viasna on patreon

Мінінфармацыі не знайшло прапаганды экстрэмізму на расійскіх тэлеканалах

2014 2014-08-29T10:09:29+0300 2014-08-29T10:09:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_ntv.jpg

Міністэрства інфармацыі не ўгледзела ў праграмах расійскіх тэлеканалаў, якія транслююцца ў Беларусі, прапаганды экстрэмізму і сепаратызму. У сваім звароце да міністэрства актывісты суполкі «Грамадскі кантроль» з Магілёва вінавацілі ў гэтым расійскія тэлеканалы РТР і НТВ, піша svaboda.org

 

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзных арганізацыяў і грамадскіх аб’яднаньняў патрабавалі, каб расійскія тэлеканалы былі замененыя на ўкраінскія і казахстанскія. У адкрытым лісце да Генеральнага пракурора Беларусі, а таксама кіраўніцтва Міністэрства сувязі ды Белтэлерадыёкампаніі актывісты даводзілі, што на расійскіх каналах прапагандуецца экстрэмісцкая ды сепаратысцкая дзейнасць.

Адказ на зварот магілёўскія апазіцыянеры атрымалі з Міністэрства інфармацыі за подпісам намесніка міністра Сяргея Хільмана. Міністэрства, як вынікае з ліста, не ўгледзела ў праграме тэлеканалаў прапаганды экстрэмізму і сепаратызму. Факты, выкладзеныя ў звароце актывістаў апазіцыйных арганізацыяў, гаворыцца ў адказе, «не адпавядаюць рэчаіснасці». Мінінфарм спасылаецца на закон Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Паводле яго, матэрыялы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі праз рашэнне суду, і тады кіраўніцтва тэлеканалаў будзе несці адказнасць.

Адзін з ініцыятараў звароту, прафсаюзны актывіст Юры Новікаў называе адказ з Міністэрства інфармацыі неадэкватным. На ягоную думку, чыноўнікі звыкла адпісаліся, не даўшы адказу па сутнасці: 

«Мы не прасілі даваць ацэнку нашаму лісту. Мы чакалі канкрэтнага адказу. Якая нам розніца, каму належаць расійскія тэлеканалы ў Беларусі — самой Беларусі ці Расіі — яны ўсё адно хлусяць. Нам даводзяць гэтыя каналы, што на Данбасе ваююць паўстанцы і яны ледзьве не героі, але мы на сёння ведаем, што ў канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны задзейнічаныя рэгулярныя расійскія вайсковыя часці. Ужо ёсць і расійскія ваеннапалонныя, і ў Расіі хаваюць салдат, якія загінулі ва Украіне. А расійскія каналы працягваюць гаварыць пра нейкіх паўстанцаў, якія ваююць з украінскімі сілавікамі».

Паводле Юрыя Новікава, у лісце з міністэрства не гаворыцца нічога пра тое, ці будуць украінскія і казахстанскія каналы ўключаныя ў агульнадаступную сетку тэлепраграм. «Гэтае патрабаванне наагул праігнараванае», — кажа актывіст.

Юры Новікаў не выключае, што тыя, хто падпісаў зварот, звернуцца ў суд, каб той прызнаў, што прадукцыя расійскіх тэлеканалаў прапагандуе экстрэмізм і сепаратызм.

svaboda.org


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства