У “Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” з’явіўся патрон у Сейме Літвы

2014 2014-12-17T13:26:43+0300 2014-12-17T13:26:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paluda_i_kuodyte.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дэпутат Сейма Літвы Далья Куадзітэ і каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэй Палуда

Дэпутат Сейма Літвы Далья Куадзітэ і каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі Андрэй Палуда

Дэпутат Сейма Літвы Далья Куадзітэ ўзяла пад патранаж кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” з намерам распаўсюджваць інфармацыю пра гэтую праблему ў рамках сваіх паўнамоцтваў. З такой прапановай да яе звярнуўся прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс. Пра сваё рашэнне Далья Куадзітэ абвесціла падчас дыскусіі па сітуацыі ў Беларусі, якая на мінулым тыдніладзілася ў Літоўскім Сейме. Адной з праблемаў, вынесеных на абмеркаванне, было смяротнае пакаранне. 
У інтэрв'ю для сайта "Вясны" Далья Куадзітэ распавяла пра сваё стаўленне да наяўнасці смяротнага пакарання ў суседняй Беларусі і да становішча з правамі чалавека ў цэлым.

- Мне вельмі прыемна, што Віціс прапанаваў мне быць патронам гэтай кампаніі. Сапраўды, Беларусь - адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. І я думаю, што гэта ненатуральна, гэта супраць прыроды чалавечай. Мы не маем права адбіраць жыццё нават у забойцы, бо не мы далі гэтае жыццё чалавеку. І сапраўды, мае сэнс пра гэта казаць і змагацца супраць такіх дзеянняў. У кантэксце правоў чалавека гэта, на мой погляд, важна ўдвая.

- Што Вы можаце сказаць пра стаўленне да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі на ўзроўні літоўскай дзяржавы? Наколькі вядома, прадстаўнікі Амбасады Літвы ў Мінску не ўваходзяць у Працоўную групу па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі, утвораную прадстаўнікамі іншых амбасадаў краінаў Еўрасаюза…

- Мне цяжка нешта сказаць на гэты конт, але я пацікаўлюся, чаму наш амбасадар не ўваходзіць у гэтую кааліцыю. Магчыма, не мае нейкай інфармацыі. Але мяркую, як еўрапейская краіна мы адназначна заўсёды будзем за тое, каб у Беларусі не толькі было б адмененае смяротнае пакаранне, але і правы чалавека былі б сапраўды на належным узроўні. Хоць важна зразумець, што для гэтага павінна нешта змяніцца і ўнутры беларускага грамадства. Вядома, можна спадзявацца, прасіць дапамогі - і гэта не сорамна і не страшна. Так і трэба. Але калі не зменіцца менталітэт грамадства, калі не ўтворыцца крытычная маса людзей, для якіх важны не толькі хлеб надзённы, то нічога не выйдзе. Ціск звонку - гэта нейкі механічны ціск. Людзі самі павінны разумець... Чула я таксама ад беларусаў, што "ўсё ў парадку: у мяне там дом, трактар, машына, на якой я прыязджаю ў Вільню на закупы, добрыя дарогі, апрацаваныя палі... Пра што гэта вы?" Калі чалавек жыве ў гэтым сваім маленькім свеце, калі яму не патрэбная свабода па сутнасці, то вельмі цяжка спадзявацца, што адбудуцца нейкіякардынальныя перамены на палітычным узроўні.

- Што, на Ваш погляд, дапамагло літоўскаму грамадству павярнуць сваю свядомасць у бок дэмакратычных працэсаў, правоў чалавека, зразумець іх важнасць? Бо Літва таксама, як і Беларусь, мае савецкае мінулае...

- Але ведаеце, у перадваенны час у нас было дваццаць гадоў свабоды, якія нас выратавалі практычна, таму што была створаная нармальная дэмакратычная, па тых мерках, дзяржава з моцнай нацыянальнай самасвядомасцю. За гэтыя дваццаць гадоў яны здолелі стварыць літоўскую нацыю. Калі б яшчэ пяцьдзесят гадоў гэтага савецкага "раю", то, напэўна, была б сітуацыя, падобная на беларускую. Але да 1990-га года мы прыйшлі з тымі людзьмі, якія былі з той Літвы і перадавалі той дух свабоды сваім дзецям. Для нас саміх гэта быў усплеск - калі смым галоўным была свабода, і была такая крытычная маса... У трохмільённай Літве на мітынгі выходзіла па сто-дзвесце тысяч, людзі з'язджаліся з усёй краіны, каб дзве гадзіны пастаяць поруч, усе былі як адзін кулак. Гэта была вельмі моцная эмоцыя. Але потым, як звычайна, прыходзяць будні... І step by step прыйшло разуменне таго, што такое правы чалавека, пачала будавацца нармальная дэмакратычная дзяржава. Але ўсё гэта таксама не ўзнікла раптоўна. І нават цяпер шмат каму у нашым Парламенце трэба пастаянна паўтараць пра тое, што ўсе маюць правы - і на свабоду слова, і на свабоду сходаў, і што гомасэксуальныя людзі - таксама людзі і маюць правы, як і ўсе астатнія, і да таго падобнае. Я думаю, што настане час і Беларусь пойдзе такім шляхам - цярністым, але да свабоды. І ўсё ж такі трэба нешта разварушыць ў душах людзей. У Беларусі ўжо сфармаваліся НДА - людзі, якія разумеюць сутнасць правоў чалавека. Я разумею, што ім вельмі цяжка ў сённяшніх умовах прабіцца да свядомасці людзей, данесці патрэбную інфармацыю. Але гонар тым, хто гэта робіць.

9 снежня ў Сейме Літвы прайшла фотавыстава "Вышэйшая мера", створаная ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"

Фотавыстава "Вышэйшая мера" ў Сейме Літвы
Фотавыстава "Вышэйшая мера" ў Сейме Літвы
Фотавыстава "Вышэйшая мера" ў Сейме Літвы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international