Бялыніцкі раён: улады па-ранейшаму не даюць ніякай афіцыйнай інфармацыі наконт выпадкаў захворванняў свінняў

2014 2014-06-26T11:32:59+0300 2014-06-26T11:32:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialyn-chuma-abvestka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне мясцовыя ўлады па-ранейшаму не даводзяць да мясцовых жыхароў ніякай інфармацыі пра тое, якой хваробай выкліканы выпадкі падзяжу свінняў у раёне, аднак некаторыя мясцовыя жыхары атрымалі пісьмовыя папярэджанні аб тым, што трымаць свінняў немэтазгодна ў сувязі з пагрозай захворвання на афрыканскую чуму.

У прыватнасці, такія папярэджанні за подпісам памочніка пракурора Бялыніцкага раёна атрымалі некалькі жыхароў аграгарадка Цяхцін, у якім раней мелі месца выпадкі падзяжу свінняў ад невядомай хваробы, пасля чаго ветэрынарныя спецыялісты выконвалі комплекс мерапрыемстваў па дэзінфекцыі. Людзі запатрабавалі тлумачэнняў ад ветэрынараў, ад якой жа хваробы загінулі жывёлы, аднак нейкага канкрэтнага адказу атрымаць так і не здолелі. Некаторыя са спецыялістаў казалі, што меў месца выпадак падзяжу свінняў ад звычайнай інфекцыі, іншыя сцвярджалі, што жывёлы загінулі ад простай чумы свінняў.

У аграгарадку Вялікая Машчаніца, дзе таксама меў месца выпадак падзяжу свінняў ад невядомай хваробы, улады перапісалі ўсе гаспадаркі мясцовых жыхароў, якія ўтрымліваюць гэту жывёлы. Таксама на гэтым тыдні на крамах у Машчаніцы з’явіліся абвесткі пра тое, што ў мэтах прафілактыкі АЧС у будынку Машчаніцкага сельвыканкама можна атрымаць мікрацыд для прыгатавання дэзраствора.

Мясцовыя жыхары ўсхваляваныя тым, што яны так і не здолелі атрымаць нейкай дакладнай інфармацыі наконт захворванняў свінняў. Многія з іх упэўнены, што мясцовыя ўлады спецыяльна прыхоўваюць выпадкі захворанняў жывёлаў афрыканскай чумой свінняў, каб інфармацыя не набыла шырокі розгалас у краіне. Вяскоўцы трымаюць свінняў, каб мець магчымасць выжыць у складаных умовах, заробкі ў большасці сяльгаспрадпрыемстваў Бялыніцкага раёна пакідаюць жадаць лепшага, іх не хапае нават на самае неабходнае. Зараз з-за адсутнасці дакладнай інфармацыі многія з іх пачалі прыразаць нават малаважкіх свінняў, каб не згубіць іх наогул – маўляў, так неафіцыйна рэкамендуюць ветэрынарныя спецыялісты.

З пункту гледжання грамадскіх актывістаў Бялыніцкага раёна, сваімі безадказнымі дзеяннямі па прыхоўванні дакладнай інфармацыі ад уласных грамадзян мясцовыя ўлады толькі ствараюць падставы для разнастайных чутак і панікі сярод насельніцтва.

У Бялыніцкім раёне ўсё пагалоўе свіней у гаспадарках і ў фермераў раёна было ліквідавана яшчэ ў мінулым годзе, зараз свінагадоўляй займаюцца толькі прыватнікі. Між тым на тэрыторыі суседніх з Бялыніцкім Шклоўскага, Магілёўскага і Бярэзінскага раёнаў дзейнічаюць буйныя свінагадоўчыя комплексы.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international