Тацяна Севярынец: Дзеля тых дзетак, якія мяне падтрымалі, дзеля іхных бацькоў я буду ісьці датуль, дакуль хопіць сілаў і будзе сэнс

2007 2007-06-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскай настаўніцы Тацяне Севярынец суд адмовіў у праве аднавіцца на працы. Большасьць яе знаёмых лічаць тое звальненьне палітычна матываваным.

Інтэрнэт-партал bulletinonline.org зьмясьціў інтэрвію з маці вызваленага не так даўно палітвязьня паўла Севярынца:

"Настаўнікаў, якія б сьвядома адчувалі сябе беларусамі, ганарыліся тым, сёньня малавата"

– Пасьля таго, што зрабілі спачатку з Павалам, а цяпер і Вамі, – ёсьць, засталася яшчэ вера ў дабро, справядлівасьць, праўду?

– Чаго ж не – трэба заўсёды верыць у перамогу дабра над злом. Рана ці позна гэта абавязкова адбудзецца.

– Вы – ахвяра рэжыму, ці проста лёс так склаўся?

– На жаль, відаць – першае. А лёс... Ён так склаўся, што ў мяне выдатныя сын і муж, якія мне вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць, а вось на працы побач апынуліся зусім іншыя людзі і начальнікі...

– Чые словы падтрымкі сталіся для вас абсалютна нечаканымі?

– Ліст аднаклясьніка, які зараз жыве ў Ізраілі, гэта Навум Вадніцкі.

– А вашыя вучні й бацькі як зрэагавалі на сытуацыю са звальненьнем?

– На бацькоўскім сходзе ў прысутнасьці прадстаўніка адміністрацыі школы сабралі подпісы на падтрымку, аднесьлі ў райана, запісаліся на прыём да яго начальніка. І дзеткі напісалі ліст да Ўладзімера Аркадзьевіча, майго тады яшчэ шэфа, каб мяне пакінулі іхняй настаўніцай і клясным кіраўніком. Нечакана, прыемна і кранальна.

– А ў калегаў як з пачуцьцём салідарнасьці?

– Нічога дрэннага не хачу пра іх гаварыць. Паважаю: гэта прафэсіяналы. Мая сытуацыя іх напалохала, зьдзівіла, хоць шмат хто можа і даўно чакаў гэтага. Не спадзяваўся. А проста ведалі, якую я трымаю пазыцыю ў адносінах да ўладаў і вось – зьвяршылася! Але канстатавалі тое не з палёгкай, а са спачуваньнем. Ня ўсе, аднак многія.

Але я заўсёды лічыла, што настаўнік – яшчэ і сумленьне пакаленьня, якое яны выхоўваюць. Таму ня маем права хлусіць ім: казаць адно, а рабіць інакш. У гэтай сытуацыі мяне падтрымалі адзінкі. А прафкам, які я адстойвала тры гады таму – іх тады хацелі разваліць, наагул "здаў" мяне. Хоць менавіта па маёй ініцыятыве некалі адбыўся сход, на якім сказала: "Людзі, гэта адзінае, што можа нас абараніць, паглядзіце што вакол робіцца! " І вось той самы прафкам даў начальніку райана згоду на маё звальненьне. Старшыня камітэту пачынала з таго, што, маўляў, ніколі ня пойдзе на такі крок. Празь нейкі час паправілася: дам згоду... І дала. Я прама ім сказала: сёньня вы мяне не падтрымалі, заўтра ўжо некага з вас, як хоць крышачку аступіцеся, коса глянеце на начальства. Аднак і пасьля гэтых словаў з васьмі прысутных шэсьць прагаласавалі супраць мяне, а два ўстрымаліся. Зараз баяцца глядзець мне ў вочы. Ведаеце, як суцяшалі іншыя зь іх? "Ты моцная, а мы пешкі"... Гм, дык жа вы тады і пешкі ў клясе! Дзеці, дарэчы, тое бачаць.

Я шкадую, што мне даводзіцца пакінуць сваю працу, якой аддадзена столькі гадоў. Не харахоруся. Не кажу, што мне лёгка – не, мне вельмі цяжка. Але дзеля тых дзетак, якія мяне падтрымалі, дзеля іхных бацькоў я буду ісьці датуль, дакуль хопіць сілаў і будзе сэнс.

– Як зрэагавалі вашыя калегі на скарачэньне беларускамоўнага выкладаньня ў школах, выцісканьне "апазыцыйных" клясыкаў з праграмы па літаратуры? Ці прынята ў вашым асяродку размаўляць па-беларуску?

– Настаўнікі беларускай мовы карыстаюцца ёй, напрыклад, на мэтадычным савеце, а ў астатнім жыцьці больш гавораць па-расейску. Адпаведна, якое ўжо абурэньне з нагоды "праполкі" праграмы. З выключэньняў магу нагадаць хіба выдатнага пэдагога Мікалая Канстанцінавіча Яраша – на жаль,яго ўжо няма з намі. Але дзякуючы яму дзеці вельмі палюбілі беларускую мову і шмат хто зь іх размаўляў па-беларуску. І шмат хто пайшоў у тагачасны "Малады Фронт". Але зараз настаўнікаў, якія б сьвядома адчувалі сябе беларусамі, ганарыліся тым, малавата.

"Дрэнная была б я маці, каб выхавала сына, у якога з часам нічому не магла б навучыцца"

– Ці заўсёды вы разумелі свайго сына?

– Старалася – ён мне вельмі дарагі з маленства, бо нарадзіўся пасьля двох дзяўчынак... Таму імкнулася выхаваць сьмелым, мужным і заўсёды падтрымлівала.

– І павагу да хрысьціянства прывілі?

– Каштоўнасьці ў нас у сям’і былі агульначалавечыя: не хлусі, не крадзі. Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны да цябе ставіліся і так далей. А ўжо да рэлігіі ён прыйшоў сам. Да гэтага Павала прывялі выпрабаваньні, якія даў яму лёс.

– Чаму сёньня вучыцца маці ў свайго ўжо дарослага сына-змагара?

– Мужнасьці, цярплівасьці, пазыцыі цьвёрдай, непарушнай, чэснай – дрэнная была б я маці, каб выхавала сына, у якога з часам нічому не магла б навучыцца. Цяпер ён хутчэй за мяне расьце ў духоўным пляне, а я ўсьлед за ім цягнуся.

– Некалі ваш сын Павал шмат казаў ня толькі пра "хрысьціянізацыю беларусаў", але й пра "беларусізацыю хрысьціянаў". Аднак ня дужа заўважаю, каб з апошнім нешта пачало мяняцца. Чаму працэс калі й ідзе, то вельмі марудна?

– На жаль, тыя, хто жывуць на Беларусі, мала адчуваюць сябе беларусамі. Вось калі зразумеюць, хто яны такія, што за зямля іх корміць, калі яны пачнуць ганарыцца сваім беларускім паходжаньнем, тады гэты працэс пойдзе хутчэй. Семдзесят гадоў зьнішчэньня беларускай мовы, ненармалёвага разьвіцьця беларускае культуры й літаратуры заселі, як кажуць, у каранях. Таму зараз выпраўленьне сытуацыі ідзе марудна. Але – ідзе. Малыя мае дзеткі вельмі цікавяцца беларускім словам, таму й карыстаюцца папулярнасьцю новыя мерапрыемствы пад лёзунгам "Размаўляй па-беларуску! " Усё ў сэрцах і галовах людзей...

– Хіба ці ня самы вядомы публічны палітык-хрысьціянін Павал Севярынец шмат заклікаў адмовіцца ад вулічнага пратэсту на карысьць асьветніцтва праз прызму хрысьціянскіх духоўных каштоўнасьцяў. Але моладзь да гэтага ў масе сваёй аднеслася насьцярожана. І сядзеў учора Павал усё ж за вуліцу. А каб быў "правільным" хрысьціянінам – гуляў бы па ёй. Дык што: радыкалізм не для хрысьціянскіх дэмакратаў?

– Маладзёвы падыход да жыцьця – ня бачаць залатой сярэдзінкі... Каб ісьці на вуліцу, трэба добра ведаць, дзеля чаго? З чым туды ідзеш? Каго павядзеш за сабой? Бо аднаму – нельга. Трэ ісьці разам. Побач з тымі. Хто ў цябе верыць, хто ў сябе верыць. Тое, што зразумеў мой сын, дойдзе і да маладзенькіх хлопчыкаў, якія яшчэ мала чаго перажылі. А Павал заўсёды на вуліцы, калі гэта патрабуецца. І з вуліцы яго ўзялі, свае выпрабаваньні ён прайшоў за акцыі на ёй.

"Не са мной тая барацьба, як я разумею. Гэтак змагаюцца з усімі тымі, хто супраць. Хто мысьліць інакш, чымсьці хоча сыстэма"

– Ці даводзілася вам быць сябрам выбарчай камісіі ў школе?

– Калі Паша ішоў на парлямэнцкія выбары, я першай прынесла заяву ў акруговую камісію. Сабрала 130 подпісаў дзеля гэтага. Але, зразумела, мяне ня ўзялі... Таму з 2000 году я ў розных якасьцях прымаю ўдзел у выбарчых кампаніях. Працавала ў камандах Домаша, Мілінкевіча. Апошні, дарэчы, прыехаў і дзень хадзіў са мной па кватэрах, калі сама сёлета балятавалася ў гарсавет. Людзі нават цалавалі нас – вельмі ўражвала тыя радасьць і хваляваньне грамады.

– Ну а як паводзілі сябе тыя настаўнікі, каму "даверылі" камісіі?

– Я назірала за імі ў нашай школе – гэта чацьвёрты ўчастак. Выседзела ўсе пяць дзён датэрміновага галасаваньня і сам дзень выбараў. Бачыла: ад іх нічога не залежала. Усё вырашала сакратар камісіі, якая "падлічвала" подпісы. З таго часу зь ёй не вітаюся – вельмі непрыемна было назіраць, як сваім далікатнымі пальчыкам ціскала на кнопачкі не зьвяртаючы аніякае ўвагі на лічбы, што называліся падлікоўцамі. Проста выводзіла ёй замоўленую. Я пабачыла вялікі спэктакль, дужа дарагі для нашага народу фарс. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

– Каго хочуць запалохаць вашым выцісканьнем са школы?

– Астатніх маіх калегаў. Не са мной тая барацьба, як я разумею. Гэтак змагаюцца з усімі тымі, хто супраць. Хто мысьліць інакш, чымсьці хоча сыстэма. Ня церпіць яна цьвярозых, здольных да крытыкі, да выказваньня сваіх поглядаў. Што ўжо нейкая там настаўніца Севярынец, калі дзетак перасьледуюць! Гэта здрадніцтва ў адносінах да свайго народу, якому клянуцца ў любові кожную хвіліну... Гэта небывалае фарысэйства. Але яны зьядуць сябе самі, як павукі ў банцы.

– На якія сродкі будзеце жыць далей?

– Звальненьне прыйшлося на той час, калі я ўжо зарабіла сабе пэнсію, хай сабе і невялічкая. Ну, давядзецца падціснуцца, але нічога – ёсьць яшчэ сілы і галава. Не пасаромеюся заняцца і не такой ганаровай працай, як настаўніцтва. Нічога: як трэба жыць, дык трэба і працаваць.

– Што скажаце пра кантракты для настаўнікаў?

– Калі іх увялі тры гады таму, я абышла ўсе магчымыя віцебскія інстанцыі: начальніку аблана паказвала закладзеную туды бязглузьдзіцу, непаважлівыя адносіны да нас. Казала: як можна так абыходзіцца з настаўнікамі. Прыніжаць іх? Ну і чаго дабілася? Са мной заключылі асабісты кантракт, выключыўшы тыя пункты, якія мяне абуралі. Але сваё абурэньне я пацьвердзіла шматлікімі юрыдычнымі выпіскамі, што сьведчылі на карысьць маёй аргумэнтацыі. Праўда, заключылі яго ўсяго на адзін год. Зноўку ўзбурылася, падняла ўсіх – падоўжылі на два гады. Не далі, праўда, пару месяцаў дапрацаваць – раптоўна стала дужа вялікай "прагульшчыцай".

– Ці хацелі б вы, каб Павал стаў прэзыдэнтам Беларусі?

– Пакуль на чале новай Беларусі я бачу толькі спадара Мілінкевіча. То да палітычнай кар’еры сына, то пра гэта ніколі ня думала. Захочуць людзі – абяруць. Але я мары такой ня маю. Ведаю адно: калі ўлада зьменіцца, Паша будзе на сваім месцы.

"Любка Шаўцова пэўны час была маім ідэалам, зь якога я вучылася жыць і будаваць адносіны з гэтым сьветам. Вучылася нічога не баяцца"

– Якой бы вы хацелі бачыць сваю нявестку?

– Ой, добрай дзяўчынкай – ласкавай, сьціплай, бо менавіта такія даспадобы Пашу. Разумнай таксама, каб магла яго зразумець. Каб не сварыліся... Бачыце, у мяне ўжо два зяці ёсьць: выбралі мае дзеткі, і як ім добра, дык і мне. Таму хто Пашу спадабаецца, тую і прыму.

– Хто ваш любімы клясык і сёньняшні пісьменьнік ці паэт?

– Абагаўляю Пушкіна – гэта ўжо традыцыйна. Нягледзячы ні на што, памятаю кнігу, якая выхавала мяне – "Маладую гвардыю" Фадзеева. Любка Шаўцова пэўны час была маім ідэалам, зь якога я вучылася жыць і будаваць адносіны з гэтым сьветам. Вучылася нічога не баяцца. Хаця насамрэч зь дзяцінства была баязьліўкай. Зараз чытаю Алеся Адамовіча, кнігу, выдадзеную нядаўна ягонай дачкой. І яшчэ раз думаю, які гэта вялікі чалавек і пісьменьнік. Вельмі люблю, зразумела, чытаць і перачытваць Васіля Быкава. У паэзіі – Ахматава, Цьвятаева, "Ксты" Рыгора Барадуліна.

– Хто для вас, як для беларускі, цяпер вораг нумар адзін?

– Не хачу казаць, што гэта нейкая асоба. На жаль – сам беларус. Тая большасьць, абыякавая большасьць, якой усё роўна, што адбываецца ў грамадзкім асяродку, што стане зь іхнымі дзеткамі, якія баяцца і страшацца ўладаў... Той вораг у іх саміх сядзіць – псыхалёгія раба...

– Больш за ўсё ў нацыянальным жыцьці вас непакоіць...

– ...абыякавасьць да таго, што адбываецца. Сядзяць людзі ў сваіх норах, носу нікуды не высоўваюць – абы іх не краналі. Але ж калі мы не кранаем гэтую палітыку і гэтае жыцьцё, дык яно абавязкова некалі дасьць пад дых. І як тады выстаяць?

– Каго зь іншых моладзевых лідэраў вы лічыце моцнымі і пэрспэктыўнымі?

– Ведаю Дзіму Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Зьміцера Хведарука, Артура Фінькевіча, Насту Палажанку, Пашу Красоўскага – нехта зь іх ужо ўступіў ва ўзрост, камусьці яшчэ толькі шаснаццаць... Але насамрэч гэта вельмі моцныя людзі. Яны ўжо сталей за тых дарослых, хто прыгнечаныя той самай абыякавасьцю. Дарэчы, са старэйшых лідэраў я б назвала яшчэ Вольгу Карач.

– І напрыканцы: у што вы верыце, спадарыня Тацяна?

– Веру ў Бога, у праўду, у справядлівасьць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international