Барыс Хамайда: "Міліцыянты забралі мой тэлефон, і нумар ужо перададзены іншаму чалавеку"

2014 2014-06-28T15:00:03+0300 2014-06-28T15:00:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hamajda-salaujan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі апазіцыянер і распаўсюднік незалежнай прэсы распавёў пра наступствы па "справе Мірона", якой займаўся следчы камітэт. Ні яго самога, ні актывіста КХП БНФ Аляксандра Салаўяна следчыя больш не турбуюць, але і асабістыя рэчы, забраныя міліцыянтамі, дагэтуль не вярнулі.

"Пад арыштам", паводле спадара Хамайды, дагэтуль застаецца ягоны мабільны тэлефон, які забралі ў Чыгуначным РАУС Віцебска яшчэ 24 сакавіка:

"У той дзень нас з Аляксандрам Салаўянам затрымалі ў пасёлку Руба, што пад Віцебскам. Затрымалівалі нас, двух пенсіянераў, маладыя амапаўцы, паклалі тварам на зямлю, пагражалі застрэліць… Яны былі ў цывільным, крычалі, пагражалі, адзін прыставіў мне нешта ззаду да галавы і пагражаў забіць. А ў Чыгуначным райсудзе яны заявілі, што мы не падпарадкоўваліся іх патрабаванням, адмовіліся назваць прозвішчы. Суддзя Алена Цыганкова дала нам па трое сутак. Дарэчы, адразу па затрыманні, калі нас прывезлі Чыгуначны РАУС, туды з'явіўся чалавек у форме, на ёй было напісана "Следчы камітэт". Ён разабраў па частках і забраў з сабой мой мабільны тэлефон. І не пакінуў пра гэта аніякага дакументу, проста забраў, і ўсё! А потым, ужо ў ізалятары часовага ўтрымання, да мяне прыходзіў следчы і спрабаваў дазнацца, "хто з нас Мірон".

Тэлефон Барысу Хамайду так і не вярнулі. Больш за тое: гэты нумар ужо перададзены іншаму чалавеку, так што многія знаёмыя страцілі магчымасць кантактаваць са спадаром Хамайдам.

Пра тое, ці прасунулася "справа Мірона", апазіцыянеру нічога невядома.

"27 сакавіка, падчас арышту, мяне з ІЧУ прывезлі дахаты. Супрацоўнікі Першамайскага РАУС правялі агляд жытла, санкцыянаваны пракурорам Раманоўскім. Там былі толькі міліцыянты, у тым ліку адзін з відэакамерай, і я -- не было сведак. І мне не пакінулі пратакол пра забраныя рэчы – бел-чырвона-белыя сцяг, стужку і шалік. Увогуле ж, на пачатку агляду мне нават не сказалі, што канкрэтна шукаюць і не прапанавалі гэта выдаць добраахвотна", - кажа Барыс Хамайда.

У пастанове на агляд жытла было напісана, што яго робяць у сувязі з адміністрацыйнай справай паводле артыкула 10.9 КаАП. Гэты артыкул пра знішчэнне або псаванне маёмасці ў нязначным памеры, і што справа заведзена паводле заявы РУП "Віцебскэнерга" за шматлікія выпадкі вывешвання сцягоў на электрычныя драты. Такія выпадкі фіксуюцца ў Віцебску ўжо шмат гадоў, але справу распачалі 27 сакавіка – якраз калі Аляксандра Салаўян і Барыс Хамайда адбывалі арышт. У той самы дзень быў праведзены і агляд у прыватнай хаце Аляксандра Салаўяна, што ў вёсцы Зайцава Віцебскага раёну.

Праваабаронца Павел Левінаў лічыць гэтую сітуацыю досыць небяспечнай. Ён звяртае ўвагу на тое, што абодва актывісты не маюць сем'яў, жывуць адны, і таму ў любы момант іх могуць затрымаць ці арыштаваць па "справе Мірона", і пра гэта грамадскасць не даведаецца. Бо патэлефанаваць журналістам могуць і не дазволіць, як было мінулым разам, калі Салаўян і Хамайда "зніклі" на трое сутак па рашэнні Чыгуначнага райсуда. Хто і куды мог тэлефанаваць з ягонага мабільнага апарата, калі яго забралі, не пакінуўшы пра гэта дакументаў, застаецца пад пытаннем. Можа, следчыя цяпер вывучаюць кантакты актывіста, а гэта парушае ягонае права на прыватнае жыццё і можа прывесці да непрадказальных наступстваў – прыкладам, да ціску на блізкіх апазіцыянеру людзей.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international