Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства (дэманстрацыі і мітынга), прысвечанага 96-й гадавіне абвяшчэння БНР

2014 2014-03-26T17:35:43+0300 2016-07-25T12:30:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzienj-voli.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзень Волі, 25 сакавіка.

Дзень Волі, 25 сакавіка.

Маніторынг масавага мерапрыемства ажыцяўляўся назіральнікамі-валанцёрамі РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” і Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Вынікі маніторынгу:

Па ацэнках назіральнікаў у мерапрыемстве бралі ўдзел каля 1500-1800 чалавек.

Масавае мерапрыемства (дэманстрацыя і мітынг) насіла мірны характар і не яўяляла пагрозы грамадскаму парадку, нацыянальнай бяспецы, маральнасці насельніцтва ці правам іншых асобаў.

Удзельнікі дэманстрацыі не стваралі перашкодаў руху грамадскага транспарту, выконвалі патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ пры пераходзе праз праезную частку, арганізатары мерапрыемства былі абазначаныя адпаведнымі бэджамі і ажыцяўлялі кіраванне акцыяй. Акцыя прайшла ў адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама ад 19.03.2014 г.

Нягледзячы на атрыманы 19 сакавіка дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне дадзенага мерапрыемства 21 сакавіка пры распаўсюдзе улётак з запрашэннем на дэманстрацыю міліцыяй быў затрыманы кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога Савету дэпутатаў, сябра АГП сп. Жылко.  Пастановай суда Партызанскага р-на Мінска ён быў прызнаны вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП («парушэнне парадку масавага мерапрыемства») Рэспублікі Беларусь падвергнуты адміністратыўнаму арышту тэрмінам на 5 сутак.

Таксама затрыманню і наступнаму асуджэнню на 25 сутак арышту быў падвергнуты актывіст грамадска-палітычнай кампаніі “Гавары праўду” Павал Вінаградаў, што таксама можна расцэньваць як прывентыўны арышт напярэдадні правядзення дэманстрацыі. (Артыкулы -  17.1 («дробнае хуліганства»), 23.4 КаАП РБ(«непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы»)

 Зафіксаваныя выпадкі прывентыўных затрыманняў актывістаў, якія мелі намер узяць удзел у мерапрыемстве ў Брэсце і Барысаве.

Пасля завяршэння мерапрыемстваў стала вядома аб затрыманнях міліцыянерамі ў цывільным 10 удзельнікаў мерапрыемства: актывістаў “ЕўраБеларусі” Леаніда Кулакова, Улада Бародкі, Алены Лазарчык, Сяргея Мацкойця, Максіма Вінярскага і Аляксандра Блізнюка (два апошнія - дастаўленыя ў Заводскі РУУС г. Мінска); актывістаў “Маладога фронту” Зміцера Дразда і Станіслава Рачкеля,  непаўнагадовага Віктара Кашкевіча (дастаўленыя ў Савецкі РУУС г. Мінска); актывіста моладзевага крыла АГП “Маладыя дэмакраты” Аляксея Маркоўскага.  

Позна ўвечары ўсе затрыманыя, акрамя М. Вінярскага і А. Блізнюка  былі вызваленыя без складанняў пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні.

На наступны дзень М.Вінярскаму прысудзілі 15 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Сведка па справе начальнік падраздзялення АМАП Тарасаў, які падчас акцыі працаваў у цывільным, заявіў, што Вінярскі прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што выкрываў фашысцкія і антыдзяржаўныя лозунгі - "Пуцін - фашыст", "Далоў ілжывы рэжым Лукашэнкі". Апроч таго, сведка адзначыў, што актывіст аказваў супраціў пры затрыманні. Вінярскі цалкам адмаўляе абвінавачванне. Падчас дачы паказанняў у судзе ён адзначыў, што чуў ад міліцыянтаў у аўтобусе, як тыя казалі пра апазіцыянераў, што іх трэба знічтажаць і паліць у крэматорыях, каб не дапусціць сітуацыі, як ва Украіне.

А.Блізнюку прысудзілі 5 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Абвінавачаны нёс у руках украінскі сцяг, крычаў "За Украіну!".

Арганізацыі-удзельнікі маніторынгу лічаць дадзеныя затрыманні адвольнымі і не звязанымі са здзяйсненнем затрыманымі асобамі якіх-небудзь правапарушэнняў.

Назіральнікі зафіксавалі факты перашкодаў з боку міліцыі ў ажыцяўленні прафесійнай дзейнасці журналістаў.

Перад пачаткам мерапрыемства меў месца інтындэнт з затрыманнем дзвух назіральнікаў: Анісіі Казлюк і Арсенія Гурскага, міліцыяй у раёне ст. метро «Акадэмія навук». Яны былі дастаўленыя ў пакой міліцыі ў метро, дзе іх асабістыя дадзеныя і дадзеныя бэджаў былі перапісаныя, пасля чаго назіральнікі былі адпушчаныя.

Зафіксавана неабгрунтаваная спроба канфіскацыі супрацоўнікамі міліцыі расцяжак з лозунгамі ў удзельнікаў мерапрыемства.

  1. Арганізацыя мерапрыемства.

У якасці арганізатараў масавага мерапрымства выступілі грамадзяне Янукевіч А.А., Лагвінец А.І., Сідарэвіч А.М., Хоміч М.У. Імі была пададзеная заява ў Мінгарвыканкам аб правядзенні масавага мерапрыемства з нагоды 96-ай гадавіны абвяшчэння БНР.

19.09.2014 г. Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства: збор удзельнікаў з 18.00 да 18.30 на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр “Кастрычнік” (пр. Незалежнасці, 73); дэманстрацыя па маршруце: па тратуарах пр. Незалежнасці –вул. Сурганава –Парк імя Дружбы народаў з 18.30 да 19.30; 19.30 –20.00 –мітынг на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы Парка імя Дружбы народаў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 950 чалавек.

У рашэнні арганізатары інфармаваліся аб недапушчэнні парушэння арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” – недапушчэнні інфармавання праз СМІ і сетку інтэрнэт аб маючай адбыцца акцыі да атрымання дазволу на яе правядзенне.

У рашэнні таксама адзначалася, што дадзеныя патрабаванні былі парушаныя аганізатарамі шляхам размяшчэння на інтэрнэт-сайтах тэматычных паведамленняў, інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі, стварэння тэматычных суполак у сацыяльных сетках.

Мінгарвыканкам у сваім рашэнні нагадваў заяўнікам аб неабходнасці выканання ўдзельнікамі мерапрыемства арт. 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, а менавіта пра забарону выкарыстання ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў сцягаў, вымпелаў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, эмблем, сімвалаў, плакатаў, транспарантаў, лозунгаў і іншых сродкаў, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама ажыцяўляць прапаганду вайны або экстрэмісцкую дзейнасць, у тым ліку і з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў ці іншых сродкаў.

Таксама Мінгарвыканкам звяртаў увагу заяўнікаў  на неабходнасць выкарыстання ўдзельнікамі ў ходзе мерапрыемства толькі плакатаў, транспарантаў, лозунгаў, эмблем, сімвалаў, якія адпавядаюць (у арыгінале “адказваюць”) заяўленай мэце — святкавання 96-ай гадавіны абвяшчэння ІІІ Устаноўнай граматы БНР (мова арыгінала). Эксперты арганізацый, якія праводзілі маніторынг масавага мерапрыемства, адзначаюць, што ў гэтай частцы рашэння Мінгарвыканкам ускладае на арганізатараў абавязкі, якія не адпавядаюць нормам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрымствах”. Дадзены Закон не ўтрымлівае падобнага кшталту абвязкаў як арганізатараў, так і удзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Таксама арганізатарам нагадвалася пра неабходнасць заключэння адпаведных дамоваў на медыцынскае абслугоўванне, прыборку тэрыторыі і элементаў добраўпарадкавання з камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама і КУП “Мінскзеленбуд”.

Адзначым, што аплата дадзеных паслугаў ускладаецца нормамі  Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрымствах” на арганізатараў. Такім чынам грамадзяне абавязваюцца аплочваць практычную рэалізацыю імі сваіх гарантаваных Канстытуцыяй краіны грамадзянскіх свабод – свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

  1. Назіранне за ходам правядзення мерапрыемства

Збор удзельнікаў і пачатак шэсця

Першыя ўдзельнікі мерапрыемства пачалі збірацца на вызначаным месцы збора (пляцоўка каля кінатэатра «Кастрычнік») каля 17.30.  Прысутныя разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, некалькі дзяржаўных сцягоў Украіны, расцяжкі з лозунгамі. Сярод расцяжак былі зафіксаваныя наступныя па змесце: расцяжка «Жыве Беларусь», БЧБ з надпісам «Малады Фронт», расцяжка «Беларускі рух»,  расцяжка «Свабоду палітвязьням», «Расія-гэта вайна», «Слава Украіне - героям славы», «Малады Фронт», «За нашу і вашу свабоду», «Малады Фронт», «Дзень Волі», «Малады Фронт - героі не паміраюць»,   «Расія Агрэсар Прэч з СовБеза ААН!».

Заўвагі з боку арганізатараў выклікаў лозунг “Смерць крамлёўскім акупантам”, які трымалі некалькі чалавек. Пасля зробленай заўвагі дадзены лозунг быў прыбраны.

Сярод сімволікі ўдзельнікі мерапрыемства выкарыстоўвалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і вытворчыя ад іх (сцягі Маладога фронту, афіцыйна зарэгістраваныя сцягі партыі БНФ і БСДП (Г), прафсаюза РЭП), таксама дзяржаўныя сцягі Украіны, ЗША, сцягі ЕС, чорныя сцягі з выявай старажытнага герба “Калюмны”.

Нягледзячы на тое, што часта сцягоў не была афіцыйна зарэгістраванай сімволікай, гэта не з’яўлялася парушэннем арт. 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, паколькі змест сцягоў не быў накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян.

Арганізатары мерапрыемства былі абазначаныя спецыяльнымі знакамі (бэдж “Арганізатар”). Яны былі з мегафонам і кіравалі правядзеннем мерапрыемства.

Шэсце па маршруце: пр. Незалежнасці—вул. Сурганава - парк імя Дружбы народаў

У адпаведнасці з вызначаным часам калона рушыла па маршруце пр. Незалежнасці –вул. Сурганава –парк імя Дружбы народаў. Падчас руху дэманстранты не выходзілі на праезжую частку, руху транспарту не перашкаджалі, пераходзілі праезную частку паводле правілаў ПДД, падпарадкоўваліся патрабаванням ДАІ, якія рэгулявалі дарожны рух.

Падчас шэсця дэманстранты спявалі песні і выкрыквалі лозунгі: Жыве Беларусь, Незалежнасць, Слава Украіне-Героям Слава, Не вайне, Украіна — Свабода - за краты Пуціна-урода, Ганьба, Не маскоўскім акупантам, Свабоду палітвязням, Крым-Украіна, Ганьба рэжымным халуям, Пуцін — гад - Расія -акупант, Верам- можам- пераможам ,словы з "Ня быць скотам" (вядомая песня гурта «Ляпіс Трубяцкой» - рэд.), Слава БНФ, Свабоду Статкевічу, Банду гэць, Тады зажывем мы шчастліва, калі не будзе маскаля над табой і інш.

Колькасць удзельнікаў шэсця назіральнікі ацэньвалі ў 1500-1800 чалавек.

Мітынг на пляцоўцы ў парку імя Дружбы народаў.

Пляцоўка у парку імя Дружбы народаў была агароджаная металічным турнікетам, з некалькімі рамкамі для праходу на пляцоўку. Усіх, хто праходзіў, міліцыянты абшуквалі з дапамогай металашукальніка. Шмат удзельнікаў шэсця не пажадалі праходзіць на пляцоўку і пачалі паступова разыходзіцца.

Падчас мітынгу выступілі прадстаўнікі розных палітычных партый і рухаў. Сярод выступоўцаў былі: адзін з арганізатараў мерапрыемства, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні партыі БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец і інш. Асноўнай тэмай выступаў былі словы салідарнасці з украінскім народам, аб пагрозе расійскага імперыялізму, заклікі заставацца беларусамі, уступаць у БХД і іншыя дэмакратычныя партыі, заклікі да байкатавання расійскіх тавараў і г.д.

Пасля 20.00 міліцыя з дапамогай мегафонаў заклікала прысутных разыходзіцца ў сувязі з заканчэннем мерапрыемства. Прысутныя падпарадкаваліся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і разышліся. Такім чынам мерапрыемства скончылася ў строгай  адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама.

  1.  Дзеянні міліцыі

Назіральнікамі была зафіксаваная высокая канцэнтрацыя сілаў міліцыі ў раёне правядзення мерапрыемства. У дварах прылеглых да раёна Акадэміі навук знаходзілася спецтэхнікаў для перавозкі затрыманых і падраздзяленні ПМСП у форме са спецсродкамі –гумавымі палкамі. Непасрэдна ў месцы збора колькасць міліцыі ў форме была мінімальнай, але канцэнтрацыя супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным з рацыямі была досыць высокай.

На месцы збора прысутнічалі кіраўнікі ГУУС Мінгарвыканкам у цывільным. Усе яны не былі абазначаныя бэджамі.

Падчас шэсця ўздоўж тратуараў з мэтай недапушчэння выхаду дэманстрантаў на праезжую частку быў выстаўлены невялікі ланцуг ПМСП. Парадак пераходу вуліц рэгуляваўся супрацоўнікамі ДАІ.

Пляцоўка у парку імя Дружбы народаў была агароджаная турнікетам, былі ўсталяваныя рамкі з металашукальнікамі для праходу праз яе ўдзельнікаў шэсця. Падчас праходу міліцыя правярала не толькі змесціва асабістых рэчаў, але і змест плакатаў.

Былі зафіксаваныя спробы  канфіскацыі некаторых з плакатаў, у прыватнасці плаката “Расія-гэта вайна”. 

Падчас усяго мерапрыемства вялася аператыўная відэа-здымка.

Асабліва вялікая канцэнтрацыя прадстаўнікоў ПМСП у цывільным была зафіксаваная ў раёне парку імя Дружбы народаў. Ілюструем наступным дыялогам. Пасля таго, як большая частка людзей разышлася, супрацоўнік ПМСП звяртаецца да назіральніка: -Ідзіце, акцыя скончаная. Назіральнік паказвае на спартыўных маладых мужчын: -А гэта што за 150-200 чалавек у парку? - Дык гэта ўсё нашы, іх не лічыце!

Пасля завяршэння мерапрыемстваў стала вядома аб затрыманнях міліцыянерамі ў цывільным 10 удзельнікаў мерапрыемства: актывістаў “ЕўраБеларусі” Леаніда Кулакова, Улада Бародкі, Алены Лазарчык, Сяргея Мацкойця, Максіма Вінярскага і Аляксандра Блізнюка (два апошнія - дастаўленыя ў Заводскі РУУС г. Мінска); актывістаў “Маладога фронту” Зміцера Дразда і Станіслава Рачкеля,  непаўнагадовага Віктара Кашкевіча (дастаўленыя ў Савецкі РУУС г. Мінска); актывіста моладзевага крыла АГП “Маладыя дэмакраты” Аляксея Маркоўскага.  

Позна ўвечары ўсе затрыманыя, акрамя М. Вінярскага і А. Блізнюка  былі вызваленыя без складанняў пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні.

На наступны дзень М.Вінярскаму прысудзілі 15 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Сведка па справе начальнік падраздзялення АМАП Тарасаў, які падчас акцыі працаваў у цывільным, заявіў, што Вінярскі прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што выкрываў фашысцкія і антыдзяржаўныя лозунгі - "Пуцін - фашыст", "Далоў ілжывы рэжым Лукашэнкі". Апроч таго, сведка адзначыў, што актывіст аказваў супраціў пры затрыманні. Вінярскі цалкам адмаўляе абвінавачванне. Падчас дачы паказанняў у судзе ён адзначыў, што чуў ад міліцыянтаў у аўтобусе, як тыя казалі пра апазіцыянераў, што іх трэба знічтажаць і паліць у крэматорыях, каб не дапусціць сітуацыі, як ва Украіне.

А.Блізнюку прысудзілі 5 сутак арышту (арт.17.1, 23.4 КаАП РБ). Абвінавачаны нёс у руках украінскі сцяг, крычаў "За Украіну!".

  1. Перашкоды ў дзейнасці прадстаўнікоў СМІ

4а. Перашкоды ў дзейнасці прадстаўнікоў СМІ з боку міліцыі

Назіральнікамі былі зафіксаваныя выпадкі перашкодаў з боку міліцыі ў працы жуналістаў. Так, у прыватнасці прадстаўнікі міліцыі патрабавалі выдаліць з фотаапарата здымкі зробленыя журналістам газеты “Салідарнасць” Аленай Якжык, а таксама стваралі перашкоды ў працы жуналіста тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенка.

 4б. Блакіроўка сайтаў

Быў заблакаваны доступ да сайта газеты "Наша ніва" (у перыяд, прыкладна, з 19.15 да 23.30) і жывой трансляцыі "Радыё Свабода".

Праца назіральнікаў і перашкоды іх дзейнасці з боку міліцыі

Назіранне з мерапрыемствам ажыцяўлялася сіламі валантэраў РПГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» (БХК) і Праваабарончага цэнтру “Вясна”,  у колькасці 22 чалавека, якія былі падзеленыя на 11 груп з двух чалавек.

Усе назіральнікі былі абазначаныя бэджамі РПГА «БХК» - з фотаздымкамі і пячаткай арганізацыі. Спіс назіральнікаў былі загадзя дасланы ў ГУУС Мінгарвыканкама з інфармаваннем аб правядзенні маніторынгу ў адпаведнасці са Статутнымі мэтамі і задачамі РПГА «БХК».

У цэлым вялікіх перашкодаў дзейнасці назіральнікаў з боку ўдзельнікаў мерапрыемства і міліцыі адзначана не было.

Разам з тым, адзначым, што перад пачаткам мерапрыемства меў месца інцыдэнт з затрыманнем дзвух назіральнікаў: Анісіі Казлюк і Арсенія Гурскага, міліцыяй у райне ст. метро «Акадэмія навук». Яны былі дастаўленыя ў пакой міліцыі ў метро, дзе іх асабістыя дадзеныя і дадзеныя бэджаў былі перапісаныя, пасля чаго назіральнікі былі адпушчаныя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international