viasna on patreon

На віцебскіх журналістаў і актывістаў заводзяць адміністрацыйныя справы за фотаздымкі на фоне графіці

2014 2014-11-19T10:10:36+0300 2014-11-19T12:48:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-ptushki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналісты сфатаграфаваліся на фоне малюнка на сцяне будынка – выявы трох жалезных клетак, з якіх вырываецца зробленая з газеты птушка. Некалькі чалавек на фотаздымках таксама стаяць, трымаючы ў руках папяровых птушак або клеткі. Цяпер удзельнікаў фотасесіі выклікаюць у Чыгуначны РАУС і складаюць адміністрацыйныя пратаколы.

18 лістапада журналісту Зміцеру Казакевічу патэлефанаваў начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандр Рыбакоў. Ён паведаміў спадару Казакевічу, што той мусіць з'явіцца ў міліцыю, каб атрымаць тлумачэнні адносна ягонага ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Зміцер Казакевіч гаворыць, што патлумачыць быў гатовы толькі адно: ён сапраўды сфатаграфаваўся ў кампаніі сяброў і знаёмых, але гэта была фотасесія, як цяпер модна казаць, і ніяк не акцыя:

"Якая можа быць сувязь паміж фатаграфаваннем і несанкцыянаванай акцыяй? У горадзе фатаграфуюцца, прыкладам, вяселлі, экскурсанты – госці Віцебска. Потым гэтыя фотаздымкі з'яўляюцца ў тым ліку і ў "Фэйсбуку". Атрымліваецца, усе яны – таксама правапарушальнікі? Супрацоўнік міліцыі лічыць, што супольныя фотаздымкі некалькіх чалавек на фоне графіці, якія былі выкладзены ў "Фэйсбуку", з'яўляюцца доказам правядзення масавага мерапрыемства. Бо, ён кажа, потым гэтыя фотаздымкі з'явіліся на інтэрнэт-сайтах, і таму, маўляў, гэта ўжо не наша прыватная справа, а несанкцыянаваная акцыя. Гэта нейкае непаразуменне: я фотаздымкі на сайты не дасылаў, ні ў якіх акцыях не ўдзельнічаў - толькі фатаграфаваўся. Пасля гэтага я, аказваецца, ужо ўдзельнік несанкцыянаванай акцыі! На тое, каб сфатаграфавацца для сацыяльных сетак, ужо трэба атрымліваць нейкі дазвол? На нашых фотаздымках выразна відаць, што мы не трымаем плакатаў, нічога не крычым і не патрабуем. Ды нават у раздрукоўках з інтэрнэт-сайтаў, якія мне паказаў міліцыянт, слова "акцыя" не ўжываецца! Так што абвінавачанне лічу абсалютна беспадстаўным".

Тым не менш, на Зміцера Казакевіча быў складзены пратакол пра правапарушэнне паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 як на ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі. У міліцыі яму паведамілі і дату суду – 28 лістапада.

Яшчэ адзін "бажавец", Кастусь Мардвінцаў, паведаміў, што судовы разбор ягонай справы ў міліцыі прызначылі на 1 снежня:

"Я размаўляў з тым самым міліцыянтам, Аляксандрам Рыбаковым. Ён ўпэўнены, што я нейкім чынам выказваў свае грамадскія меркаванні, фатаграфуючыся на фоне графіці з птушкамі. Адкуль у яго такая ўпэўненасць, я не разумею. Запытаўся, ці няма ў міліцыі прытэнзій і да мастака, які гэта намаляваў. Спадар Рыбакоў адказаў: "Гэта было даўно". Сутыкнуўшыся з такім стаўленнем, я заявіў, што 27 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае мне права не сведчыць супраць сябе, і адмовіўся адказваць на пытанні. У пратаколе запісаў, што з версіяй міліцыянта, які лічыць мяне правапарушальнікам, я не згодны".

Тэлефонныя выклікі ў Чыгуначны РАУС атрымалі таксама каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяна Севярынец і актывістка аргкамітэту Алена Шабуня. Абедзьве спадарыні таксама перакананыя: апублікаванне асабістых здымкаў ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" не можа быць доказам іх удзелу ў нейкай акцыі. Тым болей, што ні адна, ні другая іх нават не размяшчалі. І адказнасці за любую інтэрпрэтацыю гэтых фотаздымкаў, калі іх скарыстаў нейкі іншы інтэрнэт-рэсурс, несці не могуць.

Фотаздымкі журналістаў і актывістаў былі апублікаваныя на адной з віцебскіх старонак ў "Фэйсбук". Гэта старонка называецца "Нашы ў горадзе", яе можа праглядаць кожны ахвотны, тут размяшчаюцца спасылкі на артыкулы пра Віцебск, фотаздымкі горада і яго жыхароў. Серыя фотаздымкаў, якія ў міліцыі лічаць "доказамі правапарушэння, называецца "Фотасесія на фоне любімага гарадскога графіці".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства