Пікеты ў Оршы: забарона і цяпер, і на будучыню

2014 2014-02-13T01:17:10+0300 2014-02-13T01:17:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аршанскія актывісты Юры Нагорны і Яўген Анішчанка спрабавалі праз суд змусіць міліцыю, паліклініку і камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза" заключыць дамовы на абслугоўванне пікету. Але 12 лютага суддзя Алеся Котава адмовіла актывістам - падтрымала прадстаўнікоў адказных служб у іх нежаданні супрацоўнічаць з апазіцыянерамі.

Паводле судовага рашэння, медыкаў, міліцыянтаў і работнікаў "Спецаўтабазы" нельга змусіць да заключэння дамоў, бо гэта – некамерцыйныя структуры.

"Між тым, існуе рашэнне гарвыканкаму №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша", дзе наўпрост сказана: заяўнікі акцыяў мусяць разам з заяўкай падаць копіі дамоў на абслугоўванне. А таксама пералічаны структуры, з якімі трэба дамаўляцца: райаддзел міліцыі, паліклініка №1 і камунальнае прадпрыемства "Спецаўтабаза". Мы звярнуліся ў суд пасля адтрыманых адтуль адмоў, што стала прычынай для забароны пікета па праблеме аварыйнага маста цераз Днепр 30 кастрычніка мінулага года. Цяпер мы прасілі, каб суд змусіў гэтыя структуры заключыць з намі дамовы на новую дату – на 29 сакавіка. Аднак прадстаўнікі гэтых арганізацый аднагалосна заявілі ў судзе, што дамаўляцца з намі не будуць ні ў якім разе", -- распавёў актывіст руху "За Свабоду" Юры Нагорны.

Прадстаўнік "Спецаўтабазы" ў суд не з'явіўся: адтуль даслалі афіцыйны ліст, што просяць суд разабрацца ў сітуацыі без іх удзелу. Прадстаўнік міліцыі на працягу ўсяго судовага пасяджэння маўчаў, зазначыўшы толькі ў пачатку, што не прызнае прэтэнзій заяўніка. Не пажадалі гаварыць ні прадстаўніца паліклінікі, ні прадстаўніца райвыканкаму. Суддзя Алеся Котава агучыла іх пазіцыю паводле дакументаў судовай справы.

"Прадстаўнікі міліцыі цвердзяць, што не заключаюць з намі дамоў, бо мы не маем дазволу на правядзенне акцыі ад райваканкаму. Райвыканкам не дае дазволу без папярэдняга заключэння дамовы. Міліцыянты сказалі, што не могуць дамаўляцца з намі ні на адну на канкрэтную дату, бо яны, маўляў, не ведаюць, ці будуць у іх у той дзень вольныя супрацоўнікі. Ніякага шляху дасягнуць кансэнсусу з намі яны не бачаць. Прадстаўнікі паліклінікі сказалі, што ў пераліку відаў іх камерцыйнай дзейнасці няма такога пункту, як абслугоўванне масавых акцый. І таму яны таксама з намі заключыць дамовы не могуць. Паводле ліста з камунальнай службы, яны ўвогуле не могуць зрабіць таго, пры што мы просім: прадпрыемства "Спецаўтабаза", згаданае ў рашэнні гарвыканкаму, прыборкай гарадскіх тэрыторый не займаецца ўвогуле, а толькі вывозіць смецце. Да таго ж, і адны, і другія, і трэція сказалі, што ніколі не заключалі дамоў з фізічнымі асобамі, і зрабіць гэта не ў стане", -- зазначыў прыхільнік стварэння пртыі БХД Яўген Анішчанка.

Затое прадстаўнікі паліклінікі палічылі неабходным пісьмова выказацца наконт сутнасці акцый, якія не дазваляюць правесці аршанскім актывістам. У лісце медыкаў гаворыцца, што яны лічаць немэтазгодным праводзіць пікет па праблеме аварыйнага маста цераз Днепр. 30 кастрычніка па ім яшчэ рухаўся транспарт, а цяпер рух забаронены. І яны лічаць, што праблемы ўжо няма. І тое, што па дзіравым мосце, зачыненым на рамонт, вымушаныя рухацца людзі, у паліклініцы не лічаць актуальным для горада пытаннем.

Суды наконт забароны пікету пра мост працягваліся амаль 2 месяцы. Спачатку актывісты спрабавалі аспрэчыць саму забарону. Але суддзя Алеся Котава не задавліла іх скаргу, спаслаўшыся на тое, што ўмовы рашэння гарвыканкаму наконт заключэння дамоў не выкананы, і адпаведна, забарона законная. Затое сама ж прапанавала напісаць іншую заяву – супраць згаданых у рашэнні гарвыканкама служб, якія адмаўляюцца заключыць дамовы. Актывісты пагадзіліся, сплацілі судовыя выдаткі – і прайгралі.

Трэба абавязкова падаваць касацыйную скаргу ў абласны суд, лічыць Яўген Анішчанка:

"Пазіцыя суда была дзіўная. Спачатку нам нібыта прапанавалі шлях вырашэння праблемы, а потым сама ж суддзя Алеся Котава прызнала, што гэты шлях тупіковы. Рашэнне гарвыканкаму так і застаецца невыканальным. На судзе прадстаўнікі ўсіх трох структур нам адкрыта далі зразумець, што будуць пазбягаць заключэння дамоў любым коштам. Бо ведаюць – без гэтага акцыю нам ніколі не дазоляць".

А Юры Нагорны згадаў словы Кастуся Каліноўскага:

"Трэба, каб быў не народ для ўлады, а ўлада для народа. І трэба, каб у пашане была Канстытуцыя, асноўны закон, які гарантуе нам магчымасць скарыстацца нашымі грамадзянскімі правамі. Але гэты суд прадэманстраваў зусім іншае – што важнейшыя за Канстытуцыю для аршанскіх чыноўнікаў іх уласныя рашэнні, а для службоўцаў – унутраныя рэгламенты і прэйскуранты, праз недасканаласць якіх мы не можам скарыстацца сваім правам на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання".

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international