viasna on patreon

“ВЯСНА” ЗДАВАЦЦА НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА

2003 2003-09-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“ВЯСНА” ЗДАВАЦЦА НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА
У выпадку зьліквідаваньня праз суд грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтар “Вясна” будзе працягваць сваю дзейнасьць нелегальна. Пра гэта заявілі ў часе сустрэчы з журналістамі кіраўнікі арганізацыі. 23 верасьня ў Вярхоўным Судзе Беларусі адбудзецца сумоўе ісца ў асобе Міністэрства юстыцыі й прадстаўнікоў “Вясны”, у часе якога, магчыма, будзе прызначаная дата судовага паседжаньня.
Генадзь Кесьнер (Радыё Рацыя)

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” рэальна пагражае зьліквідаваньне. Мы распавядалі пра акалічнасьці выстаўленьня зыску Міністэрства юстыцыі да праваабарончай арганізацыі, унікальнасьць якога адзначыў кіраўнік Цэнтру Алесь Бяляцкі.
А. Б.: - Я хацеў бы адзначыць пэўную ўнікальнасьць гэтага зыску, таму што ўпершыню такі зыск быў выстаўлены без вынясеньня папярэдніх папярэджаньняў. За апошнія два гады ў нас не было ніводнага папярэджаньня. Фактычна, былі адразу ж спасылкі на Грамадзянскі кодэкс, і вось карыстаючыся артыкуламі Грамадзянскага кодэксу арганізацыя пастаўленая перад фактам закрыцьця.
Насамрэч, у зыску Міністэрства юстыцыі ўказваюцца толькі тыя пралікі й недахопы, якія мелі месца яшчэ нават пры рэгістрацыі арганізацыі ў 1999 годзе й у першыя гады яе існаваньня. Але, паводле словаў Алеся Бяляцкага, усё было прыведзенае ў адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам. Асноўнымі ж прычынамі, чаму ўлады цяпер вырашылі расправіцца зь “Вясной”, Алесь Бяляцкі назваў наступныя:
А. Б.: - Гэта актыўная грамадзкая дзейнасьць нашай арганізацыі, якая выражалася ў крытыцы ўладаў у галіне правоў чалавека, сьведчаньнем гэтаму былі й ёсьць нашыя агляды-кронікі, якія мы выдаем штогод і ўжо выпусьцілі пяць. Гэта абарона пацярпелых людзей, якой мы займаемся згодна беларускага заканадаўства. Гэта актыўны ўдзел у назіраньні, што адкрыта напісана ў прад’яўленым нам зыску.
Адной з прычын выстаўленьня зыску Міністэрства юстыцыі назвала быццам бы незаконнае прадстаўленьне інтарэсаў зьвінавачанага ў Вярхоўным судзе. Сапраўды, праваабарончы цэнтар “Вясна” мерыўся ўдзельнічаць у якасьці абаронцы ў вядомай “справе Лявонава”, але, як адзначыў юрыст “Вясны” Валянцін Стэфонавіч, факту гэткага ўдзелу папросту не было.
В. С.: - Мы хацелі накіраваць свайго прадстаўніка, але ў Вярхоўнага Суда пазыцыя была, што мы ня маем права прадстаўляць яго, бо ён не зьяўляецца нашым сябрам. І адпаведна наш прадстаўнік у судзе й ня быў. Гэта значыць, факту прадстаўленьня інтарэсаў у Вярхоўным Судзе Лявонава не было па сутнасьці.
Усе гэтыя довады праваабаронцаў, хутчэй за ўсё, ня будуць прынятыя да ўвагі судзьдзямі, як гэта паказвае практыка апошняга часу. Але “Вясна” абавязкова будзе працягваць сваю дзейнасьць, нават калі Вярхоўны Суд зьліквідуе арганізацыю. У гэтым запэўніў яшчэ адзін юрыст праваабарончага цэнтру Ўладзімер Лабковіч.
У. Л.: - Мы вельмі моцна расчаруем Міністэрства юстыцыі, таму што тую мэту, якую яны перасьледвалі - закрываючы нашую арганізацыю, прыпыніць нашую дзейнасьць - гэта ў іх не атрымаецца. Пасьля суду, пасьля ліквідацыі мы нават зможам з палёгкай уздыхнуць, таму што гэта шмат у чым спросьціць нашу дзейнасьць. Бо ў нас вельмі вялікая колькасьць часу, які мы маглі б прысьвяціць праваабарончай дзейнасьці, выдаткоўвалася на адбіваньне, перапіску зь Мін’юстам, спробы ўлагодзіць усе гэтыя пастаянныя накаты, якія адбываліся на нашую арганізацыю. Зараз мы зможам спакойна выконваць мэты й задачы, якія мы паклалі ў наш Статут і дзеля якіх аб’ядналася такая вялікая колькасьць людзей у шэрагах нашай арганізацыі.
Сумоўе бакоў, на якім плянуецца вызначыць дату судовага паседжаньня, мае адбыцца ў Вярхоўным Судзе ў аўторак, 23 верасьня, а 10-й гадзіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства