Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2015 года

2015 2015-03-05T15:46:00+0300 2015-03-23T15:49:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым зафіксавана адмоўная дынаміка ў сферы правоў чалавека. За некалькі дзён да сканчэння тэрміну і выхаду на волю на год быў асуджаны палітвязень Мікалай Дзядок па абвінавачанні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Паўстала пагроза ўзбуджэння крымінальнай справы за нібыта ўхіленне ад адбыцця пакарання над палітвязнем Юрыем Рубцовым. У адносінах да астатніх палітычных зняволеных працягвалі выкарыстоўвацца розныя метады ціску і абмежаванняў – змяшчэнне ў ШІЗА, вынясенне спагнанняў, якія могуць у далейшым быць выкарыстаны для пакарання ў крымінальным парадку і працягнення тэрміну ўтрымання ў зняволенні або адмовы ў датэрміновым вызваленні.

Вымушана пакінула краіну праваабаронца, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend”, грамадзянка Расійскай Федэрацыі Алена Танкачова, адной якой праваахоўнымі органамі прынята рашэнне аб высылцы на 3 гады. Абскарджанне ў судах станоўчага выніку не прынесла.

Па-ранейшаму выкарыстоўвалася практыка адвольных затрыманняў прадстаўнікоў розных сацыяльных груп з мэтай спынення іх актыўнасці і ізаляцыі. Судовыя працэсы па такіх справах праходзілі з нязменным ухілам на выкананне палітычнай замовы з боку выканаўчых уладаў, палітычна-матываваныя рашэнні чарговы раз дэманстравалі відавочную адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы ў краіне.

Працягваўся пераслед журналістаў у адміністрацыйным парадку за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, затрыманні падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Да існуючых раней абмежаванняў дадаўся кантроль над фотажурналістамі пры фатаграфаванні імі будынкаў дзяржаўных органаў. Згодна з адпаведным распараджэннем МУС, супрацоўнікам праваахоўных оганаў дадзены загад забяспечыць іх «асабісты агляд, апытанне, праверку па базах дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлік». Уступіўшае ў сілу «Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт» стала чарговым крокам па абмежаванні свабоды інфармацыі ў інтэрнэце. Асаблівую заанепакоенасць выклікае магчымасць блакавання з боку дзяржаўных органаў інфармацыйных рэсурсаў у паза-судовым парадку і працяглая працэдура аднаўлення дзейнасці сайтаў.

У лютым не быў дазволены ні адзін з заяўленых мірных сходаў, магчымасць выказвання меркаванняў шляхам правядзення публічных акцый была мінімальнай. Улічваючы, што правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у абсалютнай большасці выпадкаў заканчваецца пакараннямі ў выглядзе арыштаў і штрафаў, заяўнікі дадзеную формў прыцягнення ўвагі да грамадска значных падзеяў не ўжывалі.

Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не знаходзіла належнай рэакцыі з боку Еўрапейскага Саюзу і ЗША і адбывалася на фоне нарошчвання іх кантактаў з беларускім афіцыйным бокам. Люты адзначыўся сапраўдным дыпламатычным прарывам для Беларусі: краіну наведалі небывалая колькасць высокапастаўленых заходніх кіраўнікоў і чыноўнікаў. У межах перамоваў па сітуацыі ва Украіне ў Мінску праводзілі сустрэчу канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Нягледзячы на тое, што Мінск з'яўляўся ў дадзеным выпадку толькі перамоўнай пляцоўкай, міжнародныя дывідэнды для беларукіх уладаў аказаліся відавочнымі. У гэтым жа месяцы з візітамі Мінск наведалі спецдакладчык па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні, намесніца генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Марыя Шмід, намеснік старшыні группы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандра Калніеце, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін. Нягледзячы на тое, што ў рыторыцы заходніх чыноўнікаў і дыпламатаў традыцыйна прысутнічала тэма неабходнасці вызвалення палітычных зняволеных, відавочным з'яўляўся агульны настрой на інтэнсіўны дыялог з беларускімі ўладамі. Найбольш дакладна гэтая пазіцыя была выказана Эрыкам Рубіным: «Нягледзячы на тое, што нашы разыходжанні па такіх пытаннях, як сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і наяўнасць палітзняволеных, могуць працягвацца, мы можам імкнуцца да таго, каб дабіцца прагрэсаў у іншых пытаннях, якія ўяўляюць агульны інтарэс (…) Мы лічым, што развіццё адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, падтрымка незалежнасці і суверэнітэта Беларусі, падтрымка эканамічнага росту, гандлю, стварэння новых працоўных месцаў не ўступаюць у канфлікт з тымі сферамі, у якіх у нас існуюць разыходжанні». Такім чынам, назіраўся відавочны адыход ЕС і ЗША ад каштоўнаснага падыходу ў стасунках з беларускімі ўладамі, можна казаць, што афіцыйны Мінск дамогся ўзнаўлення дыялогу на сваіх умовах, у аснове якіх палягаюць прагматычныя адносіны. Гэта вельмі сёр'ёзны выклік, паколькі міжнародны фактар апошнія гады заставаўся адным з найбольш моцных і ўплывовых інструментаў уздзеяння ў сферы правоў чалавека пры мінімальных магчымасцях уплыву на дадзеную сферу суб’ектаў унутры краіны.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

У лютым становішча палітвязняў пагаршалася: яны сутыкаліся з рознага кшталту абмежаваннямі, спагнаннямі, пакараннем у выглядзе змяшчэння ў ШІЗА і іншымі формамі ціску. Найбольш абуральная форма пераследу, якая была выкарыстана – працягненне тэрміну адбыцця пакарання ў сувязі з узбуджэннем новай крымінальна справы. Такі механізм быў выкарыстаны ў адносінах да палітвязня Мікалая Дзядка, які павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка пасля адбыцця пакарання ў поўным аб'ёме – 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Аднак у лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, у магілёўскай турме на Мікалая Дзядка была заведзеная новая крымінальная справа па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу: ““злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Следчыя дзеянні цягнуліся 2 месяцы, потым справа была вернутая пракурорам на даследванне яшчэ на адзін месяц. Судовы працэс адбываўся 25 і 26 лютага на тэрыторыі турмы №4 г. Магілёва. М. Дзядку інкрымінавалі шаснаццаць парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. На судовае пасяджэнне дапусцілі бацьку палітвязня Аляксандра Мікалаевіча і жонку Валерыю Хоціну. Мікалай некаторыя абвінавачанні прызнаў, аднак заяўвіў, што ўмовы ўтрымання ў турме вымушаюць парушаць рэжым. Напрыклад, калі ў камеры спякотна, то немагчыма быць увесь час апранутым у турэмную робу — даводзіцца яе здымаць і хадзіць у майцы. У выніку суд пакараў Мікалая Дзядка 1 годам зняволення ў калоніі строгага рэжыму (гэта максімальны тэрмін па гэтым артыкуле), яшчэ тры дні прыдзецца яму адбыць ад першага тэрміну. Праваабаронцы адназначна расцанілі вынесены прысуд як палітычна матываваны, засяродзіўшы ўвагу на тым, што наяўнасць арт. 411 у Крымінальным кодэксе недапушчальна, паколькі дае магчымасць адміністрацыі месцаў зняволення выкарыстоўваць яго выбарачным чынам у дачыненні да няўгодных зняволеных.

У лютым пад пагрозай узбуджэння новай крымінальнай справы апынуўся і палітвязень Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у в. Куплін Пружанскага раёна. 9 лютага ён быў дастаўлены ў раённы Следчы камітэт на допыт у сувязі з канфліктам з начальнікам папраўчай установыа, па якім ён адмовіўся даваць тлумачэнні. Пасля таго, як 1 лютага Ю. Рубцоў атрымаў папярэджанне па арт. 415 КК за ўхіленне ад адбыцця пакарання, над ім навісла пагроза ўзбуджэння крымінальнайй справы і па гэтым абвінавачанні. Ухіленнем ад адбыцця пакарання адміністрацыя спецкамендатуры лічыць адмовы ў працаўладкаванні палітвязня ў сувязі з нездавальняючым заробкам. Ю. Рубцоў пры гэтым неаднойчы заяўляў, што не адмаўляецца працаваць, але патрабуе заробку, які адпавядае сярэднестатыстычнаму ў Беларусі. У сваёй штогадовай справаздачы Amnesty International, якая выйшла ў канцы лютага, гэтая ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя адзначыла, што крымінальны пераслед актывіста Юрыя Рубцова звязаны з парушэннямі свабоды сходаў у Беларусі.

У пачатку лютага стала вядома, што палітвязень Ігар Аліневіч зноў змешчаны ў ШІЗА на 10 сутак. Гэта стала пятым пакараннем карцэрам за апошнія паўгады, якія ён правёў у калоніі “Віцьба”, куды быў пераведзены ў верасні 2014 года ў сувязі з расфарміраваннем калоніі ў Наваполацку. Прычына пакарання тая ж самая – адмова займацца уборкай. Паводле маці палітвязня Валянціны Аліневіч, сыну таксама абмяжоўваюць магчымасць ліставання і тэлефонных званкоў. Падчас кароткатэрміновага спаткання Ігара Аліневіча з роднымі, якое адбылося ў канцы лютага, палітвязень расказаў, што яму не даходзяць лісты і газеты. Ён таксама паведаміў, што пераведзены ў іншы атрад, дзе ўтрымліваюцца былыя чыноўнікі, пракурорскія, міліцэйскія работнікі, былыя суддзі, што вязню не вельмі падабаецца.

Палітвязню Мікалаю Статкевічу не далі працу ў шклоўска калоніі, хаця ён імкнуўся яе атрымаць. Прычынай адміністрацыя назвала перасцярогу атрымання зняволеным траўмы. Гэта стала вядома з тэлефанавання зняволенага жонцы Марыне Адамовіч. Ён таксама паведаміў, што пераведзены ў атрад пасля карантыну. Адзначыў палітвязень паляпшэнне стану будынку, дзе знаходзіцца ягоны атрад, а таксама сказаў, што лепшым стала харчаванне. Разам з тым, у яго пачаліся праблемы з прэсай – выданні, на якія ён быў падпісаны, да яго не даходзілі. ​

Напачатку лютага палітвязень Яўген Васьковіч, які напрыканцы мінулага года быў пераведзены з турмы ў калонію №15 Магілёва, атрымаў першае за чатыры гады зняволення суткавае спатканне з маці. Па словах Рушаніі Васьковіч, сын выглядае схуднелым, старанна выконвае сваю працу (шые целагрэйкі) і спадзяецца на датэрміновае вызваленне. Пасля спаткання палітвязню забаранілі ўзяць з сабой у атрад прававую літаратуру, у тым ліку – Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Чаму гэтая літаратура апынулася пад забаронай, супрацоўнікі калоніі не растлумачылі. 26 лютага Яўгену Васьковічу споўнілася 25 гадоў, чатыры з якіх ён правёў у няволі.

 

Смяротнае пакаранне

 

У лютым родныя асуджаных да смяротнага пакарання і пакараных працягвалі спробы дамагчыся ад упаўнаважаных дзяржаўных органаў ініцыявання зменаў заканадаўства і практыкі яго ўжывання ў частцы паведамлення пра месцы пахавання расстраляных і выдачы іх цел.

Вольга Грунова, маці пакаранага смерцю жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, атрымала на свой зварот у Адміністрацыю прэзідэнта адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслава Бука, у якім утрымлівалася адмова ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб змене заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы расстраляных. “Усталяванае артыкулам 175 крымінальна-выканаўчага кодэкса абмежаванне абумоўлена неабходнасцю забеспячэння грамадскага парадку і абароны маральнасці, паколькі інфармацыя пра месца пахавання асуджанага можа ў тым ліку справакаваць негатыўные паводзіны з боку родных і блізкіх пацярпелых ад злачынства і іншых асоб, а таксама пацягнуць іншыя эксцэсы”, - лічаць у прэзідэнцкай адміністрацыі. Аналагічную адмову Вольга Грунова атрымала і з апарату Савета Міністраў. “Інфармуем, што Прэзідыум Савета Міністраў прыняў рашэнне ад адмове ў задавальненні Вашай просьбы аб накіраванні ў Канстытуцыйны суд прапановы аб праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса”, - паведаміла начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў апарата Савета Міністраў Л.І. Астроўская.

Не змагла дамагчыся Вольга Грунова вырашэння балючага для яе пытання і праз судовую сістэму. У пачатку лютага судовая калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда адмовілася заволіць яе прэтэнзіі, пакінуўшы ў сіле рашэнне суда Цэнтральнага раёна аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Гомельскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахавання яе расстралянага сына. Вольга Грунова падала наглядную скаргу на імя старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова і адначасова звярнулася з індывідуальнай скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Вольга Грунова просіць Камітэт ААН устанавіць факт жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага яе годнасць абыходжанне з боку дзяржавы, а таксама рэкамендаваць Ураду Беларусі прывесці нацыянальнае заканадаўства і практыку яго ўжывання ў гэтай частцы ў адпаведнасць з міжнароднымі дамовамі краіны.

У лютым аналагічныя спробы ініцыяваць змяненне заканадаўства ў пытанні выдачы цел расстраляных і паведамлення пра месца іх пахавання распачала маці пакаранага смерцю Паўла Селюна -- Тамара Сялюн. Яна накіравала ў суд Ленінскага раёна горада Гродна скаргу на рашэнне і дзеянні службовых асоб Гродзенскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь. У скарзе Т.Сялюн адзначае, што Гродзенскі абласны суд са спасылкай на арт.175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса адмовіў ёй у паведамленні пра месца пахавання сына і выдачы цела. У сваёй скарзе Т. Сялюн просіць паставіць пытанне аб прызнанні арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса не адпавядаючым Канстытуцыі.

 

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

У лютым стала вядома, што судова-медыцынская экспертная камісія не стала ў чарговы раз «дапускаць», што Аляксандр Акуліч мог сам сабе прычыніць шматлікія цялесныя пашкоджанні, зафіксаваныя пры даследаванні трупа. На гэта ўказвае заключэнне па выніках новай экспертызы, праведзенай па патрабаванні маці Аляксандра Акуліча, які загінуў у ІЧУ Светлагорскага РАУС у траўні 2012 года, як яна лічыць, у выніку бесчалавечнага абыходжання з затрыманым з боку супрацоўнікаў РАУС Сцешанкова і Бачко. У новым заключэнні (№623 ад 16.01.2015) Упраўлення складаных судова-медыцынскіх экспертыз меркаванне папярэдніх экспертаў абвяргаецца: «Улічваючы характар усіх устаноўленых на трупе Акуліча А.А. цялесных пашкоджанняў, лакалізацыю ў розных анатамічных абласцях цела, іх утварэнне пры аднаразовым падзенні са становішча стоячы, з суўдарэннем з плоскай пераважнай паверхняй, выключаецца». Маці загінулага Аляксандра Акуліча, маючы дадзенае заключэнне, намерана надалей дабівацца пакарання супрацоўнікаў міліцыі, які, на яе думку, вінаватыя ў смерці сына.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

21 лютага праваабаронца Алена Танкачова, кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend”, вымушана пакінула Беларусь. Напярэдадні судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда адмовіла ёй у задавальненні касацыйнай скаргі на рашэнне аб высылцы. Падставамі для рашэння пра высылку праваабаронцы сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі. Рашэнне пра высылку было прынята 5 лістапада 2014 г. УУС Першамайскага раёна Мінска. Грамадзянка Расіі Алена Танкачова пражывала ў Беларусі каля 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і ўзначалены ёю Цэнтр прававой трансфармацыі аказвалі прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы расцанілі высылку сваёй калегі як пераслед за яе прынцыповую пазіцыю ў пытаннях ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

 

Адвольныя затрыманні і адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах

 

Практыка адвольных затрыманняў не спынялася і ў лютым. Працягваўся распачаты ў студзені пераслед прадстаўнікоў анархісцкага руху, адвольным затрыманням падвергліся прадпрымальнікі і грамадскія актывісты. Для ізаляцыі прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп па-ранейшаму выкарыстоўваліся абвінавачанні ў дробным хуліганстве і непадпарадкавані супрацоўнікам міліцыі, у некаторых выпадках – у спалучэнні дзеля павелічэння тэрміну пакарання. Суды ва ўсіх выпадках абсалютна некрытычна ставіліся да паказанняў сведак-міліцыянераў, якія здзяйснялі затрыманні, беручы іх у аснову абвінаваўчых рашэнняў. Відавочна, што ў падобных справах суддзі кіраваліся палітычнай замовай, надаючы законны выгляд дзеянням сілавых структур.

Яскравы прыклад фабрыкавання справы дзеля ізаляцыі асобы – сітуацыя з былым палітвязнем, актывістам анархісцкага руху Аляксандрам Францкевічам. 2 лютагаў да яго на працу прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Дырэктар папрасіў Аляксандра спусціцца ўніз, дзе людзі ў цывільным яго затрымалі. Актывіста даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, дзе на яго былі складзеныя два пратаколы: арт. арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы). На наступны дзень у судзе Савецкага раёна адбылося разбіральніцтва, падчас якога сведкі - супрацоўнікі АМАП Сіняк і Палавінкін паказалі, што, знаходзячыся па вуліцы, грамадзянін Францкевіч паводзіў сябе падазрона: хадзіў уперад-узад, тузаўся, нерваваўся, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу. Абодва сведкі распавялі, што яны нібыта прадставілася, паказалі пасведчанне, пасля чаго Францкевіча пачаў уцякаць. Калі яго дагналі, яму яшчэ раз паказалі пасведчанне, ён у сваю чаргу пачаў лаяцца грубай нецэнзурнай лаянкай. Пасля гэтага ён нібыта быў папярэджаны аб ужыванні фізічнай сілы, пасаджаны ў службовую машыну і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна. Нягледзячы на відавочныя хлуслівыя паказанні супрацоўнікаў міліцыі, суддзя Арцём Бяскішкі прызнаў Аляксандра Францкевіча вінаватым і асудзіў на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Мэта ізаляцыі актывіста стала відавочнай падчас адбыцця ім пакаранння, калі да яго прыйшлі аператыўнікі з РУУС Леніскага раёна сталіцы, якія спрабавалі высветліць асоб, якія бралі ўдзел у акцыі супраць незконных дзеянняў міліцыі ў студзені. У гэты ж дзень была асуджана па аналагічных абвінавачаннях у судзе Савецкага раёна суддзёй Кірылам Палелухам на 10 сутак адміністрацыйнага арышту яшчэ адна прадстаўніца анархіхцкага руху. Яна таксама была затрымана на працоўным месцы, але ў судзе сведкі-міліцыянты – Яноўскі М. і Бізюк Р. сцвярджалі, што праходзячы па вуліцы, яны нібыта раптам пачулі шум і нецэнзурную лаянку ў доме з зачыненымі дзярыма і вокнамі, што і стала прычынай затрымання і складання пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэння.

Адвольнае прывентыўнае затрыманне дырэктара фірмы міжнародных грузаперавозак Сяргея Штоды было ўжыта з мэтай спынення ягонай актыўнасці ў адстойванні інтарэсаў грузаперавозчыкаў і недапушчэння магчымых акцый пратэсту з іх боку. 3 лютага Сяргей Штода паведаміў, што плануе сустрэцца з віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім, і калі не ўдасца дамовіцца пра скасаванне накладзеных на грузаперавозчыкаў штрафаў за нібыта парушэнні правілаў перавозак грузу ў рамках сістэмы BelToll - 4 лютага вывесці на вуліцу тысячы пацярпелых бізнесменаў. Пасля паходу ў Саўмін сувязь з бізнесоўцам абарвалася, а пазней стала вядома, што Сяргея Штоду затрымалі пасля выхаду з урадавага будынка супрацоўнікі АМАП, даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд пакараў прадпрымальніка арыштам на 15 сутак. Пасля адбыцця пакарання Сяргей Штода паведаміў, што ўлады не выключалі, што акцыя каля Дома ўраду можа адбыцца і падрыхтавалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў камеры на двух паверхах. Па словах Штоды, акцыя грузаперавозчыкаў не адбылася, паколькі была дамоўленасць, што ён усіх абтэлефануе і дасць сігнал. Паколькі ён быў затрыманы, то патэлефанаваць не мог, і на акцыю ніхто не прыехаў.

Гомельская актывіста Кастуся Жукоўскага 19 лютага затрымалі ў будынку Гомельскага аблвыканкаму, куды ён пайшоў, каб падаць скаргу. На ўваходзе ў будынак узнікла спрэчка з ахоўнікам, і той выклікаў міліцыю. Апошнія даставілі актывіста ў суд, дзе ён быў пакараны арыштам на 10 сутак за нібыта брудную лаянку (арт. 17.1 КаАП -- дробнае хуліганства). Больш за суткі ні родныя, ні сябры, ні знаёмыя, ні калегі не ведалі – куды ён знік. Толькі вечарам 20 лютага жонцы К. Жукоўскага патэлефанавала незнаёмая жанчына, якая паведаміла, што ён арыштаваны і знаходзіцца ў ІЧУ. У знак пратэсту актывіст увесь час знаходжання пад вартай трымаў сухую галадоўку.
Пратаколы з абвінавачаннем у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) былі складзены на актывістаў моладзевай ініцыятывы “Альтэрнатыва” Уладзіслава Запасава і Сяргея Качуру за расклейку плакатаў да Дня роднай мовы ў Мінску каля плошчы Якуба Коласа 20 лютага. У гэты ж дзень суд Савецкага раёна сталіцы аштрафаваў кожнага з іх на 50 базавых велічынь.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

У сферы свабоды слова ў лютым захоўваліся праблемы і абмежаванні, характэрныя для папярэдніх месяцаў, а таксама дадаліся новыя.

Так, 25 лютага з’явілася распараджэнне за подпісам намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Мельчанкі, згодна з якім асабоваму складу міліцыі дадзены загад арыентавцца на «выяўленне, затрыманне і дастаўку ў УУС асоб, якія ажыццяўлялі фота- і відэаздымкі будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку тых, якія ажыццяўляюць праваахоўную дзейнасць, а таксама крытычна важных аб’ектаў», забяспечыць іх «асабісты агляд, апытанне, праверку па базах дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлік». Дакумент з’явіўся пасля таго, як у Лоеве 23 лютага быў затрыманы, а потым і асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту грамадзянін Расіі -- навуковы супрацоўнік Геалагічнага інстытута Расійскай АН, кандыдат геолага-мінералагічных навук Аляксей Калеснічэнка за фатаграфаванне будынкаў у Лоеве, сярод якіх аказаліся некалькі дзяржаўных устаноў. Распараджэнне намесніка міністра, па меркаванні экспертаў, з’яўляецца загадзя незаконным, паколькі ў ім утрымліваецца заклік да шараговых супрацоўнікаў здзяйсняць службовыя правіны, якімі з'яўляюцца загадзя незаконныя затрыманні. Першым журналістам, які зведаў на сабе дзеянне новага абмежавальнага распараджэння, стаў фотакарэспандэнт «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Дзмітрый Ласько, якога затрымалі на 4 гадзіны за тое, што ён рабіў фотаздымкі новай падсветкі галоўнага корпуса Акадэміі навук. Гэта адбылося ўжо 26 лютага. Пазней прэс-служба МУС патлумачыла, што праваахоўнікі маюць права ведаць пра мэту фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў, але аб забароне на здымкі гаворка не ідзе, пры гэтым практыка затрыманняў працягнулася. 
Ад 26 лютага набыло моц «Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт», распрацаванае Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта і Мінсувязі па ўзгадненні з Мінінфармацыі. Згодна з дакументам, пасля таго, як чыноўнікі прымуць рашэнне пра закрыццё доступу да сайту, Мініфармацыі на працягу трох дзён паведамляе пра гэта ў Дзяржінспекцыю па электрасувязі і ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу, калі ён размешчаны ў нацыянальным сегменце інтэрнэту. Калі чыноўнікі высветляць, што для доступу да закрытых сайтаў выкарыстоўваюцца ананімайзеры і праграмы кшталту Tor, яны дададуць ідэнтыфікатары гэтых сайтаў у спіс абмежаванага доступу. Уладальнік сайта мае права звярнуцца ў Мінінфарм, каб аднавіць доступ да свайго рэсурсу. Цягам месяца чыноўнікі могуць разглядаць гэтае рашэнне. Пры станоўчым выніку яны за тры дні павінны даслаць яго ў Дзяржінспекцыю па электрасувязі і ўладальніку рэсурсу, а пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны аднавіць доступ да рэсурса цягам сутак. Медыяэксперты адзначылі, што яўна рэпрэсіўны механізм абмежавання, які закладзены ў Палажэнні, ніяк не суадносіцца з прынцыпам свабоды выказвання меркавання, да таго ж ён дадзены ў рукі органам, якія не вызначаюцца павагай да гэтых базавых прынцыпаў. Звяртае ўвагу тое, што блакаванне доступу да сайта адбываецца ў трохдзённы тэрмін ці нават 24-гадзінны, а на аднаўлене доступу Мінінфармацыі мае цэлы месяц на разгляд адпаведнага звароту.

У лютым працягваўся пераслед журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. 25 лютага незалежная журналістка з Брэста Аліна Літвінчук з судовай пастановы, якую даслалі поштай, даведалася, што яна прызнана вінаватай у парушэнні арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконным выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і аштрафавана на 40 базавых велічынь. Пастанову вынес суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук. Згодна пастановы, 8 студзеня Аліна Літвінчук, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю для «Беларускага Радыё Рацыя» ў старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра Лідзіі Раманюк. Паводле Аліны Літвінчук, ні пра складзены міліцыяй адміністрацыйны пратакол, ні пра судовае разбіральніцтва яе ніхто не інфармаваў, пра тое, што адбыўся суд, яна даведался па факце. Сёлета гэта быў ужо другі суд, звязаны з журналісцкай дзейнасцю Аліны Літвінчук. 27 лютага гэты ж суддзя справу другой незалежнай журналісткі – Тамары Шчапёткінай з Бярозы вярнуў у аддзел унутраных спраў Ленінскага раёна Брэста на дапрацоўку. Тамара Шчапёткіна таксама абвінавачваецца ў незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (арт. 22.9 КаАП) -- інтэрв’ю з супрацоўнікам міліцыі ДПС АДАІ Брэсцкага РАУС Сяргеем Неліповічам, якое было размешчана на сайце “Радыё Рацыя”.

Наяўнасць сістэмных праблем у галіне свабоды слова ў Беларусі і адсутнасць палітычнай волі да іх вырашэння знайшло сваё адлюстраванне ў рэйтынгу міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». Беларусь у гэтым рэйтынгу — на 157 месцы, як і ў мінулым годзе. Індэкс свабоды прэсы публікуецца штогод і вымярае ўзровень свабоды распаўсюду інфармацыі ў 180 краінах па цэлым шэрагу крытэраў, якія ўключаюць у сябе плюралізм СМІ і іх незалежнасьць, павагу да бяспекі і свабоды журналістаў, стан заканадаўчага, інстытуцыйнага і інфраструктурнага асяроддзя, у якім журналісты працуюць.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

У лютым працягвалася ранейшая практыка абмежавання свабоды мірных сходаў і забароны правядзення масавых мерапрыемстваў. Так, Баранавіцкі гарвыканкам забараніў грамадскаму актывісту Мікалаю Чарнавусу пікет супраць карупцыі і роста коштаў на камунальныя паслугі. Намеснік старшыні гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч адзначыў, што заяўнік няправільна ўказаў месца правядзення пікета згодна новага рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах. Пры гэтым на момант падачы заявы актывістам рашэнне выканкама не было апублікавана. Пасля азнаямлення з новым рашэннем, якое рэгулюе парадак правядзення масавых сходаў у Баранавічах, высветлілася, што новае месца знаходзіцца яшчэ далей ад цэнтра горада і ад людзей: гэта зусім непрыстасаваная пляцоўка старога парку з боку вуліцы Міцкевіча, дзе амаль не ходзяць людзі і вядзецца будоўля.

У Полацку рабочым прадпрыемства "Полацк-Шкловалакно" забаранілі 12 лютага праводзіць пікет для збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта, каб прыпыніць дзеянне дэкрэту №5. Прычынай забароны стала тое, што арганізатары не прадставілі дамоў з медыкамі, міліцыяй і работнікамі службаў ЖКГ. Мікалай Шарах, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага на прадпрыемстве, адзначыў, што Законам аб масавых мерапрыемствах не прадугледжана патрабаванне да арганізатараў дадаткова дамаўляцца і аплочваць працу служб, якія фінансуюцца з бюджэту краіны, але гэты аргумент не быў прыняты гарадскімі ўладамі.

Адсутнасць дамоў з дзяржаўнымі службамі на абслугоўванне масавых мерапрымстваў – найбольш распаўсюджаная прычына забароны мірных сходаў. У многіх выпадках атрымаць іх фактычна немагчыма. Напрыклад, з-за іх адсутнасці былі забаронены адразу тры пікеты, якія рыхтаваліся сябрамі КХП БНФ у Віцебску. Арганізатары збіраліся абмеркаваць з землякамі праблемы, звязаныя са знаходжаннем Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Апроч заявак на пікеты ў тры раённыя адміністрацыі горада былі пададзены копіі заяў генеральнаму дырэктару УКВП «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка», ва Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму і ва ўстанову аховы здароўя «Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка». Але ў выніку заключыць дамовы не атрымалася ні з кім, апроч камунальнікаў. На падставе адсутнасці дамоваў раённыя ўлады забаранілі мерапрыемствы.

У лютым стала вядома пра прынятыя ў некаторых рэгіёнах новыя рашэнні мясцовых выканаўчых органаў адносна парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, якія ў большасці датычылі вызначэння новых месцаў для правядзення публічных акцый. Як правіла, новыя месцы сталі яшчэ больш неспрыяльнымі для прыцягнення ўвагі грамадскасці і адпаведных дзяржаўных органаў да праблем, якія імкнуцца ўзняць заяўнікі масавых мерыпрыемстваў. Напрыклад, у Светлагорску вызначана новае месца -- «правая трыбуна стадыёна «Бумажнік» дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2. Акрамя таго, што стадыён агароджаны плотам, ва ўладаў з'явілася дадатковая падстава для адмоваў – правядзенне спартыўных спаборніцтваў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international