Грамадская ініцыятыва "Хайсы" будзе дамагацца ўшанавання памяці ахвяр сталінізму на Віцебшчыне

2015 2015-03-19T19:44:46+0300 2015-03-19T19:44:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dziarzaucau-jan.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ідэя стварэння ініцыятывы "Хайсы" належыць сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, а назвалі яе паводле назвы вёскі ў Віцебскім раёне. Паводле мясцовых жыхароў, у бліжэйшым лесе ў 1930-я гады расстрэльвалі людзей. У лістападзе 2014 г. актывісты ўсталявалі тут памятныя крыжы.

З таго часу Ян Дзяржаўцаў разам з аднадумцамі спрабуюць дамагчыся ўцямнага адказу: што за падзеі тут адбываліся, і чаму грыбнікі дагэтуль знаходзяць у бліжэйшым лесе чалавечыя парэшткі – косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі

"Упершыню пра ямы з чалавечымі косткамі мне распавёў жыхар Лужасна Іван Кудзінаў. Было гэта гадоў 8 таму. Гэтая гісторыя не давала мне спакою, і ўрэшце мы з сябрамі вырашылі з'ездзіць у той лес каля вёскі Хайсы. Івана Кудзінава ўжо не было ў жывых, і нас павёў ягоны брат, Сяргей Кудзінаў. Убачанае ўразіла: шмат ям, у некаторых відаць чалавечыя косткі, парослыя мохам… Мы ўсталявалі тут крыжы, уніяцкі святар айцец Зміцер памаліўся за супакой душаў загінулых. І ў той самы дзень мы напісалі заявы ў абласны УУС, следчы камітэт, пракуратуру. На наступны дзень да ям прыехалі спецыялісты камітэту, узялі некалькі чарапоў і костак на экспертызу і завезлі ў Віцебск. Пазней нас апыталі ў следчым камітэце Віцебскага раёна, куды нашы заявы ўрэшце трапілі. І паведамілі, што ўсе парэшткі адправілі на экспертызу ўжо ў Мінск", -- распавядае Ян Дзяржаўцаў.

Паводле ягоных слоў, ён ды іншыя актывісты прасілі, каб ім паведамілі пра вынікі экспертызы, але атрымалі адмову. Маўляў, не вы звярталіся па экспертызу, і вынікі вас не тычацца. Таму было вырашына стварыць грамадскую ініцыятыву – каб звяртацца ў розныя структуры ўжо не прыватна, а ад імя грамадскай структуры.

Ян Дзяржаўцаў занепакоены, што вынікі экспертызы могуць схаваць ад грамадскасці:

"У свой час, гадоў 20 таму, браты Кудзінавы таксама звярталіся і ў сельсавет, і ў міліцыю, і ў царкву – каб нешта зрабілі з парэшткамі, раскіданымі ў лесе. Але замест адказу ім сказалі: "Не лезце, куды не варта!" Мы зразумелі, што ўлады не дужа хочуць займацца раскрыццём таямніцы расстрэлаў у гэтым лесе. Між тым мясцовыя жыхары кажуць, што чулі аповеды старэйшых пра сталінскія расстрэлы пад Хайсамі. Таму трэба дабівацца праўды. І ўшанавання памяці расстраляных тут людзей".

Бліжэйшыя планы новастворанай ініцыятывы – гэта збор подпісаў пад лістом у Мазалаўскі сельсавет, каб улады далі дазвол на добраўпарадкаванне месца массавых расстрэлаў. Актывісты разумеюць, што нельга праводзіць там саматужныя раскопкі і рабіць брацкія пахаванні па ўласнай ініцыятыве. Але яны хацелі б высекчы хмызы і кустоўе, усталяваць яшчэ некалькі памятных крыжоў і ўказальнік на шашы Віцебск-Гарадок. Таксама яны збіраюцца зрабіць адмысловую мапу і размясціць яе ў ітэрнэце – каб кожны ахвотны мог трапіць у гэтыя мясціны. Верагодна, што такім чынам адгукнуцца і сваякі расстраляных тут людзей.

Яшчэ адна справа актывістаў – запісваць сведчанні відавочцаў ці тых, хто нешта ведае пра сталінскія расстрэлы. Не толькі ў Хайсах, але і па ўсім Віцебскім раёне. А праз пэўны час звярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам з просьбай стварыць у Віцебску помнік усім тутэйшым ахвярам сталінізму.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international