Эўрапейскія амбасадары ў Беларусі стварылі маніторынгавую групу па правах чалавека

2014 2014-10-28T16:22:19+0300 2014-10-28T16:22:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravy-chalaveka-karc.jpg

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала адной з галоўных тэмаў сустрэчы лідэраў беларускай апазыцыі з прадстаўнікамі 16 дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якая адбылася сёньня ў Менску.

Пра гэта Радыё Свабода распавёў адзін з удзельнікаў сустрэчы, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Апошняя сустрэча такога фармату праходзіла аж у 2010 годзе. Сёньня мы аднавілі такі фармат, і гэта ўжо плюс. Першае, з-за чаго мы сабраліся, — гэта падвышэньне страху ў грамадзтве праз справы Рубцова, Бандарэнкі, Вінаградава, а таксама іншых актывістаў. Гэты трэнд, які мы сёньня назіраем, нас хвалюе, і мы хацелі зрабіць на гэтым акцэнт.

Але, вядома, гэтым не абмежавалася наша размова. Мы абмяркоўвалі і стратэгію стасункаў Эўразьвязу і афіцыйнага Менску, прэзыдэнцкую кампанію і гэтак далей. Я б вызначыў фармат так: гэта была сустрэча з элемэнтамі адкрытай дыскусіі.

Па большасьці пытаньняў у нас быў агульны мэсыдж, пасланьне — па-першае, наконт гучных спраў апошняга часу, а па-другое — наконт свабодных і сумленных выбараў. Мы лічым, што гэта адзіны мэханізм, які можа прывесьці да зьменаў у Беларусі. Гэта вельмі важна, гэта моцна, і мы прапануем стварыць шырокую міжнародную кааліцыю, у якую ўвайшлі б прыхільнікі пераменаў у Беларусі і зацікаўленыя міжнародныя арганізацыі, каб дабіцца таго, каб у Беларусі ў бліжэйшай пэрспэктыве адбыліся хаця б адносна свабодныя, адносна сумленныя выбары паводле стандартаў АБСЭ», — распавёў Лябедзька.

Паводле ягоных слоў, амбасадары выказалі заклапочанасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Палітыкам паведамілі, што ў коле эўрапейскіх амбасадараў існуе нават адмысловая маніторынгавая група па гэтым пытаньні.

«Яны нас запэўнілі, што ніводзін выпадак, ніводнае здарэньне не губляецца за межамі іх цікавасьці. Гэта ўсё фіксуецца, і на гэта ёсьць пэўная рэакцыя. Што тычыцца свабодных і сумленных выбараў, я тут ня чуў ніводнага аргумэнту „не“, таму што ўсе гэтыя амбасадары прадстаўляюць краіны, дзе ёсьць свабодныя і сумленныя выбары, якія ствараюць і матывацыю для людзей ісьці ў палітыку, і канкурэнцыю, і перамены, і зьмены палітычных эліт», — кажа Лябедзька.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international