Мазыр: Уладзімір Целяпун просіць пракуратуру здзейсніць нагляд за законнасцю і абгрунтаванасцю судовага рашэння

2014 2014-10-10T00:11:03+0300 2014-10-10T00:11:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/celiapun.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун

Уладзімір Целяпун

9 кастрычніка мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун звярнуўся ў Мазырскую міжрайпракуратуру з просьбай здзейсніць нагляд за законнасцю і абгрунтаванасцю судовага рашэння па яго скарзе. Нагодай для звароту ў інстанцыю сталі сумненні заяўніка ў тым, што рашэнне, прынятае судом Мазырскага раёна, з'яўляецца кампетэнтным, справядлівым і бесстароннім. «Ці кампетэнтны суд, калі склад суда не валодае ў межах сваёй кампетэнцыі дзяржаўнай беларускай мовай? Ці справядлівы ён, калі праігнараваны патрабаванні Канстытуцыі, і бесстаронні – калі мне, беларусу, беларускім судом ад імя Рэспублікі Беларусь адмоўлена ў праве атрымаць рашэнне беларускага суда на дзяржаўнай беларускай мове. Беларусы ў Беларусі не роўныя перад Законам», - прыйшоў да высновы праваабаронца.

24 верасня раённы суд разгледзеў скаргу Уладзіміра Целяпуна на рашэнні і дзеянні адказных асоб: старшыні Мазырскага райсавета Сяргея Гваздзя і намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама Федара Галюка. Суд пакінуў скаргу без задавальнення.

Уладзімір Целяпун абскарджваў рашэнне выканкаму аб адмове ў правядзенні пікету.

Заяўнік лічыць, што суд не дастаткова і не ў поўнай ступені разгледзеў скаргу і вынес рашэнне. «Мной абскарджваліся не толькі рашэнні адказных асоб дзяржаўных органаў, а таксама і працэдура прыняцця гэтых рашэнняў. Дзяржаўныя органы абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзяніна, у тым ліку свабоду мірных сходаў. Суд не даў ацэнку бяздзеянню адказных асоб Мазырскага райсавета і райвыканкама па выкананні патрабаванняў Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №207, дзе гаворыцца, што «мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку. Такая працэдура не была выканана, аб чым сведчыць адказ часова выконваючага абавязкі начальніка Мазырскага РАУС», - звяртае ўвагу ў заяве ў пракуратуру праваабаронца.

Ён нагадвае, што пікетаванне – гэта публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых ці іншых інтарэсаў альбо пратэсту. А якое публічнае выказванне магчыма ажыццявіць на стадыёнах «Спартак» і «Палессе», якія агароджаныя высокімі платамі?

На судзе Уладзімір Целяпун двойчы заяўляў хадайніцтва, каб судовыя паседжанні і рашэнне па скарзе праводзілася і было прадстаўлена на дзяржаўнай беларускай мове. Суд не задаволіў хадайніцтва і не прадставіў па ім пісьмова вызначэння і рашэння. Такім чынам, судом не выкананы закон «Аб зваротах грамадзян».

Суд таксама не задаволіў хадайніцтва аб прысутнасці пракурора на судовым працэсе.

Пры рэгістрацыі заявы ў пракуратуры праваабаронца ў чарговы раз сутыкнуўся з праблемай – няведаннем службовымі асобамі дзяржаўнай беларускай мовы. «У пракуратуры мне таксама сказалі, што адказ мне дадуць на рускай мове, таму што, па словах сакратара, у іх няма друкавальнай машынкі з беларускім шрыфтам і на камп'ютэрах таксама няма беларускага шрыфту. На маю заўвагу, што цікава было б убачыць камп'ютэр, на які нельга ўсталяваць беларускую мову, сакратар адказвае, што «у нас пракурор рускі, і беларускай мовай не валодае». Няўжо ва ўсёй пракуратуры не знойдзецца супрацоўніка, які ў межах сваёй кампетэнцыі валодае дзяржаўнай мовай? Будзем тады такіх шукаць у абласной пракуратуры, у Генеральнай!», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.

У 2011-12 гадах у рашэннях суда яго довады былі выкладзены па-беларуску. «Магчыма, перадрукоўвалі са скаргі. Зараз гэтага не робіцца. Нават калі і ў хадайніцтве просіш прадставіць рашэнне суду на беларускай мове, беларускія суды, якія здзяйсняюць правасуддзе ад імя Рэспублікі Беларусь, па беларускіх законах -- самі непадуладны гэтым законам?», - падвёў вынік праваабаронца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international