёніі пачалі патрабавалі напісаць заявы аб памілаваньні. Да гэтага падключыліся вязьні, якія атрымалі пэўныя гаспадарчыя пасады — прыкладам, гэтак званыя атрадныя «заўгасы» ды іх хаўрусьнікі. «Ня маючы асобных паўнамоцтваў на кіраваньне іншымі асуджанымі, яны часта ўжываюць псыхалягічны альбо нават фізычны ціск, скарыстоўваючы дзеля гэтага групу сваіх „хаўрусьнікаў“. Наўзамен яны маюць цэлы шэраг ільготаў і прэфэрэнцыяў ад кіраўніцтва», — напісаў Мікалай Статкевіч.

Што гэта за ільготы?

Паводле назіраньняў Мікалая Статкевіча, некаторыя «заўгасы», якія ўдзельнічалі ў ціску на палітвязьняў, раней выйшлі на волю праз умоўна-датэрміновае вызваленьне. «Мікалай пра гэта даведаўся, калі другім разам трапіў у тую ж шклоўскую калёнію. Аказалася, што тыя заўгасы, хто мусіў яшчэ сядзець, бо меў вялікія тэрміны, ужо вызваліліся. Мікалай ведае дакладныя факты, ведае прозьвішчы тых, каму прапанавалі арганізаваць ціск ці нават правакацыю на яго асабіста. І гэтыя людзі ды іх памагатыя ўжо на волі», — кажа Марына Адамовіч.

Асобнага расповеду заслужылі гэтак званыя «ад’ютанты вязьняў пры ўладзе».

«Паводле расповеду Мікалая Статкевіча, у шклоўскай калёніі адміністрацыя набліжае да сябе некаторых вязьняў і дае ім прывілеі. Прыкладам, адзін з кіраўнікоў гэтак званага самакіраваньня, які асуджаны за забойства на вялікі тэрмін, мае там уласнага ад’ютанта. Гэты „ад’ютант“ гатуе яму ежу і з другога атраду праз усю тэрыторыю калёніі носіць гэтыя сьняданкі, абеды ды вячэры. Відаць, гэта ўзгоднена з адміністрацыяй, калі „ад’ютанта“ прапускаюць усе пасты ўнутры калёніі», — апавяла Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч у шклоўскай калёніі знаходзіцца ў першым атрадзе, жыве ў адзінай на ўвесь атрад агульнай казарме. Палітвязень атрымаў працу па прыборцы тэрыторыі. Мікалаю Статкевічу даручана прыбіраць пляц. Прычым, паводле зьвестак, тэрыторыю, якую трэба прыбіраць, нядаўна ў пяць разоў павялічылі, а колькасьць прыбіральшчыкаў скарацілі.

«Бываюць правакацыі, калі нехта бярэ чысты аркуш паперы, разрывае на шматкі і раскідвае на пляцы, толькі што прыбраным, каб справакаваць Мікалая на канфлікт зь іншымі вязьнямі. Ён заўважыў, што такое ўжо было падчас ягонага першага знаходжаньня ў гэтай калёніі і што на такія правакацыі ён не паддасца», — паведаміла Марына Адамовіч.

Статкевіч пра «манэўры» з Захадам

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч працягвае ўважліва сачыць за палітычнымі падзеямі ў Беларусі, а таксама вакол краіны і рэагуе на гэтыя падзеі. Гэтак, ён па-ранейшаму лічыць, што самым лепшым удзелам у выбарчай кампаніі для апазыцыйных сілаў было б вылучэньне адзіным кандыдатам на прэзыдэнта аднаго з палітвязьняў, што дазволіць заняць гнуткую пазыцыю і выйсьці з выбарчай кампаніі, калі ўлады не зарэгіструюць такога кандыдата. Таксама Мікалай Статкевіч выказаўся адносна тых палітыкаў у Беларусі, якія згодныя на паляпшэньне адносінаў Захаду зь беларускім рэжымам за кошт зьмяншэньня ўвагі да праблемы палітвязьняў. Гэткія «манэўры» Мікалай Статкевіч ня лічыць ані карыснымі, ані маральнымі для Беларусі.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі беспарадкаў пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і дагэтуль адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні. Пасьля суду паўгода Мікалая Статкевіча трымалі ў шклоўскай калёніі. Потым, як злоснага парушальніка рэжыму, у крытай магілёўскай турме, адкуль зноў перавялі ў калёнію ў Шклове ў студзені 2015 году.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international