Алесь Бяляцкі: "Рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН успрыняў як асабістую сатысфакцыю" (тэкст дакумента)

2014 2014-11-27T12:53:39+0300 2015-01-16T15:26:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiacki-unhrc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў знакавае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага. Фота: Сяргей Грыц

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў знакавае рашэнне па справе Алеся Бяляцкага. Фота: Сяргей Грыц

Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе неафіцыйны пераклад рашэння Камітэта па правах чалавека ААН па справе кіраўніка арганізацыі і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

Разгледзеўшы індывідуальнае паведамленне па справе Алеся Бяляцкага, Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што прысуд праваабаронцы да працяглага тэрміну пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне дзейнасці арганізацыі, якую ён узначальвае, быў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі, і прыцягненне яго да крымінальнай адказнасці расцаніў як парушэнне гэтага права, гарантаванага артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Камітэт прызнаў, што дзяржава Беларусь парушыла правы Алеся Бяляцкага на свабоду і асабістую недатыкальнасць і на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантаваныя адпаведна артыкуламі 9 і 14 МПГПП. У рашэнні Камітэта ўказана, што Алесь Бяляцкі мае права на належныя сродкі прававой абароны, а менавіта: перагляд заявы "Вясны" аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зняцце судзімасці, адэкватную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё выплат, зробленых паводле судовых рашэнняў. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё ўнутранае заканадаўства аб асацыяцыях і прывесці яго ў адпаведнасць з артыкулам 22 Пакта.

Алесь Бяляцкі разглядае гэтае рашэнне Камітэта ААН як асабістую сатысфакцыю. “Гэтае рашэнне КПЧ ААН я ўспрыняў як асабістае задавальненне, таму што яно даказвае маю невінаватасць, тое, пра што я сцвярджаў усе гэтыя гады – перад зняволеннем падчас суда, падчас зняволення. Камітэт па правах чалавека ААН - найвышэйшая міжнародная інстанцыя на сённяшні дзень датычна беларускага грамадства, і ў Камітэт уваходзяць юрысты з розных краінаў, таму іх ацэнка ўспрымаецца як аб’ектыўная і важкая. Таму, канешне, я задаволены тым, што сапраўды мая пазіцыя не з’яўляецца няслушнай і што міжнародная грамадскасць расцаніла гэты прысуд як несправядлівы. Такім чынам, я адчуваю сябе вельмі ўпэўнена”.

Тут жа праваабаронца падкрэслівае, што рашэнне аўтарытэтнай міжнароднай інстанцыі разглядае найперш як маральную падмогу. “Канешне, рашэнні КПЧ ААН не выконваюцца беларускімі ўладамі, таму прыносяць, хутчэй, маральнае задавальненне, з’яўляюцца маральным вызначэннем. Бо наўрад ці трэба чакаць, што атрымаецца дамагчыся адмены прысуда беларускіх судоў, зыходзячы з гэтага рашэння, у сённяшняй сітуацыі, калі беларускія суды залежаць ад выканаўчай улады. У той жа час рашэнне КПЧ падкрэслівае палітычную матывацыю гэтага прысуда беларускіх судоў, што гэта не аб’ектыўны, не справядлівы прысуд, а выкліканы палітычнымі матывамі”.

Рашэнне Камітэта ААН па справе Алеся Бяляцкага ўжо займела міжнародны рэзананс і ў гэтым дачыненні праваабаронца звязвае з ім пэўныя надзеі. “Што б там ні казалі беларускія ўлады ці як бы ні рабілі выгляд, што іх гэтае рашэнне не датычыцца, такія рэчы моцна б’юць па аўтарытэту “незалежнага” беларускага суда. І пры наступных разглядах падобных палітычных спраў, прынамсі хацелася б думаць, што беларускія ўлады будуць дзейнічаць больш узважліва і больш абачліва і не пераследваць праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў за нашую дзейнасць. І другі момант – па падобных артыкулах былі асуджаныя праваабаронцы ў іншых краінах, не толькі постсавецкіх. Падобныя прысуды мы бачылі ў Азербайджане, Іране, у Расіі яны таксама намячаюцца. І гэтае рашэнне сапраўды можа паслужыць абгрунтаваннем для абароны праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, якія могуць аказацца ў падобных сітуацыях у іншых краінах. Прынамсі, гэта дакладны пасыл з боку Камітэта па правах чалавека ААН пра тое, што падобныя прысуды не маюць ніякіх перспектываў быць апраўданымі і прынятымі за законныя з боку шырокай міжнароднай супольнасці, якая ўключае не толькі еўрапейскія краіны, а фактычна прадстаўляе ўвесь свет. Таму, магчыма, іншыя дзяржавы будуць больш лічыцца з пагрозай непрызнання такіх палітычных прысудаў. Будзем спадзявацца, што гэта абмяжуе сваволле ўладаў аўтарытарных краінаў".

Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года на падставе абвінавачвання ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры” і прысуджаны 24 лістапада 2011 года да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля амаль трох гадоў пазбаўлення волі праваабронца быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 года, у першы дзень дзеяння закону аб амністыі, у якой яму адмаўлялі цягам двух гадоў запар з нагоды “шматлікіх парушэнняў рэжыму зняволення”. Усе гады зняволення краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі безумоўнага вызвалення вязня сумлення. Працоўная група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН у жніўні 2012 года прыняла рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, прызнаўшы яго зняволенне адвольным.   

 

Рашэнне КПЧ ААН па справе Алеся Бяляцкага ў перакладзе ПЦ "Вясна":

Файлы

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international