Светлагорск: інваліда 1 групы суд пакараў штрафам за правядзенне пікета ў абарону правоў людзей з інваліднасцю

2014 2014-12-22T13:23:15+0300 2014-12-22T13:23:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravasuddzee.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 22 снежня, у судзе Светлагорскага раёну адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні інваліда-вазочніка 1 групы Юрыя Ляшэнкі. Жыхар Гомеля 25 лістапада спрабаваў зладзіць пікет каля будынку райвыканкаму, але яму перашкодзіла «хуткая дапамога», якая забрала яго ў шпіталь.

Юрыя Ляшэнку абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Суддзя Ірына Алісейка пакарала грамадскага актывіста штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (300 тысяч беларускіх рублёў). «Асноўныя прэтэнзіі на судзе тычыліся таго, што пікет я праводзіў на адлегласці бліжэй чым 50 метраў да будынку выканкаму. На мае пытанні да суду наконт «хуткай» - чаму мяне забралі з пікета медыкі, якіх я не выклікаў і якія спрабавалі мяне ўпэўніць, што мне блага, і нават у шпіталі зрабілі ін'екцыю магнэзіі ад ціску, суддзя адказу не дала. Маўляў, дадзенае пытанне не разглядаецца ў межах гэтай справы, і адносінаў не мае. Я буду высвятляць гэтае пытанне: пісаць запыты, разбірацца», - патлумачыў Юрый Ляшэнка.

Ён звярнуў увагу, што міліцыянер, які быў сведкам на судзе, пацвердзіў, што не прысутнічаў на месцы пікета каля райвыканкаму, а прыйшоў наўпрост у шпіталь, куды «хуткая» завезла Юрыя Ляшэнку і там складаў пратакол.

Нагадаем, суд над грамадскім актывістам павінен быў адбыцца 27 лістапада ў Светлагорску. Але працэс не адбыўся. Калі Юрый Ляшэнка з адвакатам прыбылі ў суд, да іх падышоў падпалкоўнік міліцыі і паведаміў, што суд пакуль не адбудзецца, бо матэрыялы справы патрабуюць дапрацоўкі.

Потым грамадскі актывіст з'ехаў на лячэнне за мяжу. «Сёння, 22 снежня, я вяртаўся з-за мяжы. І ў чатыры ночы, калі ўжо заехаў на тэрыторыю Беларусі, атрымаў смс-паведамленне, што сёння ў 10 раніцы адбудзецца суд», - дадаў грамадскі актывіст.

25 лістапада ён спрабаваў зладзіць каля райвыканкаму пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Але 25 лістапада Юрый Ляшэнка выехаў на вазку на цэнтральную плошчу Светлагорска. Праз некалькі хвілін, не паспеў ён і разгарнуць плакат, як да яго падбеглі супрацоўнікі «хуткай», якая з мігалкамі пад'ехала на плошчу, і мужчыну пацягнулі ў аўтамабіль. «Мяне двое супрацоўнікаў «хуткай» пераконвалі, што мне блага, і мне патрэбная неабходная дапамога, я наогул не мог зразумець – што адбываецца. Мне было добра, хуткую я не выклікаў! У шпіталі мне памералі ціск, зрабілі кардыяграму, сказалі, што ў мяне тахікардыя і ўкалолі укол. Потым прыйшоў міліцыянер, які апытаў мяне», - распавёў актывіст.

Заўтра ў судзе Светлагорскага раёну адбудзецца разгляд грамадзянскай справы па скарзе Юрыя Ляшэнкі на дзеянні райвыканкаму, якія забаранілі яму правесці пікет.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international