Анжаліку Борыс паставілі на прафіляктычны ўлік

2015 2015-03-12T12:43:01+0300 2015-03-12T12:43:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/anzhalika_borys.jpg
Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс

Яе падазраюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта ёй паведаміў сьледчы Ўпраўленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Гарадзенскай вобласьці.

Паводле Борыс, найперш сьледчы абвясьціў ёй добрую навіну: крымінальную справу супраць яе не ўзбуджаюць:

«А другое — ён мне заявіў, што нібыта яны бачаць, што я дзейнічаю ад імя незарэгістраванага Саюзу палякаў, і таму ставяць на прафіляктычны ўлік. Цяпер кожны месяц яны будуць праводзіць са мной прафіляктычныя размовы. Праўда, чаго яны могуць датычыць, я пакуль ня ведаю. Хоць магу здагадвацца, што гэтыя размовы будуць зьвязаныя толькі з маёй актыўнасьцю ў Саюзе палякаў».

Анжаліка Борыс паведаміла, што якраз сёньня спаўняецца роўна 10 гадоў, як яе абралі кіраўніком непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. І хоць цяпер яна ўжо не старшыня арганізацыі, але лічыць, што, паставіўшы яе на прафіляктычны ўлік, улады далі ёй зразумець, што ў любы момант могуць узбудзіць крымінальную справу. Паводле Борыс, яна можа толькі здагадвацца, чаму справу пакуль не ўзбудзілі.

 «Справы, якія ўзбуджаюцца па палітычных матывах, могуць быць прыпыненыя, а ў патрэбны час ізноў узбуджаныя. Я думаю, што цяпер справа не была ўзбуджана толькі таму, што ўладам трэба наладзіць кантакты з Захадам».

Анжаліка Борыс цяпер старшыня Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. У мінулым месяцы Анжаліку Борыс выклікалі на размову да сьледчага. З размовы зь ім яна зрабіла выснову, што яе хочуць зьвінаваціць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле Борыс, сьледчага цікавіла таксама, на якія сродкі існуе арганізацыя, якую дзейнасьць праводзіць і якія мае кантакты ў Польшчы.

З 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Пасьля таго як беларускія ўлады не прызналі зьезд арганізацыі, на якім за старшыню абралі Анжаліку Борыс, быў праведзены паўторны зьезд. Старшынём СПБ на ім абралі Юзафа Лучніка, якога, у сваю чаргу, не прызналі ў Польшчы. Наступніцай Анжалікі Борыс з таго часу стала Анжаліка Арэхва, а цяпер за старшыню Мечыслаў Яськевіч. Спадара ж Лучніка зьмяніў на пасадзе Станіслаў Сямашка, а пазьней Мечыслаў Лысы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international