Гомельскія праваабаронцы падалі заяўку на правядзенне пікету з патрабаваннем вызваліць палітвязняў

2014 2014-07-09T15:44:06+0300 2014-07-09T15:44:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palitviazni-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 ліпеня гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Палаўны падалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету 4 жніўня. Мэта масавага мерапрыемства – выказванне пратэсту ў сувязі з наяўнасцю палітычных зняволеных ў Беларусі, выказванне падтрымкі палітвязням і патрабаванне іх неадкладнага вызвалення. Пікетаванне праваабаронцы плануюць правесці на пляцоўцы каля танка на плошчы Паўстання Гомеля. 4 жніўня з’яўляецца Днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі – менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе быў затрыманы лідэр ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі. І ў 2011, і ў 2012, і ў 2013 годзе годзе гомельскія праваабаронцы і апазіцыянеры падавалі на 4 жніўня заяўкі на пікеты ў падтрымку Алеся Бяляцкага, але ўлады іх не дазволілі. Заяўнікі масавых мерапрыемстваў паскардзіліся з гэтай нагоды ў Камітэт ААН па правах чалавека, дзе зараз і разглядаюць іх звароты.

«Просім даць распараджэнне адпаведным службам райвыканкама па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі, арганізацыі медыцынскага абслугоўвання пры правядзенні масавага мерапрыемства, уборцы тэрыторыі пасля яго правядзення, вызначыць парадак аплаты расходаў за гэтыя паслугі», - адзначылі ў заяўцы арганізатары пікету. Да дакумента яны прыклалі пісьмовае абавязацельства з абяцаннем не пазней за 10 дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства аплаціць расходы, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і ўборкай тэрыторыі. У Гомелі, каб правесці пікет, трэба па рашэнню гарвыканкама, заплаціць за паслугі «хуткай дапамогі» і камунальных службаў.

Нагадаем, таксама гомельскія праваабаронцы сумесна з іншымі актывістамі ды прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацый падалі заяўкі на правядзенне ў Гомельскай вобласці ў Дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі 27 ліпеня серыі пікетаў. Заяўнікі лічаць, што перанос афіцыйнага свята з 27-га на 3-га ліпеня - гэта штучнае прыніжэнне значнасці незалежнасці краіны, падмена паняццяў і каштоўнасных арыенціраў для беларусаў.

Усяго ў абласным цэнтры, а таксама ў райцэнтрах Хойнікі, Брагін, Рагачоў і Кастрычніцкі пададзены заяўкі на правядзенне ў найбольш шматлюдных месцах 41 пікету. Мэтай масавай акцыі з'яўляецца зварот ўвагі грамадзян на каштоўнасць незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы, выраз салідарнасці з украінскім народам у яго імкненні захаваць цэласнасць і самастойнасць Украіны.

У Гомелі ў гэтым годзе дэмакратычная супольнасць «адзначае» 10-годдзе забароны пікетаў і мітынгаў – з 2004 году ўлады горада і вобласці не дазволілі правесці ў рэгіёне ніводнага масавага мерапрыемства.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international