У Віцебску забаранілі тры пікеты ў падтрымку Украіны

2014 2014-09-19T22:20:45+0300 2014-09-19T22:20:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ukraine.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Пётр Сарапеня падавалі заяўкі на акцыі ў трох раёнах горада. І з трох раённых адміністрацый атрымалі адмовы.

Паводле Яна Дзяржаўцава, мэтай меркаваных акцый было публічнае асуджэнне агрэсіі Расіі ў дачыненні да незалежнай суверэннай Украіны:

" Пікеты мусілі прайсці з 22 па 24 верасня ў месцах, адмыслова вызначаных уладамі для правядзення масавых акцый. Нам адмовілі на падставе таго, што мы не заключылі дамовы на абслугоўванне акцый з ЖКГ, медыкамі цэнтральнай гарадской паліклінікі і міліцыяй. Гэтых дамоў ад нас патрабуюць у адпаведнасці з рашэннем Віцебскага гарвыканкаму. Аднак рашэнне гэтае невыканальнае – медыкі і міліцыя яшчэ ні разу не пагадзіліся заключыць з намі дамовы. Таму гэтым разам мы вырашылі да іх не звяртацца. Што да мясцовых адміністрацый, то чыноўнікі прадэманстравалі нам сваё ўласнае стаўленне да падзей на Украіне – яны адмаўляюць нам у прадстаўленні гэтай праблемы на шырокае грамадскае абмеркаванне".

Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што украінская тэма застаецца для партыйцаў надзённай, як і для ўсіх суайчыннікаў. Таму ён і Пётр Сарапеня ізноў падалі заяўкі на пікет з такімі самымі мэтамі – прыцягнуць увагу грамадскасці да падзеяў ва Украіне. Заяўка пададзена ў Кастрычніцкую раённую адмінстрацыю на 17 кастрычніка. Таксама напісаны і лісты з чарговай прапановай заключыць дамовы на абслугоўванне акцыі.

Але спадзеву атрымаць згоду амаль няма, гаворыць спадар Дзяржаўцаў:

"З міліцыі нам заўжды адказваюць, што ніякіх дамоў заключаць не будуць, пакуль мы не атрымаем дазвол ад мясцовых уладаў. Такім чынам, узнікае супярэчнасць паміж патрабаваннямі рашэння гарвыканкаму аб масавых акцыях і трактоўкай закону аб масавых акцыях Віцебскай абласной управай МУС. Што да паліклінікі, то там адмаўляюцца заключаць дамовы па розных прычынах, самая папулярная – адсутнасць вольных спецыялістаў. Але ёсць і іншая прычына: мы не першыя, хто безвынікова звяртаецца да медыкаў па дамовы, і ўжо ёсць адказ з Вярхоўнага суду пра тое, што ў пералік платных медычных паслугаў абслугоўванне масавых акцый не ўваходзіць. Такім чынам, ізноў паўстае праблема, якая не дазваляе жыхарам Віцебску рэалізаваць свае правы на мірныя сходы і публічнае выказванне меркаванняў".

Ян Дзяржаўцаў кажа, што прадстаўнікі КХП БНФ гатовыя чарговы раз ініцыяваць кампанію за змены ў рашэнні гарвыканкаму №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску". Такіх ініцыятываў было ўжо некалькі, але яны былі беспаспяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства