Беларускія каталікі звярнуліся да Папы Рымскага Бенедыкта XVI

2007 2007-05-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Група рыма- і грэка-каталікоў – грамадскіх і культурных дзеячоў Беларусі – звярнуліся з адкрытым лістом да Яго Свяцейшаства Папы Рымскага Бенедыкта XVI з просьбай аб дапамозе ў захаванні і вяртанні вернікам касцёла святога Язэпа. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: “Мы, беларускія хрысціяне - грамадскія і культурныя дзеячы – звяртаемся да Вас з просьбай аб малітоўнай дапамозе ў зберажэнні ад знішчэння ў сталіцы Беларусі горадзе Мінску -- адзінага закрытага касцёла з кляштарным комплексам XVII стагоддзя, які не паспелі знішчыць царскія і савецкія атэістычныя ўлады”.

Аўтары зварота адзначаюць, што ў Беларусі і Мінску адчуваецца вялікі недахоп Святыняў для вернікаў: “На сённяшні дзень у Мінску пражывае каля двух мільёнаў жыхароў, а дзейнічае ўсяго чатыры касцёла. Мы з’яўляемся сведкамі таго, як ужо больш за два гады людзі штодзённа моляцца перад будынкам касцёла св. Язэпа, які ў дадзены момант выкарыстоўваецца ў якасці архіва, а ў хуткім часе можа быць увогуле знішчаны”.

Грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі адзначаюць, што яшчэ 7 жніўня 2001 года была зарэгістравана парафія касцёла святога Язэпа, але ў парушэнне правоў вернікаў храм так і не быў перададзены Каталіцкаму касцёлу.

Подпісы пад зваротам паставілі 19 чалавек: Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, вядомы мастак, кіраўнік ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін, рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, прафесар Юры Хадыка, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей, праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца, каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, старшыня моладзевага цэнтра “Волат” пры “Таварыстве беларускай мовы” г. Барысава Зміцер Бародка, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, грамадскі дзеяч Уладзімер Кобец, праваабаронца Ірына Тоўсцік, мастак Мікола Купава, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Таццяна Процька, палітолаг Андрэй Кусяльчук, пісьменнік Уладзімір Халіп, праваабаронца Людміла Гразнова.

Як вядома, існуе праект улады па рэканструкцыі будынка касцёла і кляштара ў гатэльны комплекс. Плануецца, што фінансаваць і будаваць гатэль будзе будаўнічая фірма адной з арабскіх краінаў. Беларускія каталікі актыўна змагаюцца за касцёл: кожны дзень каля храму адбываюцца малебны аб вяртанні касцёла вернікам. Аляксандру Лукашэнку ўжо перададзеныя больш за 10 тысяч подпісаў з просьбай не разбураць Святыню, а перадаць яе каталіцкай парафіі. У змаганні за храм удзельнічаюць не толькі каталікі, але і праваслаўныя, пратэстанты, веруючыя іншых канфесій.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international