Саша Кулаева: Няма ніякіх ілюзій што да Лукашэнкі

2014 2014-06-24T15:15:00+0300 2014-06-25T15:16:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kulaeva.jpg
Алесь Бяляцкі і Саша Кулаева

Алесь Бяляцкі і Саша Кулаева

Вызваленне Алеся Бяляцкага не значыць змену існасці рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Такое меркаванне выказала сайту charter97.org кіраўніца аддзела Ўсходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Саша Кулаева.

- Праваабаронцу Алеся Бяляцкага выпусцілі паводле амністыі. Як вы думаеце, чаму з усіх палітвязняў выпусцілі менавіта яго?

- Я магу выказаць здагадку, што ягоны артыкул даваў найбольш лёгкую для гэтага нагоду. «Палітычныя» артыкулы не падпадаюць пад амністыю, а ягоны артыкул, калі няма парушэнняў, падпадае. Але, як паказвае досвед двух папярэдніх гадоў, той жа самы артыкул пад тую ж самую амністыю не падпадаў пакуль «не было трэба». А цяпер нават 12 парушэнняў не перашкодзілі ягонаму вызваленню.

На мой погляд, гэта чарговым разам пацвярджае тое, што нават такія станоўчыя пастановы, як вызваленне з турмы невінаватага чалавека, з'яўляюцца адвольнымі, незаконнымі і залежаць ад палітычнай волі і ад ахвоты камусьці нешта давесці.

Я думаю, што ў гэтым выпадку была ахвота зрабіць нейкі крок з шэрагу прычын геапалітычнага характару, збольшага звязанага з сітуацыяй ва Украіне, з сітуацыяй у Расеі, магчыма, з сітуацыяй, якая была звязаная з Еўразвязам. На мой погляд, галоўнымі сталі менавіта гэтыя прычыны, а ня законнасць ягонага арышту, суда і знаходжання ў турме. Тут быў выключна прагматызм.

Мы ад усёй душы радуемся вызваленню Алеся. Я даведалася пра гэта ў суботу, а ў нядзелю я ўжо была ў самалёце. Цяпер я ў Менску і шчаслівая, што проста цяпер сяджу поруч з Алесем. Але, тым не менш, мы з велізарным абурэннем думаем пра тыя амаль тры гады, якія ён правёў у зняволенні, не маючы на гэта ніякіх прычын. З тым жа абурэннем мы думаем пра астатніх палітычных зняволеных, якія па-ранейшаму застаюцца ў турмах, з'яўляюцца ахвярамі таго ж самавольства, якое дыктуе гэты рэжым.

- Чаго Лукашэнка чакае ўзамен?

- Я не ведаю, чаго канкрэтна ён чакае наўзамен і з кім канкрэтна вядуцца перамовы. Але мне б хацелася, каб наш пункт гледжання быў прыняты да ўвагі: вызваленне аднаго чалавека, нават вельмі для нас дарагога і любімага, ні ў якай меры не павінна разглядацца як нейкае сістэмнае змяненне сітуацыі. Пакуль у краіне ёсць хоць адзін палітычны зняволены, рэжым сваю стратэгію не змяніў і не змяняе. А палітвязняў у Беларусі не адзін, не два і не тры. Нам здаецца, што трэба прынцыпова дамагацца вызвалення астатніх палітвязняў і сістэмных змяненняў, якія зробяць сітуацыю такой, каб гэта больш не магло паўтарацца.

- Беларускі дыктатар ужо даўно гандлюе палітвязнямі. Эканамічная сітуацыя ў краіне сумная, і, відавочна, ён чакае чарговых крэдытаў. Ці разумеюць гэта на Захадзе?

- Я думаю, што гэта на Захадзе разумеюць. Ва ўсякім выпадку, сітуацыя зразумелая вельмі многім палітыкам, дыпламатам на розных узроўнях, з якімі нам даводзіцца працаваць, падымаючы пытанні ўсіх палітычных зняволеных і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека. Але, тым не менш, геапалітыка не заўсёды дыктуецца ідэалагічнымі, прынцыповымі пазіцыямі. Хутчэй, там кіруюцца сістэмамі ўзаемных выгод і дамоўленасцяў. Еўрапейскія палітыкі спрабуюць дамагчыся хаця б чагосьці.

Але чым больш прынцыповая пазіцыя, тым больш яна эфектыўная. І мы заўсёды стараемся данесці гэтую ідэю да еўрапейскіх палітыкаў.

- На фоне ўкраінска-расейскай вайны Захад мае надзею, што Лукашэнка можа стаць яго хаўруснікам. Адкуль такая наіўнасць у дачыненні да першага дыктатара Еўропы?

- Шчыра кажучы, улічваючы тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, я не ўпэўненая, што вянок «першага дыктатара» па-ранейшаму належыць Лукашэнку. Але, тым не менш, відавочна, што ён - адзін з самых сур'ёзных дыктатараў Еўропы. Але мне здаецца, што ніхто не мае ніякіх ілюзій на гэты конт. Ідзе нейкая барацьба, «перацягванне» на свой бок паплечнікаў, бо і Украіна, і ўся Еўропа цяпер штучна разбіваецца на два супрацьлеглыя лагеры. Кожны спрабуе «зацягнуць» у свой лагер таго, каго можа.

Але Расея мае вялікія вагары ўплыву на Беларусь - і гэта на Захадзе вельмі добра разумеюць. Таму я не думаю, што Лукашэнку тут расцэньваюць як хаўрусніка. Прынамсі, я з такім пунктам гледжання не сустракалася. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international